Перайсьці да зьместу

Ягор Рыбакоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ягор Рыбакоў
Егор Владимирович Рыбаков
Род дзейнасьці Журналіст
Дата нараджэньня 20 кастрычніка 1971 (53 гады)
Месца нараджэньня Новасыбірск, Расейская СФСР, СССР
Грамадзянства Беларусь
Месца вучобы
Занятак журналіст
Бацька Уладзімер Рыбакоў
Дадаткова 2-старшыня Белтэлерадыёкампаніі (2001—2004)

Ягор Рыбакоў — беларускі журналіст расейскага паходжаньня, які на пасадзе старшыні русіфікаваў вяшчаньне Белтэлерадыёкампаніі (БТРК) цягам 2001—2003 гадоў[1][2].

Ва ўзросьце 5 гадоў зь сям’ёй пераехаў у Магілёў, куды бацькоў запрасілі працаваць на аўтазавод імя Кірава. Скончыў Магілёўскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут (1994), дзе меў вольнае наведваньне заняткаў, па спэцыяльнасьці выкладнік беларускай мовы і літаратуры.

З 18 гадоў паўтара году працаваў вядучым ранішняй радыёперадачы[3]. Працаваў рэдактарам Магілёўскага абласнога камітэта па тэлебачаньні і радыёвяшчаньню (1991), адмысловым карэспандэнтам, загаднікам аддзела рэдакцыі абласной газэты «Магілёўскія ведамасці» (1991—1994), вядучым адмыслоўцам управы грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (1994), старшынём Магілёўскага абласнога тэлерадыёаб’яднаньня (1994—2000), першым намесьнікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі (ліпень 2000—2001), старшынём Белтэлерадыёкампаніі (19 кастрычніка 2001[4]—2004). 12 ліпеня 2003 г. перадаў ФМ-частасьці беларускамоўнай радыёстанцыі «Сталіца» з ахопам звыш 80% насельніцтва краіны навастворанай ім расейскамоўнай «Радыюс-ФМ»[5].

13 лютага 2004 г. Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь выклікала яго на допыт, пасьля якога яго затрымалі і ўзбудзілі супраць яго крымінальную справу па фактах злоўжываньняў службовымі паўнамоцтвамі, крадзяжоў і атрыманьня хабараў ад кіраўнікоў прадпрыемстваў за ўхваленьне дамоваў[6]. Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь зьмясьціў яго ў свой сьледчы ізалятар[7]. 11 лютага 2005 г. Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь вырак яго на 11 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем у папраўча-працоўнай калёніі ўзмоцненага рэжыму, канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем права займаць адказныя пасады на працягу 5 гадоў за атрыманьне хабару ў асабліва буйных памерах, злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі і «адмываньне» злачынных даходаў, як і пастанавіў спагнаць на карысьць БТРК 212 933 тыс. беларускіх рублёў[8] ($98 183). Увесну 2006 г. тэрмін скарацілі на год паводле амністыі. 20 чэрвеня А. Лукашэнка скараціў тэрмін сваім указам яшчэ на 2 гады[9]. 29 сакавіка 2010 г. яго вызвалілі ўмоўна датэрмінова[10].

  1. ^ Тацяна Падаляк. Калі ласка, спытайце ў Рыбакова // Зьвязда : Газэта. — 8 кастрычніка 2003. — № 254 (24938). — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Андрусь Хваёвы. Хто зьнішчыў беларускае радыё // Тут і цяпер, 24 жніўня 2010 г. Праверана 30 красавіка 2013 г.
  3. ^ Тацяна Падаляк. Ягор Рыбакоў і «новая гісторыя тэлебачаньня» // Зьвязда : Газэта. — 23 студзеня 2002. — № 13 (24392). — ISSN 1990-763x.
  4. ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 599 // Зьвязда : Газэта. — 20 кастрычніка 2001. — № 215 (24331). — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Алена Аўчыньнікава. Будзь у радыюсе // Зьвязда : Газэта. — 11 ліпеня 2003. — № 171-172 (24855-24856). — ISSN 1990-763x.
  6. ^ Ігар Грышын. Затрыманы былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў // Зьвязда : Газэта. — 18 лютага 2004. — № 42 (25055). — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Мікола Дзябёла. Ягор Рыбакоў абвінавачваецца ў хабарніцтве // Зьвязда : Газэта. — 25 лютага 2004. — № 49 (25062). — ISSN 1990-763x.
  8. ^ Мікола Дзябёла. Ягор Рыбакоў асуджаны на 11 гадоў // Зьвязда : Газэта. — 12 лютага 2005. — № 25 (25357). — ISSN 1990-763x.
  9. ^ Лукашэнка зьняў з Рыбакова два гады турмы // Радыё «Свабода», 20 чэрвеня 2010 г. Праверана 30 красавіка 2013 г.
  10. ^ Экс-кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў вызваліўся з калёніі // Наша Ніва, 29 сакавіка 2010 г. Праверана 30 красавіка 2013 г.