Баўгары ва Ўкраіне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Глеб Бераставы (гутаркі | унёсак) у 23:22, 18 красавіка 2014. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.

Баўга́ры ва Ўкраі́не (па-ўкраінску: болгари в Україні) — адна з нацыянальных меншасьцяў ва Ўкраіне, прадстаўнікі якой маюць паселішчы на поўдні краіны й складаюць значную частку ад насельніцтва ў Адэскай вобласьці.

Колькасьць і расьсяленьне

Колькасьць баўгараў ва Ўкраіне ацэньваецца ў больш за 140 000 чалавек, пры гэтым перапіс насельніцтва ва Ўкраіне 2001 году засьведчыў наяўнасьць у краіне 204 574 баўгараў уключна зь невялікай колькасьцю пазьнейшых мігрантаў. Баўгары Ўкраіны складаюць большасьць ад насельніцтва ў Балградзкім раёне, значную дзелю насельніцтва — у іншых раёнах поўдня Адэскай вобласьці (г.зв. Буджак). Пэўная частка баўгараў перасяляецца ў абласны цэнтар.

Найпрыкметныя дзелі баўгараў ад насельніцтва рэгіёнаў Украіны засьведчаныя ў наступных вобласьцях:

Баўгары Адэскае вобласьці складаюць 74% ад усіх украінскіх баўгараў. У Буджаку баўгары зьяўляюцца другой паводле колькасьці нацыянальнасьцю (20,9%), саступаючы толькі ўкраінцам (40,2%). У гэтым рэгіёне баўгары згодна са зьвесткамі перапісу 2001 году складалі большасьць насельніцтва ў Балградзкім раёне (60,8%), адносную большасьць — у Таруцінскім і Арцыскім раёнах, 37,5% і 39,0% адпаведна. Значныя баўгарскія грамады пражываюць у іншых раёнах паўднёвай часткі Адэскай вобласьці, а таксама ў некаторых раёнах іншых паўднёвых рэгіёнаў Украіны: Іванаўскі раён — 11,2%, Альшанскі — 9,8%, Прыазоўскі, Прыморскі, Бярдзянскі раёны.

Гісторыя

XVIII—ХІХ стст.

Народы Буджаку.

     баўгары

Сучасныя баўгары ва Ўкраіне вядуць сваё паходжаньне ад перасяленцаў, якія пасяліліся на поўдні сучаснай Украіны напрыканцы XVIII — пачатку ХІХ стст. пасьля тагачасных расейска-турэцкіх войнаў, асабліва моцныя баўгарскія перасяленчыя хвалі паўсталі пасьля расейска-турэцкай войнаў 18061812 і 18281829 гг. Перасяленцы эмігравалі ў асноўным з усходу сучаснай Баўгарыі, пры гэтым у тым ліку былі баўгары, якія былі нашчадкамі перасяленцаў з захаду краіны пэрыяду XVIII ст. Сярод жыхароў Баўгарыі, што перасяляліся ва Ўкраіну, былі таксама альбанцы, якія некаторы час да гэтага пасяліліся на ўсходзе Баўгарыі. Па перасяленьні ва Ўкраіну баўгары засноўвалі ўласныя сёлы (каля 64) і нават месты (Балград, 1819).

У 1856 годзе паводле Парыскае дамовы Буджак быў падзелены на паўднёвы захад з гарадамі Балград, Ізмаіл і Кілія, які трапіў у склад Малдовы, і паўночны ўсход, які працягнуў быць часткай Расейскай імпэрыі. 28 чэрвеня 1858 году ў Балградзе была заснаваная баўгарская гімназія, якая аказала сур'ёзны ўплыў на разьвіцьцё баўгарскай адукацыі й культуры і стала першай сучаснай баўгарскай навучальнай установай гэтага ўзроўню.

У 1861 годзе ў Расею пераехала каля 20 тысячаў баўгараў з румынскае часткі Бэсарабіі, гэтым пасяленцам былі вылучаныя нагайскія землі былога Крымскага ханства ў Таўрычнай губэрні. Гэтая частка баўгараў пазьней заклала асаблівую этнаграфічную групу г.зв. таўрычных баўгараў.

З 1878 году ўвесь рэгіён канчаткова апыняецца ў складзе Расейскай імпэрыі, з гэтага часу сярод баўгараў пачала пашырацца русіфікацыйная палітыка, а мноства багарскіх інтэлектуалаў мігравала назад у Баўгарыю з нагоды заснаваньня Баўгарскага княства. У Расеі баўгарская меншасьць стала пазбаўляцца правоў, атрыманых ёю ў Румыніі.

ХХ ст.

Пасьля рэвалюцыі й распаду Расейскай імпэрыі Бэсарабія (гістарычны рэгіён, які ўключае сучасную Малдову без Прыднястроўя й поўдзень Адэскай вобласьці) трапіла ў склад Румыніі. У адрозьненьне ад ранейшага пэрыяду румынскага панаваньня большая частка баўгарскіх культурных і адукацыйных правоў былі ўрэзаныя, што стала адным з фактараў Татарбунарскага паўстаньня 1924 году.

У 1925 годзе ў Мелітопальскай акрузе УССР было створана два баўгарскія нацыянальныя раёны — Раманаўскі й Царавадарскі, у 1926 годзе ў Адэскай вобласьці — Вялікабуяліцкі, у 1927 годзе ў Першатраўневай акрузе — Альшанскі, якія ў 1933 годзе былі скасаваныя. У баўгарскіх населеных пунктах арганізоўваліся баўгарскія сельскія саветы, у раённых цэнтрах — баўгарскія судовыя органы ўлады, г.зв. судова-сьледчыя камэры. Так, напрыклад, у 1925 годзе колькасьць баўгарскіх сельскіх саветаў складала 33, да 1938 павялічыўшыся да 52[1]. Баўгары пражывалі ў асноўным кампактна, у 40 баўгарскіх сельскіх саветах было засяроджана 76% украінскіх баўгараў. 72,5% баўгарскіх школьнікаў атрымлівалі адукацыю ў баўгарскіх школах.

У 1920—30-х гадох на баўгарскай мове ва УССР выходзіла прэса: цэнтральная баўгарская газэта «Сьрп и чук» (з 1926 году — «Сьветско село», з 1930 — «Колективіст»), выданьні органаў улады Благоеўскага й Альшанскага раённых партыйных і выканаўчых камітэтаў — «Колективно поле», «Комунар», «Колхозен труд», часопісы «Бьди готов!», «Млад ударник», «Агротехник». Выданьнем мастацкага, грамадзка-палітычнага й літаратурнага напрамкаў займаліся баўгарскія сэктары Ўсеўкраінскае філіі Цэнтральнага выдавецтва (19261931 гг.) і Ўкраінскага дзяржаўнага выдавецтва нацыянальных меншасьцяў (19321941 гг.).

У баўгарскіх раёнах дзейнічалі баўгарскія школы, колькасьць якіх вырасла з 43 у 1924 годзе да 57 у 1938, у іх навучалася адпаведна 4314 і 11 264 вучні. Кадры для баўгарскіх раёнах рыхтавалі Днепрапятроўская баўгарская партыйная школы (створаная ў 1926 годзе, у наступным годзе пераведзеная ў Адэсу), Прэслаўскі пэдагагічны тэхнікум, аграрная прафэсійная школа і баўгарскія сэктары Адэскага пэдагагічнага й сацыяльна-гуманітарных інстытутаў, мэдычнага тэхнікуму ды тэатральнае вучэльні.

У 1924 годзе створаная баўнарская перасоўная тэатральная трупа, у 1934 годзе — баўгарскі тэатар-студыя імя Г. Дзімітрава[2].

Між тым, у 1930-х гадох у паўднёвай Украіне было рэпрэсавана каля 25 тысячаў прадстаўнікоў баўгарскай інтэлігенцыі, у тым ліку настаўнікі, інжынэры, сьвятары, аграномы, студэнты. Пад рэпрэсіўныя захады траплялі таксама камуністы-палітэмігранты, якія бралі ўдзел у паўстаньні ў Баўгарыі 1923 году і якія былі пераселеныя ў рэгіён загадам кіраўніка Савету Народных Камісараў УССР Х. Ракоўскага[3].

Пактам Молатава-Рыбэнтропа й савецкім ультыматумам Румыніі Бэсарабія была ўключаная ў склад СССР, дзе мясцовыя баўгары былі прызнаныя ў якасьці нацыянальнае меншасьці, але, тым ня менш, страцілі шэраг культурных самабытных рысаў. У 1944 годзе блізу 12,5 тысячаў баўгараў былі дэпартаваныя з Крыму.

