Пляжны валейбол
Пля́жны валейбо́л — папулярны від спорту, гульня на падзеленай высокай сеткай пяшчанай пляцоўцы, у якой дзьве каманды, зьмешчаныя па розныя бакі сеткі, перакідаюць празь яе мяч, як правіла, рукамі, з мэтай прызямліць яго на чужой палове й не дапусьціць падзеньня мяча на сваёй палове пляцоўкі.
Пляжны валейбол разьвіўся як самастойны від спорту з клясычнага валейболу. Паміж двума відамі спорту існуе шмат агульнага, але ёсьць і істотныя адрозьненьні ў правілах і тэхніцы гульні. Пляжны валейбол, апроч традыцыйных для валейбалістаў скакучасьці, добрай рэакцыі, сілы, пачуцьця мяча, патрабуе асаблівай атлетычнасьці (у гульні на пяску спартоўцам даводзіцца часьцей зьдзяйсьняць скачкі й рыўкі) і цягавітасьці (матчы, у якіх замена гульцоў у камандах правіламі не прадугледжаная, часта праходзяць ва ўмовах высокай тэмпэратуры, пры яркім сонцы ці пры дажджы й моцным ветры, да таго ж звычайнай практыкай зьяўляецца правядзеньне адной камандай некалькіх гульняў у дзень)
Важнай якасьцю для гульцоў зьяўляецца ўнівэрсалізм, бо каманда ў пляжным валейболе складаецца ўсяго з двух чалавек. Гульцы не падзеленыя па амплюа й разьмяшчаюцца на пляцоўцы вольна, аднак у шматлікіх камандах можна вылучыць высокага блякавальнага й меней высокага, але больш рухомага абаронцу (даігроўшчыка), вызваленага ад працы на блёку.
Галоўным кіруючым органам у пляжным валейболе зьяўляецца Міжнародная рада па пляжным валейболе, якая ўваходзіць у склад FIVB — Міжнароднай фэдэрацыі валейболу. З 1996 году біч-волей прысутнічае ў спаборніцкай праграме Алімпійскіх гульняў. Найбуйнейшымі спаборніцтвамі, апроч алімпійскіх турніраў, зьяўляюцца чэмпіянаты сьвету, якія праводзяцца адзін раз у два гады; Сусьветны тур — штогадовае камэрцыйнае спаборніцтва, якое складаецца зь некалькіх этапаў, арганізаванае аналягічна тэнісным ATP- і WTA-турам; турніры, што праводзяцца рэгіянальнымі канфэдэрацыямі, якія ўваходзяць у FIVB.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пляжны валейбол — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў