Аляксей Шкадарэвіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Аляксей Шкадарэвіч
Дата нараджэньня 27 кастрычніка 1947 (74 гады)
Месца нараджэньня Капыль, Менская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Месца вучобы Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт
Занятак навуковец
Навуковая сфэра лазэрная фізыка
Месца працы «Беларускае оптыка-мэханічнае аб’яднаньне»
Вядомы як стваральнік вытворчасьці лазэрных прыбораў у Беларусі
Навуковая ступень доктар навук (1988)
Узнагароды

Аляксе́й Пятро́віч Шкадарэ́віч (нар. 1947, Капыль, Менская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі фізык-вынаходнік.

Доктар фізыка-матэматычных навук (1988) і прафэсар (1990). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2000) за цыкль працаў «Мэханізмы разьвіцьця, мэтады і сродкі лячэньня глаўкомы, катаракты, фотапашкоджаньняў сятчаткі вока». Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2014). Стварыў у Беларусі вытворчасьць лазэрных прыбораў для мэдыцыны і прамысловасьці, а таксама для касьмічных апаратаў[2]. Кавалер ордэнаў Францішка Скарыны (2008) і Пашаны[3].

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1970 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт і працаўладкаваўся дасьледнікам у Інстытут фізыкі Акадэміі навук БССР, а пазьней малодшым і старэйшым навуковым супрацоўнікам. У 1979 годзе перайшоў на Беларускае оптыка-мэханічнае аб’яднаньне (БелОМА)[4], дзе стаў начальнікам Міжведамаснага канструктарскага аддзелу. У 1984 годзе заняў пасаду намесьніка галоўнага інжынэра ЦКБ «Пеленг». У 1986 годзе выдаў кнігу «Фізыка і спэктраскапія лазэрных крышталяў»[2]. У 1988 годзе атрымаў навуковую ступеню доктара фізыка-матэматычных навук. У 1990 годзе стаў прафэсарам[4]. У 1992 годзе стаў 1-м кіраўніком дзяржаўнага прадпрыемства «Лазэры ў экалёгіі, мэдыцыне і тэхналёгіі» («ЛЭМТ») ў складзе БелОМА. Пры гэтым, стварыў «ЛЭМТ» на аснове ўдзелу 55 супрацоўнікаў ЦКБ «Пеленг»[5]. Напісаў навуковыя працы ў галіне лазэрнай фізыкі, оптыкі і оптаэлектронікі, а таксама пра стварэньне цьвёрдацельных перанастройвальных лазэраў з выбарачнай пампоўкай. Распрацаваў некалькі аптычных і лазэрных прыладаў для мэдыцыны і прамысловасьці. У 1997 годзе выдаў супольную манаграфію «Лазэры ў клінічнай хірургіі». Таксама ў 1997 годзе «ЛЭМТ» пачаў пастаўляць аптычныя прыцэлы для войска Швэцыі. У 1998-м стаў суаўтарам манаграфіі «Нізкаінтэнсіўныя лазэры ў клінічнай практыцы». У 2000 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі за цыкль працаў «Мэханізмы разьвіцьця, мэтады і сродкі лячэньня глаўкомы, катаракты, фотапашкоджаньняў сятчаткі вока»[4].

У 2004 годзе стаў сябрам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ). Увёў у практыку звыш 20 новых лазэрных матэрыялаў. Выявіў фотатропны эфэкт на іёнах Cr4+ у крышталях гранату, які служыць асноўным матэрыялам для пасіўнага мадуляваньня мацунку неадымавых лазэраў. Дасьледаваў фізычныя ўласьцівасьці F2-цэнтраў афарбоўкі ў крышталях фторыстага ліцьця, на аснове якіх распрацаваў прамысловы спосаб атрыманьня лазэрных асяродзьдзяў для канструяваньня лазэрных прыбораў для дальнамэтрыі і касьмічных апаратаў. Асвоіў вытворчасьць лазэраў на александрыце і сапфіры з тытанам, лазэраў з дыёднай напампоўкай і бясьпечнай даўжынёй хвалі выпраменьваньня, а таксама палімэрныя лазэры на фарбавальніках. Распрацаваў і асвоіў вытворчасьць лазэрных прыбораў у Беларусі для лячэньня вачэй і скуры, а таксама ад раку і для прымяненьня ў хірургіі. Сярод іншага, стварыў вытворчасьць лазэрных прыбораў для дрэваапрацоўчай прамысловасьці і машынабудаваньня, паліграфіі і шыннай прамысловасьці. Стварыў звыш 370 навуковых працаў, у тым ліку звыш 90 вынаходзтваў, 5 манаграфіяў і 3 падручнікі[2].

19 лютага 2008 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 99 «Аб узнагароджаньні дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь», паводле якога Аляксей Шкадарэвіч атрымаў ордэн Францішка Скарыны за заслугі ў галіне навукі[6]. Да 2013 году пад кіраўніцтвам Шкадарэвіча на «ЛЭМТ» распрацавалі цеплавізары і аптычныя прыборы для супрацьпаветранай абароны, прыцэлы саманавядзеньня і оптыку для бесьпілётнікаў. Пры гэтым, стварылі лябараторыю кантролю электронна-аптычных пераўтваральнікаў для прыбораў начнога бачаньня. У 2013 годзе стварыў участак вырабу асфэрычнай інфрачырвонай оптыкі з нанясеньнем алмазападобных пакрыцьцяў на аптычная паверхні лінзаў. Таксама на «ЛЭМТ» стварылі ўчастак аптычных дэталяў 1-й клясы чысьціні[7]. 17 лістапада 2014 году Агульны сход НАНБ абраў Шкадарэвіча акадэмікам па спэцыяльнасьці прыборабудаваньне[8].

25 кастрычніка 2021 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 417 «Аб узнагароджаньні» Шкадарэвіча ордэнам Айчыны 3-й ступені[9], які той атрымаў 27 студзеня 2022 году[10].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ https://nasb.gov.by/bel/members/akademiki/shkadarevich.php
  2. ^ а б в Шкадарэвіч Аляксей Пятровіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2022 г. Праверана 30 студзеня 2022 г.
  3. ^ Шкадарэвіч Аляксей Пятровіч // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 16 сакавіка 2020 г. Праверана 30 студзеня 2022 г.
  4. ^ а б в Мікалай Савік. Шкадарэвіч Аляксей Пятровіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — С. 419. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0279-2
  5. ^ Вераніка Канюта, Алена Даўжанок. «Любы крызіс — час для актыўных людзей, які можна выкарыстацб з выгадай» // Зьвязда : газэта. — 9 лістапада 2021. — № 216 (29585). — С. 8, 9. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 лютага 2008 г. № 99 «Аб узнагароджаньні дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь» // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 26 лютага 2008 г. Праверана 30 студзеня 2022 г.
  7. ^ Уладзімер Хількевіч, Алена Даўжанок. Шлях на новыя сусьветныя рынкі ляжыць праз мадэрнізацыю // Газэта «Зьвязда», 21 сьнежня 2013 г. Праверана 30 студзеня 2022 г.
  8. ^ У НАН Беларусі выбраны 16 акадэмікаў і 28 членаў-карэспандэнтаў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 17 лістапада 2014 г. Праверана 30 студзеня 2022 г.
  9. ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 кастрычніка 2021 г. № 417 «Аб узнагароджаньні» // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 27 кастрычніка 2021 г. Праверана 30 студзеня 2022 г.
  10. ^ Беларусы дакладна ведаюць: усё ў нашых руках. Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным дзеячам // БелТА, 27 студзеня 2022 г. Праверана 30 студзеня 2022 г.