Вікіпэдыя:Магчымасьць праверкі
Гэтая старонка — частка правілаў Вікіпэдыі. Пададзеным тут нормам мусяць падпарадкоўвацца ўсе ўдзельнікі. Перад рэдагаваньнем упэўніцеся, што зьмены адпавядаюць пагадненьню. Калі маеце сумневы, сьпярша абмяркуйце зьмены на старонцы абмеркаваньня. |
Скарачэньне: ВП:ПРАВЕРКА |
---|
Асноўны сэнс сьцісла: Цытаты і ўсякую інфармацыю, якую могуць паставіць пад сумнеў, трэба пацьвярджаць крыніцамі, вартымі даверу — у чытача мае быць магчымасьць пераканацца ў яе дакладнасьці. |
Падставай даданьня ў Вікіпэдыю інфармацыі зьяўляецца не яе «праўдзівасьць», а магчымасьць праверкі. Гэта значыць, што ў чытача мае быць магчымасьць пераканацца ў тым, што пададзены ў Вікіпэдыі матэрыял ужо апублікавалі ў крыніцах, вартых даверу. Аўтары артыкулаў мусяць дадаваць такія крыніцы да цытатаў і іншай інфармацыі, якую могуць паставіць або ўжо паставілі пад сумнеў, — у адваротным выпадку гэтыя зьвесткі могуць выдаліць.
Магчымасьць праверкі інфармацыі ня варта блытаць зь яе даступнасьцю ў інтэрнэце. Зьвесткі, прыведзеныя ў папяровым выданьні, могуць цалкам задавальняць патрабаваньням магчымасьці праверкі, нават калі асобны ўдзельнік Вікіпэдыі ня мае магчымасьці атрымаць доступ да гэтага выданьня. Наадварот, разьмешчаная ў інтэрнэце інфармацыя можа не зьяўляцца верагоднай (напрыклад, калі незразумела, хто і на якіх падставах гэту інфармацыю разьмясьціў).
Магчымасьць праверкі — адно з трох асноўных правілаў стварэньня артыкулаў Вікіпэдыі. Іншыя два — гэта Вікіпэдыя:Нэўтральны пункт гледжаньня і Вікіпэдыя:Недапушчальнасьць арыгінальных дасьледаваньняў. Разам гэтыя тры правілы вызначаюць прымальныя для артыкулаў Вікіпэдыі тып і якасьць матэрыялу. Яны дапаўняюць адно аднаго, таму ня могуць разглядацца паасобку, і ўдзельнікам варта азнаёміцца з кожным зь іх. Прынцыпы, на якіх будуюцца гэтыя правілы, нельга парушаць іншымі правіламі або дамоўленасьцю ўдзельнікаў. Матэрыял на старонках гэтых правілаў можа рэдагавацца толькі ў мэтах ўдакладненьня і паляпшэньня разуменьня гэтых прынцыпаў.
Цяжар доваду
[рэдагаваць крыніцу]Скарачэньне: ВП:ЦЯЖАР |
---|
- Пра тое, як афармляць спасылкі на крыніцы, гл. Вікіпэдыя:Спасылкі на крыніцы.
У выпадку, калі хтосьці выказаў сумнеў наконт верагоднасьці прыведзеных у артыкуле зьвестак, спасылкі на крыніцы інфармацыі мусіць падаць той удзельнік, які дадаў у артыкул новыя або аднавіў раней выдаленыя зьвесткі. Усе цытаты і ўсякія факты, якія могуць паставіць або ўжо паставілі пад сумнеў, трэба падмацоўваць спасылкамі на аўтарытэтныя крыніцы[a], якія рэкамэндуецца афармляць у выглядзе зноскі[b]. Крыніцу трэба падаць выразна і дакладна, каб дазволіць чытачам знайсьці тэкст, які пацьвярджае сьцьверджаньне, што выклікала сумнеў.
У выпадку немагчымасьці падаць іншыя[c] аўтарытэтныя крыніцы на тэму артыкула, у Вікіпэдыі ня мае быць артыкула на гэтую тэму[d].
