Перайсьці да зьместу

Сям’я

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Выява сям’і Віктара Шведа

Сям’я́ (радзіна) — кроўна-сваяцкая супольнасьць людзей, заснаваная на шлюбе і ўзаемадапамозе, агульнасьці побыту і прававой адказнасьці. Выконвае аднаўленчае (узаемападтрымка здароўя), выхаваўчае (выхаваньне дзяцей), гаспадарчае, нараджальнае (нараджэньне дзяцей), парадкавальнае (нагляд за паводзінамі), побытавае і стасункавае прызначэньне. Будова вызначаецца складам і ўзаемінамі між сямейнікамі: дзетнасьць, колькасьць пакаленьняў, сужэнскіх параў і сямейнікаў, лінія (бакавая, прамая) і ступеня роднасьці. Паводле звычаёвага права на чале стаіць старэйшы мужчына: у бацькоўскай — бацька, у брацкай — старэйшы з братоў, у малой — муж. Галава адказвае за ладжаньне гаспадарчай дзейнасьці, побыту і выплату падаткаў. Гаспадыня кіруе жанчынамі, між якімі разьмяркоўвае працу і якіх вучыць гаспадарчым справам: у бацькоўскай — маці, у брацкай — жонка старэйшага брата. Таксама гаспадыня сочыць за парадкам у хаце і гатуе ежу. Першай памочніцай гаспадыні зьяўляецца: у бацькоўскай — старэйшая нявестка. Грамадзкімі вызначальнікамі будовы служаць адукацыя і прафэсія сямейнікаў. Пляменнымі — народнасьць мужа і жонкі, народна-веравальнае самавызначэньне дзяцей і перадача звычаяў між пакаленьнямі[1].

Сям’я належыць да важнейшых грамадзкіх каштоўнасьцяў[2]. Паводле некаторых навуковых тэорыяў, менавіта форма сям’і здолела на працягу многіх стагодзьдзяў вызначаць агульны кірунак эвалюцыі макрасацыяльных сыстэмаў[3]. Кожны чалец грамадзтва, акрамя сацыяльнага статусу, этнічнай прыналежнасьці, маёмаснага й матэрыяльнага становішча, з моманту нараджэньня й да канца жыцьця валодае такой характарыстыкай, як сямейна-шлюбны стан.

Для дзіцяці сям’я ёсьць асяродзьдзем, у якім складваюцца ўмовы ягонага фізычнага, псыхічнага, эмацыйнага й інтэлектуальнага разьвіцьця. Для дарослага чалавека сям’я зьяўляецца крыніцай задавальненьня шэрагу ягоных запатрабаваньняў і малым калектывам, які прад’яўляе да яго разнастайныя й досыць складаныя патрабаваньні. На стадыях жыцьцёвага цыклу чалавека пасьлядоўна зьмяняюцца ягоныя функцыі й статус у сям’і.

  • Паводле віду сужэнства: аднашлюбная, шматшлюбная.
  • Паводле колькасьці сужэнскіх параў і спосабу вядзеньня гаспадаркі:
    • 1) малая — сужэнская (муж, жонка і дзеці), складаная (муж, жонка, дзеці і адзін сваяк, якім звычайна бывае бацька або маці мужа або жонкі);
    • 2) неразьдзельная (некалькі сужэнскіх параў жывуць разам і вядуць адзіную гаспадарку) — бацькоўская (разам з бацькамі жывуць некалькі жанатых сыноў са сваімі жонкамі і дзецьмі), брацкая (сумесна жывуць некалькі жанатых братоў са сваімі жонкамі і дзецьмі).
  • Паводле пакаленнага складу: адналінейная (бацькі, адзін жанаты сын з жонкай, унукі), шматлінейная (бацькі і некалькі жанатых сыноў са сваімі жонкамі і дзецьмі або некалькі жанатых братоў са сваімі жонкамі і дзецьмі)[1].

Сёньня можна сустрэць сем’і, якія ня маюць дзяцей і не зьбіраюцца імі абзаводзіцца. Аднак дзеці зьяўляюцца важным элемэнтам сямейных групаў, які вызначае іхную форму і разьвіцьцё.

Колькасьць дзяцей у сям’і часьцей залежыць ад плянаваньня, якое сустракаецца ўжо ў традыцыйных грамадзтвах. У патрыярхальных аграрных супольнасьцях, дзе стала патрабуюцца танныя працоўныя рукі, і старыя бацькі маюць магчымасьць атрымліваць дагляд і дапамогу ад нашчадкаў, сем’і звычайна былі вялікімі. Але недахоп сродкаў для існаваньня, лад жыцьця ці іншыя прычыны часам выклікалі патрэбу ў абмежаваньні колькасьці дзяцей, што здаўна дасягалася шляхам забароны сэксуальных зносінаў паміж бацькамі, абортамі, засьцярогамі ад цяжарнасьці, інфантацыдам, продажам дзяцей у іншыя сем’і ці нават гандлем рабамі. Вялікі ўплыў на нараджальнасьць і колькасьць дзяцей у сям’і аказваюць узровень дзіцячай сьмяротнасьці, магчымасьць атрымліваць мэдычную дапамогу, клопат пра малодшых чальцоў сям’і.

