Перайсьці да зьместу

Елісей Лаўрышаўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Елісей Лаўрышаўскі
Помнік Елісею Лаўрышаўскаму ў Наваградку
Елісей Лаўрышаўскі
Сьвяты
Нарадзіўся канец XII — пачатак XIII стагодзьдзя
Памёр сярэдзіна XIII стагодзьдзя
Шануецца у праваслаўнай царкве
Кананізаваны 1514
У ліку прападобных
Галоўная сьвятыня мошчы ў Сьвята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры (схаваныя)
Дзень памяці 5 лістапада
Падзьвіжніцтва манаскае служэньне

Елісей Ла́ўрышаўскі (? — у ноч на 5 лістапада каля 1250) — праваслаўны манах, адзін з заснавальнікаў Сьвята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра (цяпер ля в. Гнесічы, Наваградзкі раён, Гарадзенская вобласьць). Ушаноўваецца ў ліку прападобных сьвятых, дзень памяці — 5 лістапада (23 кастрычніка паводле ст. ст.)

Пісьмовыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найбольш раньняя згадка пра Елісея маецца ў даравальнай грамаце манастыру за 1517 г. ад імя А. І. Хадкевіча — маршалка дворнага Вялікага Княства Літоўскага. Перадаючы манастыру свой маёнтак у в. Лычыцы, Хадкевіч адрасуе яго такім чынам: «монастыру пречистое Божое Матери храму честнаго Ея Успения во обшеру лавры преподобнаго отца Елисея» (старабелар.). У больш раньніх актах Лаўрышаўскага манастыра — апошняй трэці XIV — пачатку XVI стагодзьдзя, у месяцасловах — імя Елісей адсутнічае, пра яго няма зьвестак у летапісах. Верагодна, гэта тлумачыцца тым, што праслаўленьне Елісея ў ліку сьвятых, паводле зьвестак зь яго жыція, адбылося ў пачатку XVI ст. (1514).

Жыціе Елісея захавалася толькі ў пераказе гісторыка ХVII стагодзьдзя А. Каяловіча (доктар тэалёгіі, рэктар Віленскай акадэміі). У сваёй кнізе А. Каяловіч піша, што ў яго мелася жыціе Елісея, напісанае па-славянску.

Згодна жыцію ў пераказе А. Каяловіча, Елісей нарадзіўся ў «знатных у Літве бацькоў», і «калі некаторыя [людзі] не памыляюцца», быў сынам «Тройдзеня князя Літоўскага» (верагодна — жамойцкага князя Траняты, пляменьніка літоўскага князя Міндоўга — першага вялікага князя ВКЛ у канцы 1240-х — 1263). У жыціі адзначаецца, што Елісей доўгі час жыў пры двары вялікага князя Літоўскага, «верагодна, Мендоўга», займаючы высокую пасаду.

У такім разе дзедам Елісея па бацьку быў жамойцкі князь Эрдзівіл — муж сястры Міндоўга, а Міндоўгу ён даводзіўся ўнучатым пляменьнікам (стрыечным унукам).

Сучасны выгляд мясцовасьці, дзе, як мяркуецца, Елісей заснаваў манастыр. Вёска Лаўрышава, Сьвята-Ўсьпенская царква, пабудавана каля 1795 году як манастырская.

Пазьней, пакінуўшы мірское жыцьцё, Елісей знайшоў безлюднае месца, абкружанае балотамі, дзе ад нейкага падзвіжніка ўспрыняў манаства. Калі вакол Елісея сабралося шмат паслушнікаў і манахаў, ён пабудаваў для іх царкву і манастыр. У гэтым манастыры жыў і старэйшы сын Міндоўга — Войшалк (вялікі князь літоўскі ў 1264—1267).

Елісей быў забіты сваім звар’яцелым юнаком-слугою ў ноч на 23 кастрычніка (5 лістапада па сучаснаму стылю). Дакрануўшыся да Елісея падчас забойства, слуга пазбавіўся вар’яцтва.

Год заснаваньня Елісеем манастыра — 1225 — упершыню пададзены ў кнізе архімандрыта Мікалая, якая выдадзена ў 1864 годзе. У яшчэ больш позьняй працы гісторыка Я. Я. Галубінскага годам сьмерці Елісея названы 1250. Гэта прыблізныя даты, дакладныя зьвесткі не захаваліся.