Усякае сьцьверджаньне, дададзенае без пазначэньня аўтарытэтнай крыніцы, могуць выдаліць, аднак удзельнік, які дадаў яго, можа запярэчыць, калі вы выдаліце зьвесткі, не даўшы яму магчымасьці падаць спасылкі на крыніцы. Калі вы жадаеце запытаць крыніцу на непацьверджанае сьцьверджаньне, вы можаце перанесьці гэтае сьцьверджаньне на старонку абмеркаваньня. Іншы спосаб — вы можаце зрабіць пазнаку, дадаўшы да сьцьверджаньня шаблён {{Няма крыніцы}}, да артыкула — {{Няма крыніц}}. Растлумачыце сваё рэдагаваньне ў поле «Апісаньне зьменаў» акна рэдагаваньня, а калі сьцьверджаньне, пастаўленае пад сумнеў, не зьяўляецца відавочна ацэнкавым ці неверагодным, лепш падрабязна растлумачце на старонцы абмеркаваньня, у зьвязку з чым гэтая інфармацыя выклікае сумневы. Вы можаце таксама пакінуць пазнаку на старонцы абмеркаваньня артыкула або нябачны HTML-камэнтар у выточным тэксьце артыкула.
Не пакідайце ў артыкулах не пацьверджаную крыніцамі інфармацыю надоўга, а ў выпадку інфармацыі пра людзей, якія цяпер жывуць, не пацьверджаная крыніцамі інфармацыя зьяўляецца, увогуле, недапушчальнай. Паводле Джымі Ўэйлза:
Не магу не падкрэсьліць гэта асоба. Пэўныя аўтары маюць звычку пазначаць ўсякую выпадковую гіпатэтычную псэўдаінфармацыю з разраду «я гэта дзесьці чуў» шаблёнам {{Няма крыніцы}}. Гэта няслушны падыход. Такую інфармацыю трэба бязьлітасна выдаляць, калі яе не магчыма пацьвердзіць крыніцамі. Гэта датычыцца ўсякай інфармацыі, але асабліва — нэгатыўнай інфармацыі пра людзей, якія жывуць цяпер.
Арыгінальны тэкст (анг.)I can NOT emphasize this enough. There seems to be a terrible bias among some editors that some sort of random speculative 'I heard it somewhere' pseudo information is to be tagged with a 'needs a cite' tag. Wrong. It should be removed, aggressively, unless it can be sourced. This is true of all information, but it is particularly true of negative information about living persons.— Джымі Ўэйлз[1]
Вікіпэдыя:Не даводзьце да абсурду
[рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Вікіпэдыя:Не даводзьце да абсурду
Хоць запыт крыніцаў, у прынцыпе, мае на мэце падвышэньне якасьці Вікіпэдыі, празьмерна частая расстаноўка шаблёну пра адсутнасьць крыніцаў у артыкуле, грубіянскае стаўленьне да ўнёску пачаткоўцаў, злоўжываньне выдаленьнем інфармацыі без крыніцаў, залішне суворае стаўленьне да артыкулаў-накідаў, падвышаная ўвага да артыкулаў аднаго аўтара, патрабаваньні падаць крыніцу да зьвестак, відавочна ня маючых сумневу, — усё гэта можа разглядацца як парушэньне рэкамэндацыі Вікіпэдыя:Не даводзьце да абсурду.
Крыніцы
[рэдагаваць крыніцу]Аўтарытэтныя крыніцы
[рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Вікіпэдыя:Крыніцы, вартыя даверу
Артыкулы мусяць засноўвацца на надзейных пабочных крыніцах, якія практыкуюць праверку апублікаваных фактаў[e]. Аўтарытэтныя крыніцы трэба прыводзіць, каб, па-першае падаць довады сьцьверджаньняў, якія зьмяшчаюцца ў артыкуле, а па-другое, паказаць на іх аўтарства і выданьне, з мэтай пазьбегнуць плагіяту і парушэньня аўтарскіх правоў. Крыніцы мусяць беспасярэдне пацьвярджаць інфармацыю, прыведзеную ў артыкуле, а таксама мусяць адпавядаць наступнаму правілу: неардынарныя сьцьверджаньні патрабуюць выняткова сур'ёзных крыніцаў.
Усе артыкулы мусяць прытрымлівацца нэўтральнага пункту гледжаньня, бесстароньне прыводзячы меркаваньні як пераважныя, так і значнай меншасьці, апублікаваныя ў аўтарытэтных крыніцах, у прыкладнай адпаведнасьці з ступеньню пашырэньня кожнага зь іх. Малапашыраныя пункты гледжаньня і сумнеўныя тэорыі прыводзіць няма патрэбы з выняткам артыкулаў, беспасярэдне прысьвечаных ім.
Найбольш надзейнымі крыніцамі зьяўляюцца рэцэнзаваныя часопісы і навуковыя публікацыі ВНУ, навучальныя дапаможнікі для вышэйшай школы, пэрыядычныя выданьні і кнігі, што выпускаюцца паважанымі выдавецтвамі. Наогул, чым стараньней тое або іншае выданьне падыходзіць да праверкі фактаў, аналізу юрыдычных аспэктаў, разгляду довадаў і аргумэнтаў, тым больш даверу да яго.
Акадэмічныя і рэцэнзаваныя публікацыі — гэта найбольш значныя і, звычайна, найбольш надзейныя крыніцы ў сваіх галінах ведаў, такіх як гісторыя, мэдыцына, матэматыка, прыродазнаўчыя навукі. Матэрыялы з аўтарытэтных неакадэмічных крыніцаў таксама можна выкарыстаць у гэтых галінах, асабліва калі гаворка ідзе пра паважаныя выданьні, якія выказваюць агульнапрыняты пункт гледжаньня. Правамернасьць выкарыстаньня той або іншай крыніцы заўсёды залежыць ад пэўнай сытуацыі. У выпадку супярэчнасьцяў паміж крыніцамі, з тэксту мае быць ясна, якога менавіта меркаваньня прытрымваецца кожная зь іх.
Наконт надзейнасьці тых або іншых крыніцаў гл. таксама Вікіпэдыя:Крыніцы, вартыя даверу (ВП:КВД). З той прычыны, што правілы маюць перавагу над рэкамэндацыямі, то ў выпадку, калі гэтае правіла супярэчыць ВП:КВД, прыярытэт аддаецца менавіта гэтаму правілу, а ВП:КВД мае прыводзіцца ў адпаведнасьць да яго. Каб абмеркаваць надзейнасьць пэўных крыніцаў зьвяртайцеся да адміністратараў.
Крыніцы сумнеўнай надзейнасьці
[рэдагаваць крыніцу]Скарачэньне: ВП:СУМНЕЎ |
---|
Крыніцы сумнеўнай надзейнасьці — гэта крыніцы з дрэннай рэпутацыяй у частцы праверкі фактаў. Да іх належаць вэб-старонкі і публікацыі, што выказваюць погляды, агульнапрызнаныя як экстрэмісцкія, публікацыі рэклямна-прапагандысцкага характару, або заснаваныя пераважна на чутках і прыватных меркаваньнях. Крыніцы сумнеўнай надзейнасьці маюць выкарыстоўвацца толькі ў артыкулах пра іх саміх (гл. ніжэй). Пры гэтым, у такіх артыкулах ня варта паўтараць ніякіх спрэчных сьцьверджаньняў з гэтых крыніцаў датычна трэціх асобаў, калі толькі такія сьцьверджаньні не публікаваліся аўтарытэтнымі крыніцамі.
Самастойна апублікаваныя крыніцы (анлайнавыя і друкаваныя)
[рэдагаваць крыніцу]Скарачэньне: ВП:БЛОГІ |
---|
Кожны чалавек у стане стварыць вэб-староку або аплаціць выданьне кнігі і потым абвясьціць сябе экспэртам у нейкай галіне. Паводле гэтага чыньніка выдадзеныя на сродкі аўтара кнігі, інфармацыйныя бюлетэні, пэрсанальныя вэб-сайты, агульнадаступныя вікі-сайты, блогі, вэб-форумы і аналягічныя крыніцы галоўным чынам зьяўляюцца непрымальнымі як крыніцы інфармацыі[f].
Матэрыялы, апублікаваныя самім аўтарам, пры пэўных акалічнасьцях могуць быць прымальнымі ў якасьці крыніцы — калі аўтар зьяўляецца прызнаным экспэртам у тэме артыкула, а яго працы ў гэтай галіне раней публікаваліся ў аўтарытэтных іншых выданьнях. У кожным разе, пры выкарыстаньні такіх крыніцаў варта быць асьцярожным — калі пададзеную інфармацыю варта апублікаваць, яе, відаць, ужо апублікавалі або згадалі аўтарытэтныя крыніцы.
Самастойна апублікаваныя крыніцы ніколі ня варта выкарыстоўваць у якасьці іншых крыніцаў датычна людзей, якія жывуць цяпер, нават калі аўтар — агульнапрызнаны прафэсійны дасьледнік або пісьменьнік.
Артыкулы і нататкі ў Вікіпэдыі нельга выкарыстоўваць у якасьці крыніцаў.
Выкарыстаньне самастойна апублікаваных і сумнеўных крыніцаў у артыкулах, прысьвечаных ім самім
[рэдагаваць крыніцу]Скарачэньне: ВП:ПРАСЯБЕ |
---|
Матэрыялы публікацыяў, выдадзеных на сродкі аўтара, а таксама матэрыялы з сумнеўных крыніцаў можна выкарыстаць у якасьці крыніцаў у артыкулах, прысьвечаных ім самім, калі яны:
- маюць беспасярэдняе дачыненьне да прадмету артыкула;
- ня ўтрымоўваюць спрэчных сьцьверджаньняў;
- ня маюць на сваёй мэце самаўсхваленьне ці самарэкляму;
- не закранаюць інтарэсы трэціх асобаў;
- не датычацца падзеяў і фактаў, якія ня маюць беспасярэдняга дачыненьня да прадмету;
- у артыкуле ўтрымоўваецца недвухсэнсоўнае пазначэньне крыніцы інфармацыі і артыкул не засноўваецца толькі на крыніцах падобнага роду.
