Перайсьці да зьместу

Археалягічныя дасьледаваньні ў Гнесічах і Лаўрышаве

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мясцовасьць у в. Лаўрышава, дзе вяліся раскопкі. Сьвята-Ўсьпенская царква, пабудавана каля 1775 г. як манастырская.

Археалягічныя дасьледаваньні ў Гнесічах і Лаўрышаве — навуковыя абсьледаваньні і раскопкі, якія вядуцца пэрыядычна з 1971 году з мэтай выяўленьня і вывучэньня першапачатковага селішча Сьвята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра і іншых помнікаў археалёгіі ў вёсках Гнесічы і Лаўрышава і вакол іх (Шчорсаўскі сельскі савет, Наваградзкі раён, Гарадзенская вобласьць).

Войшалк засноўвае манастыр. Мініятура з Астэрманаўскага І-га тому Ліцавога летапіснага збору, XVI ст. Бібліятэка Расейскай акадэміі навук, г. Санкт-Пецярбург.

Паводле Галіцка-Валынскага летапісу, каля 1260 году сын першага вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага Міндоўга — Войшалк (вялікі князь літоўскі ў 1264—1267) — заснаваў манастыр «на рацэ на Нёмане, паміж Літвой і Наваградкам, і там жыў»[1]. Згодна царкоўнаму паданьню, манастыр быў заснаваны ў сярэдзіне XIII ст. прападобным ігуменам Елісеем. Лаўрышаўскі манастыр зьяўляўся адным з важнейшых духоўных цэнтраў беларускіх зямель з часу ўтварэньня ВКЛ.

Інвэнтарны вопіс манастыра, 1601. Фрагмэнт тытульнага аркушу. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

Месцазнаходжаньне манастыра з XVI ст. вядома па дакумэнтах. Ён разьмяшчаўся ў в. Лаўрышава, ля р. Валоўка (левы прыток р. Нёман). Каля 1775 г. у манастыры была пабудавана Сьвята-Ўсьпенская царква, якая існуе і ў наш час. У 1836 г. манастыр быў зачынены, а ў 1913—1915 гг. і затым у 2007 г. адноўлены ля суседняй в. Гнесічы. Разам з тым, народнае паданьне зьвязвае і заснаваньне манастыра ў XIII ст. з мясцовасьцю ля Гнесічаў[2].

Каля Гнесічаў першае абсьледаваньне правёў археоляг М. А. Ткачоў (1971), ён выявіў стаянку каменнага веку; а ў 1988 г. археоляг А. М. Кушнярэвіч знайшоў падмуркі манастырскай царквы пачатку XX ст.

Археалягічныя абсьледаваньні ў Лаўрышаве пачаў у 1990 годзе А. К. Краўцэвіч, які зрабіў выснову: «На падставе здабытага падчас раскопак археалягічнага матэрыялу можна сьцьвярджаць, што мы знайшлі культурны слой Лаўрышаўскага манастыра […]. Нельга выключаць верагоднасьць таго, што старажытны Лаўрышаўскі манастыр з самага пачатку знаходзіўся на гэтым месцы […]. Такому меркаваньню спрыяюць знаходкі XIVXV стст.[3]»

Археалягічная экспэдыцыя ў Лаўрышаве, 2015. Праца на раскопе.

У 2011—2016 гадох раскопкі ў гэтым жа месцы праводзілі Лаўрышаўскія археалягічныя экспэдыцыі, якія складаліся з добраахвотнікаў, пад навуковым кіраўніцтвам доктара гістарычных навук, прафэсара гісторыі С.Я.Рассадзіна. Па выніках дасьледаваньняў ім была зроблена выснова, што манастыр дзейнічаў на гэтым месцы з часу заснаваньня ў XIII ст.[4]

  1. ^ Пераклад са старажытнарускай мовы паводле артыкулу: Краўцэвіч, А. К. Войшалк (1264—1267 г.). Інтэлігент на троне // pawet.net [Электронны рэсурс] — 2008. — 27 чэрвеня. — Дата доступу: 13.11.2015.
  2. ^ Котельников, А. К вопросу о локализации Лавришевского монастыря / А. Котельников // minds.by [Электронны рэсурс] — Жировичи. — Дата доступу: 30.10.2015.  (рас.)
  3. ^ Краўцэвіч, А. К. Археалагічныя даследаванні Лаўрышаўскага манастыра на Панямонні / А. К. Краўцэвіч // З глыбі вякоў. Наш край. — Мінск: Навука і тэхніка, 1996. — В. 1. — С. 227—234.
  4. ^ Пракопчык, Б. Загадкі лаўрышаўскага манастыра // Звязда. — 2015. — 4 жніўня. — Дата доступу праз інтэрнэт: 17.11.2015.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]