У незалежнай Украіне

У 1980-х гадох узьнікнуў рух па адраджэньні мясцовай баўгарскай культуры, падчас якога пачаліся публікацыі газэтаў, стварэньне культурных і адукацыйных арганізацыяў, баўгарская мова пачала ўстанаўлівацца ў якасьці навучальнага прадмету ў мясцовых школах; гэтыя працэсы асабліва паскорыліся пасьля распаду Савецкага Саюзу.

Баўгарская адукацыя стала даступнай у Ізмаільскім пэдагагічным інстытуцем і на баўгарскім аддзяленьні філялягічнага факультэту Адэскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, якое было адчыненае ў 1995 годзе. У 1993 годзе ў Балградзе адчыненая баўгарска-ўкраінская гімназія. Настаўнікаў баўгарскае мовы й літаратуры рыхтуюць Адэскі й Львоўскі нацыянальны ўівэрсытэты, Кіеўскі славістычны ўнівэрсытэт, Ізмаільскі й Бярдзянскі пэдагагічныя інстытуты, настаўнікаў пачатковых клясаў — Белгарад-Днястроўская пэдагагічная вучэльня.

У месцах кампактнага пражываньня баўгараў Украіны арганізаваная пэрыядычная трансьляцыя радыёперадачаў і тэлевізійных праграмаў па-баўгарску (напрыклад, у Крыме ды Адэсе), пашыраная дзейнасьць калектываў мастацкае самадзейнасьці ды фальклёрна-этнаграфічныя фэстывалі. У Балградзкім раёне пасьля заканчэньня асноўных палёвых працаў штогод адбываецца сьвята-фэстываль традыцыяў грамадава-храмавых сходаў і сучасных фальклёрна-песенных выступаў.

Пры Нацыянальным Зьвязе пісьменьнікаў Украіны дзейнічае баўгарская сэкцыя, наладжанае выданьне кнігаў, падручнікаў і пэрыядычных выданьняў па-баўгарску. Прыкладам, з 1994 году выходзіць газэта «Роден край», у якой асьвячаюцца асноўныя падзеі ў духоўным жыцьці Ўкраіны ды Баўгарыі, публікуюцца ўзоры баўгарскае народнапаэтычнае творчасьці, інфармацыя пра фальклёрныя ансамблі й правядзеньне фэстываляў народнае творчасьці. Новую дзейнасьць разгарнулі такія баўгарскія арганізацыі як кіеўскае таварыства баўгарскай культуры «Родолюбіє», крымскае таварыства баўгараў імя П. Хляндарскага; Асацыяцыя баўгарскіх культурна-асьветніцкіх таварыстваў Украіны адчыніла ўласныя прадстаўніцтвы ў Кіеве, Адэсе, Сімфэропалі й Мікалаеве.

Працэсы баўгарскага культурнага адраджэньня абмяркоўваюцца на навуковых канфэрэнцыях і становяцца аб'ектам адпаведных дасьледаваньняў. У прыватнасьці, падобныя канфэрэнцыі адбыліся ў 1992 годзе ў Кіеве і ў 1993 годзе — у Адэсе, іх матэрыялы былі пакладзеныя ў аснову зборніку «Відродження мов і культур західних і південних слов'ян» (адраджэньне моваў і культураў заходніх і паўднёвых славянаў). Апрача таго, энтузіястамі разглядаюцца пытаньні сацыялінгвістычнага становішча баўгарскай мовы, выдадзены зборнік народных казак бэсарабскіх баўгараў «Късметлива Неда».

З 1993 году ва Ўкраіне дзейнічае Асацыяцыя баўгараў Украіны, у гэтым жа годзе заснаваная Асацыяцыя баўгарскіх нацыянальна-культурных таварыстваў і арганізацыяў; апошняя аб'ядноўвае сем мескіх арганізацыяў. Дзякуючы баўгарскай падтрымцы 24 траўня 1999 году ў дзень славянскай пісьмовасьці ды культуры ў Адэсе быў адкрыты Цэнтар баўгарскай культуры. Адбывалася сьвяткаваньне 250-х угодкаў баўгарскага перасяленьня ва Ўкраіну.

Мова

Асноўны артыкул: баўгарская мова ва Ўкраіне

Паводле зьвестак Усеўкраінскага перапісу насельніцтва 2001 году, 64,2% баўгараў Украіны ў якасьці ўласнай роднай мовы ўказалі баўгарскую, 30,3% — расейскую, 5% — украінскую, іншыя мовы — 0,5%.

Ніжэй прыведзеныя зьвесткі па зьмяненьні дзелі родных моваў баўгараў у перапісах 1979, 1989 і 2001 гадоў[4][5][6].

1979 1989 2001
баўгарская 68,3% 69,5% 64,2%
расейская 28,5% 27,2% 30,3%
украінская 2,8% 2,7% 5,0%
іншая 0,3% 0,6% 0,5%

Зьвесткі перапісу насельніцтва Ўкраіны 2001 году адлюстроўваюць наступнае вольнае валоданьне мовамі сярод баўгараў Украіны: расейскай — 89,7%, баўгарскай — 76,0%, украінскай — 42,2%[7]. Перапіс насельніцтва ў СССР засьведчыў наступнае валоданьне мовамі сярод баўгараў УССР: расейскай — 89,0%, баўгарскай — ~80,0%, украінскай — 11,1[5].

Раёны й месты кампактнага пражываньня баўгараў паводле вынкаў перапісу насельніцтва 2001 году.

Населеныя пункты, у якіх баўгарскую мову пазначылі як родную большасьць насельніцтва ад гэтых населеных пунктаў[8].

Баўгарская мова мае рэгіянальны статус у Балградзкім раёне Адэскае вобласьці[9]. Гэта стала мажлівым пасьля ратыфікацыі Ўкраінай у 2012 годзе Эўрапейскай Хартыі рэгіянальных моваў, рэгіянальны статус можа быць нададзены мове, носьбіты якой складаюць ня менш за 10% ад насельніцтва любой адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі; гэты статус дазваляе мове выкарыстоўвацца пры выкананьні мясцовых паўнамоцтваў поруч зь дзяржаўнай украінскай мовай.

Заўвагі

  1. ^ Роўненскай сельскай рады.
  2. ^ Яўгенаўскай сельскай рады.
  3. ^ Перамоскай сельскай рады.

Крыніцы

  1. ^ Державин Н. С. Болгарские колонии Новороссийского края. Херсонская и Таврическая губернии. Симферополь, 1908.
  2. ^ Сохань П. С. Очерки истории украинско-болгарских связей. — К.: 1976.
  3. ^ Виржиния Стоянова. София нехае за таврическите българи // Стандарт.
  4. ^ Усеўкраінскі перапіс насельніцтва '2001. Разьмеркаваньне насельніцтва паводле нацыянальнасьці й роднае мовы; сельскай і мескай мясцовасьцяў, плоці, рэгіёну (укр.). Усеўкраінскі перапіс насельніцтва '2001. Праверана 18 красавіка 2014 г.
  5. ^ а б Зьвесткі перапісу насельніцтва ў СССР 1989 г.
  6. ^ Зьвесткі перапісу насельніцтва ў СССР 1979 г.
  7. ^ Усеўкраінскі перапіс насельніцтва '2001. Нацыянальны склад насельніцтва, грамадзянства. Разьмеркаваньне насельніцтва асобных нацыянальнасьцяў паводле іншых моваў, акрамя роднай, якімі валодаюць; разьмеркаваньне паводле мескага й сельскага насельніцтва, рэгіёну (укр.). Усеўкраінскі перапіс насельніцтва '2001. Праверана 18 красавіка 2014 г.
  8. ^ Розподіл населення регіонів України за рідною мовою у розрізі адміністративно-територіальних одиниць
  9. ^ УНН. В одному з районів Одеської області чотири мови отримали статус регіональних // gazeta.ua. — 2013.

Літаратура

  • Грек И., Червенков Н. Българите в Украйна и Молдова. Минало и настояще. — София: 1993.
  • Навалков С. З. Социально-экономическое развитие болгарских и гагаузских сел Южной Бесарабии (1857–1918). — Chişinău: 2004.
  • 1 — 6 // Родолюбец. — Альманах. — София: 1994, 1996, 1998, 2000, 2002, 2004.

Вонкавыя спасылкі