Іншамоўныя крыніцы
[рэдагаваць крыніцу]Скарачэньне: ВП:ІНШАМОЎ |
---|
Разьдзел Вікіпэдыі на беларускай мове прызначаецца для беларускамоўных карыстальнікаў, і таму дзеля іх зручнасьці перавага мае аддавацца беларускамоўным, а не іншамоўным крыніцам, пры ўмове даступнасьці беларускамоўных крыніцаў роўнай якасьці, каб не ствараць чытачам цяжкасьцяў з праверкай слушнасьці выкарыстаньня выходных матэрыялаў.
Помніце, аднак, што ў перакладах могуць сустракацца памылкі незалежна ад таго, зрабілі іх аўтары Вікіпэдыі або прафэсійныя перакладнікі. Важна, каб пры згадваньні або цытаваньні іншамоўных крыніцаў чытачы мелі магчымасьць самастойна праверыць, што менавіта гаворыцца ў арыгінальных матэрыялах, ці публікаваліся яны ў вартым даверу выданьні і ці слушна іх пераклалі.
Таму, пры выкарыстаньні ў артыкуле іншамоўных матэрыялаў:
- Там, дзе гаворка ідзе пра беспасярэдняе цытаваньне, апублікаваны прафэсійны пераклад мае перавагу над перакладам, зробленым аўтарамі артыкула;
- Там, дзе аўтары выкарыстоўваюць у якасьці цытаты свой уласны пераклад іншамоўных крыніцаў, яго мусіць суправаджаць даслоўная цытата адпаведнага тэксту на мове арыгінала, каб чытачы маглі пераканацца ў тым, што арыгінальны тэкст узгадняецца з зробленым перакладам. Такую цытату можна прывесьці ў зносцы, каб не замінаць асноўнаму тэксту артыкула;
- Там, дзе аўтары выкарыстоўваюць пераказ іншамоўнага меркаваньня або запазычваюць зь іншамоўнай крыніцы нейкія пэўныя факты, у зносцы варта прывесьці даслоўную цытату адпаведнага тэксту на мове арыгінала, каб чытачы маглі пераканацца ў правільнасьці выкарыстаньня.
Неардынарныя сьцверджаньні маюць патрэбу ў выняткова сур'ёзных крыніцах
[рэдагаваць крыніцу]Неардынарныя сьцьверджаньні маюць патрэбу ў выняткова сур’ёзных крыніцах. Адмысловае значэньне варта надаваць праверцы абгрунтаванасьці сьцьверджаньняў, якія вылучаюцца на агульным фоне:
- нечаканых або неймаверна значных сьцьверджаньняў, якія ня маюць шырокай вядомасьці;
- нечаканых або неймаверна значных зьвестак пра гістарычныя падзеі, не асьветленых у асноўных мас-мэдыя або гісторыяграфічных крыніцах;
- паведамленьняў пра заявы тых або іншых асобаў, якія выглядаюць для іх нехарактэрнымі, спрэчнымі або сумнеўнымі, выстаўляюць іх у невыгодным сьвеце або супярэчаць іх ранейшым поглядам;
- сьцьверджаньняў, якія супярэчаць таму меркаваньню, што карыстаецца падтрымкай навуковай супольнасьці ў адпаведнай галіне. Адмысловую асьцярожнасьць варта выяўляць у выпадках, калі прыхільнікі такіх сьцьверджаньняў спасылаюцца на існаваньне нейкай змовы з мэтай утойваньня такіх сьцьверджаньняў.
