Перайсьці да зьместу

Вікіпэдыя:Будзьце рашучымі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Вікіпэдыя:Выпраўляйце сьмялей»)
Скарачэньне:
ВП:БР

Ня бойцеся рэдагаваць!

[рэдагаваць крыніцу]

Супольнасьць Вікіпэдыі заахвочвае сваіх удзельнікаў не саромецца выпраўляць артыкулы. Калі кожны будзе дадаваць свой унёсак у разьвязаньне праблемаў, такіх як дапаўненьне артыкулаў фактамі, выпраўленьне артаграфіі, граматыкі, стылю і г. д., гэта дапаможа нашай Вікіпэдыі разьвівацца. Нам патрабуецца дапамога кожнага ўдзельніка. Пэўна, ня раз вы чыталі нейкі артыкул і думалі: «Чаму тут няма вось гэткіх зьвестак?» альбо «Чаму б не паправіць вось тут і тут?» Вікіпэдыя дазваляе вам рабіць гэта, больш за тое, яна для гэтага і створаная. Вядома, яна патрабуе цывілізаванага падыходу і карэктнасьці, але гэта дзейнічае. Пабачыце.

Вашыя рэдагаваньні абавязкова заўважаць і, магчыма, зьменяць іншыя ўдзельнікі праекту. Не прымайце гэтага блізка да сэрца! Яны таксама, як і ўсе з нас, хочуць палепшыць Вікіпэдыю настолькі, наколькі гэта ўвогуле магчыма.

Калі вы ўбачыце на старонцы гутарак да пэўнага артыкулу канфлікт, не праходзьце міма. Будзьце рашучымі і дадайце сваё меркаваньне.

...але асьцярожна

[рэдагаваць крыніцу]

Хоць упэўненасьць удзельнікаў Вікіпэдыі ёсьць адной з найкаштоўных якасьцяў, усё ж ня варта кідацца рабіць велізарныя неабдуманыя рэдагаваньні ў памкненьнях зрабіць усё і адразу. Хоць усякія выпраўленьні можна скасаваць практычна бязь цяжкасьцяў, калі іх прызнаюць шкоднымі. Галоўнае — не турбавацца, заўважыўшы, што пасьля вас нехта надумаў зрабіць усё іначай.

Пэўныя рэдагаваньні могуць выклікаць больш значныя наступствы, як у лепшы, так і ў горшы бакі. Гэта тычыцца правак спэцыяльных старонак, стварэньня новых катэгорыяў або, напрыклад, перайменаваньняў старонак. Таму перад падобнымі выпраўленьнямі ўпэўніцеся, калі ласка, што вы добра ўсьведамляеце ўсе наступствы, або спытайцеся парады.

«Be Bold» стаўся нефармальным дэвізам Вікіпэдыі

Таксама варта асьцярожна ставіцца да ўнясеньня зьменаў у вялізныя артыкулы, артыкулы на складаныя тэмы, артыкулы зь вялікай гісторыяй выпраўленьняў, а таксама ў «Абраныя артыкулы». У большасьці выпадкаў зьмест такіх артыкулаў сфармаваўся пад уплывам дамоўленасьцяў паміж удзельнікамі Вікіпэдыі з абсалютна рознымі пунктамі гледжаньня. Таму неабдуманае рэдагаваньне такога артыкула можа абудзіць зьвера, што выкліча ланцуговую рэакцыю паўторных выпраўленьняў. Калі ж вы тым ня менш зьбіраецеся зрабіць значны дадатак у артыкул на спрэчную тэму, будзе лепш найперш прачытаць артыкул цалкам, а таксама старонку абмеркаваньня да гэтага артыкула. Магчыма, варта перад унясеньнем вялізнага выпраўленьня выкласьці сваю думку на старонцы абмеркаваньня і пачакаць прынамсі дзень, пакуль іншыя ўдзельнікі атрымаюць магчымасьць азнаёміцца з вашым меркаваньнем. Калі пратэстаў ня будзе, дадавайце свае зьмены, не забываючыся карыстацца полем «Кароткае апісаньне зьменаў», каб іншым было лягчэй арыентавацца ў гісторыі зьмяненьняў старонкі.

Ну а відавочныя памылкі ў Вікіпэдыі трэба выпраўляць, не чакаючы рэакцыі іншых удзельнікаў, і, зразумела, з дапаўненьнем слушнымі зьвесткамі.

Гаворачы словамі Эдмунда Спэнсара, «Будзьце рашучымі, будзьце рашучымі, будзьце рашучымі ўсюды», аднак «Не захапляйцеся».

Неэнцыкляпэдычныя старонкі

[рэдагаваць крыніцу]

З асаблівай асьцярогай трэба ставіцца да рэдагаваньня іншых старонак, якія існуюць для падтрыманьня дзеяздольнасьці Вікіпэдыі. У гэтым выпадку болей падыходзіць выраз «ня будзьце неабачлівымі».

Дапаўненьні або выпраўленьні ў катэгорыях і шаблёнах Вікіпэдыі могуць выклікаць значныя наступствы, бо падобныя праўкі звычайна выклікаюць зьмяненьне зьместу мноства старонак. А шаблёны Вікіпэдыі могуць утрымліваць складаны код, слушнасьць якога цяжка прааналізаваць на выгляд, без тэставаньня. Што праўда, адкаціць зьмены ў такім разе будзе значна прасьцей, чым выпраўляць дададзеныя хібы.

Калі вы зьбіраецеся загрузіць новую выяву або іншы мэдыяфайл, варта ўпэўніцца, што файл з такім сама імем яшчэ адсутнічае, каб ня страціць яго. Калі ж гэтак здараецца — што ж, будзьце рашучымі ў дабаўленьні апісаньня да раней загружанага файла. Гэта дапаможа прасьцей яго адшукаць.

Непажадана рэдагаваць асабістыя старонкі іншых удзельнікаў або камэнтары, пакінутыя імі на старонках абмеркаваньняў. Аднак выдаленьне вандалізму заўжды вітаецца нават на гэтых старонках.

Глядзіце таксама

[рэдагаваць крыніцу]