Сямейныя группы заводзяць дзяцей не заўсёды звыклым шляхам. Таксама існуе грамадзкая працэдура ўсынаўленьня. У большасьці сучасных краінаў усынаўленьню падлягаюць сіроты ці кінутыя сапраўднымі бацькамі. Клопат пра пошук і выбар прыёмных бацькоў пры гэтым кладзецца на сваякоў, дзяржаўныя ўстановы, рэлігійныя і грамадзкія арганізацыі. У некаторых народаў Цэнтральнай Азіі, астравоў Ціхага акіяну, Інданэзіі раней было звычайным перадаваць дзяцей бязьдзетным сваякам і сябрам. Прычым такая перадача лічылася шчодрым падарункам ці актам падтрымкі. У гэтых і іншых групах вядомыя выпадкі, калі дзяцей захоплівалі сілком.

Зь іншага боку, сям’я праз выхаваньне, адукацыю і абмен эмоцыямі аказвае непасрэдны ўплыў на дзяцей як будучых чальцоў грамадзтва.

Да XIX ст. у Беларусі пераважалі вялікія бацькоўскія (тры пакаленьні: бацькі, дзеці, унукі), складаныя і брацкія сем’і. Да пачатку XX ст. большасьць сем’яў ужо былі малымі (2 пакаленьні: бацькі, дзеці)[4]. Пры канцы XIX ст. сем’і ў вёсках Беларусі мелі ў сярэднім па 5 дзяцей. Сем’і ў гарадах Беларусі мелі па трое дзяцей[5].

Расейскае панаваньне савецкага адцінку 1920—1980-х гадоў разбурыла ў Беларусі тры важнейшыя прызначэньні сям’і: узнаўленчае, гаспадарчае і выхаваўчае. Касаваньне прыватнай уласнасьці выціснула працу па-за сям’ю. У выніку нараджальнасьць перастала забясьпечваць рост насельніцтва, пад пагрозай апынулася ўстойлівасьць шлюбаў. Дзіцячыя ясьлі і сады, школы і вышэйшыя навучальныя ўстановы, грамадзкія аб’яднаньні выключылі бацькоў з выхаваньня[4].

За другую палову XX ст. (1950—1999 гг.) нараджальнасьць скарацілася амаль ўтрая да 9,3 чалавека на 1 тыс. жыхароў Беларусі, што прывяло да выміраньня насельніцтва краіны. У гэты адцінак да перашкодаў нараджальнасьці дадалося ўцягваньне жанчынаў у занятасьць па-за хатняй гаспадаркай. Таксама стала прасочвацца адваротная прапарцыйная залежнасьць між працягласьцю адукацыі жанчыны і колькасьцю дзяцей у сям’і[5]. Паводле перапісу насельніцтва 1990 г. у Беларусі налічвалася звыш 2,4 млн сем’яў зь сярэднім памерам па 3,1 чалавекі (3,2 — у гарадах, 3 — на вёсцы)[1].

1 верасьня 1999 году набыў моц Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, які замяніў сабой Кодэкс Беларускай ССР аб шлюбе і сям’і ад 13 чэрвеня 1969 году. На жнівень 2013 году ў Беларусі налічвалася звыш 62 000 сем’яў з больш як 2 дзецьмі. Такія сем’і складалі 5 % ад агульнага ліку сем’яў у краіне[6].

  1. ^ а б в Ганна Курыловіч, Тацяна Кухаронак. Сям’я // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 15. — С. 348-349. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2
  2. ^ Бим-Бад Б. М., Гавров С. Н. «Семья как социокультурный феномен» // Модернизация института семьи: макросоциологический, экономический и антрополого-педагогический анализ. Монография. — М.: Интеллектуальная книга, Новый хронограф, 2010. — С. 27—53. — ISBN 978-5-94881-139-0.
  3. ^ Коротаев А. В. «Семья в социально-экономической структуре докапиталистических классовых формаций» // История и филология древнего и сре¬дневекового Востока / Отв. ред. Васильев, Д. Д., и Волков, С. В. М.: Наука, 1987, с.3-11.
  4. ^ а б Васіль Бандарчык. Заключэнне // Сям’я і сямейны быт беларусаў. — Менск: Навука і тэхніка, 1990. — С. 252-253. — 256 с. — 2160 ас. — ISBN 5-343-00462-8
  5. ^ а б Любоў Ракава. Дынаміка структуры сям'і і традыцыяў дзетнасьці // Эвалюцыя традыцыяў сямейнага выхаваньня беларусаў у XIX-XX стст. / рэд. Анжэла Воўчанка. — Менск: Беларуская навука, 2009. — С. 90, 94-95. — 311 с. — 300 ас. — ISBN 978-985-08-1032-8
  6. ^ Валяр’ян Шкленьнік. Кожная дваццатая сям’я — шматдзетная // Зьвязда : газэта. — 15 жніўня 2013. — № 151 (27516). — С. 2. — ISSN 1990-763x.