Каб дадаць у Вікіпэдыю неардынарныя сьцьверджаньні трэба грунтавацца на найлепшых з даступных крыніцаў, але аднаго гэтага недастаткова — такія матэрыялы варта выкарыстоўваць толькі пры ўмове, што гэтыя крыніцы надзейныя. Варта таксама пераканацца, што пры гэтым вы не парушаеце і іншых правіл, якія тычацца, напрыклад, разьмяшчэньня зьвестак пра людзей, якія жывуць цяпер, і не надаяце залішняй значнасьці малапашыраным меркаваньням. Асабліва важна выконваць патрабаваньне стараннага адбору якасных крыніцаў да неардынарных сьцьверджаньняў, якія тычацца навуковых і мэдычных тэмаў, гістарычных падзеяў, вострых палітычных праблемаў і біяграфіяў людзей, якія жывуць цяпер.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць крыніцу]- Вікіпэдыя:Крыніцы, вартыя даверу
- Вікіпэдыя:Спасылкі на крыніцы
- Вікіпэдыя:Нэўтральны пункт гледжаньня
Заўвагі
[рэдагаваць крыніцу]- ^ Гэта ня значыць, што крыніцы трэба дадаваць абсалютна да ўсіх сьцьверджаньняў артыкула. Калі ад іншых удзельнікаў не паступае пытаньняў наконт верагоднасьці сьцьверджаньня і неабходнасьці паставіць спасылку на крыніцу, а аўтар дадатку да артыкула лічыць, што сьцьверджаньне не зьяўляецца ключавым і яго можна праверыць паводле крыніцаў, пададзеных раней або прыведзеных у канцы артыкула, не зьяўляецца спасылкай на фактычныя зьвесткі (напрыклад, колькасьць або памеры), не ўтрымоўвае неардынарных зьвестак, то ў мэтах паляпшэньня чытэльнасьці артыкула крыніцу можна не пазначаць
- ^ У выпадку, калі нейкія зьвесткі ў Вікіпэдыі маюць патрэбу ў пацьверджаньні, традыцыйна выкарыстоўваецца зноска ў тэксьце на крыніцу гэтых зьвестак. Менавіта такі падыход зьяўляецца найлепшым спосабам праверкі таго, ці ўзгадняюцца прыведзеныя зьвесткі з інфармацыяй, якую трэба пацьвердзіць. Існуе і іншы прымальны спосаб — падаць у тэксце выразнае і дакладнае аўтарства дададзенага ў артыкул меркаваньня — але ўсё ж перавага аддаецца зноскам, каб у меншай ступені загрувашчваць цела артыкула. Больш падрабязна гл. Вікіпэдыя:Спасылкі на крыніцы
- ^ Пад «іншымі» маюцца на ўвазе крыніцы, якія не злучаюцца дачыненьнямі залежнасьці, прыналежнасьці, аўтарства, супольнай дзейнасьці і г.д. з прадметам артыкула і/або яго стваральнікамі. Напрыклад, у гэтым сэнсе інтэрв'ю з рэжысэрам фільму на афіцыйным сайце фільму не зьяўляецца пабочнай крыніцай пра фільм, а інтэрв'ю зь ім жа на старонках неаффіляваннай аўтарытэтнай крыніцы зьяўляецца пабочнай крыніцай. У артыкулах пра аб'екты выдуманых сьветаў іншай крыніцай могуць служыць працы стваральніка гэтага сьвету: яго інтэрв'ю, артыкулы, кнігі, у якіх ён выкладае гісторыю стварэньня сьвету, характарыстыкі пэрсанажаў і г.д. Аднак, гэта пашыраецца толькі на сьветы энцыкляпэдычна значных мастацкіх твораў і аўтаматычна не забясьпечвае энцыкляпэдычную значнасьць саміх артыкулаў
- ^ Гэта не азначае, што артыкулы, дзе можна падаць крыніцы, якія зь нейкіх прычынаў пакуль не падалі, варта выдаляць
- ^ Пад словам «крыніца» ў Вікіпэдыі маюцца на ўвазе тры рэчы: сама праца, яе аўтар і выдавец. Гэтая лучнасьць і вызначае давер (аўтарытэтнасьць) крыніцы
- ^ Пад «блогамі» ў гэтым кантэксьце маюцца на ўвазе пэрсанальныя і групавыя блогі. Пэўныя інфармацыйныя сайты зьмяшчаюць інтэрактыўныя калёнкі, якія яны завуць блогамі, але яны могуць быць прымальнымі ў якасьці крыніцаў, калі іхныя аўтары зьяўляюцца адмыслоўцамі ў сваёй галіне, а сам блог знаходзіцца пад поўным рэдакцыйным кантролем інфармацыйнага сайту. У выпадку, калі навінавае выданьне публікуе меркаваньні прафэсіяналаў, але не бярэ на сябе адказнасьці за іх, абавязкова мае паказвацца аўтар адпаведнага меркаваньня (напрыклад, «Ян Карповіч лічыць …»). Камэнтары, пакінутыя чытачамі, ніколі не могуць выкарыстоўвацца як крыніцы
Крыніцы
[рэдагаваць крыніцу]- ^ Wales, Jimmy. Zero information is preferred to misleading or false information, 16 траўня 2006 г.