Перайсьці да зьместу

Аборт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
аборт
прычына сьмерці
Падкляса адтып мэдыцынскай працэдуры, цяжарнасьць зь бясплённым вынікам, плодазабойства, зрачэньне Рэдагаваць
Мэдычная спэцыяльнасьцьакушэрства Рэдагаваць
Злучаецца зправа на жыцьцё Рэдагаваць
Асноўны рэгулюючы тэкстКрымінальны кодэкс Нямеччыны, Крымінальны кодэкс Расеі, Закон ад 22 траўня 1978 г. № 194, Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь Рэдагаваць
Практыкуеццаспароньнік Рэдагаваць
Зьвязаная катэгорыяКатэгорыя:Песьні пра спарон Рэдагаваць
Ідэнтыфікатар ICPC 2W83 Рэдагаваць

Або́рт (спаро́н[1]; лац. abortus — выкідыш; мэд. азн. — abruptio graviditatis) — штучнае перарываньне цяжарнасьці шляхам выдаленьня плода з маткі ў тэрмін да 22 тыдняў ад зачацьця (да моманту, калі магчыма нараджэньне жыцьцяздольнага дзіцяці) праз прэпаратнае правакаваньне выкідышу й апэрацыйнае (прыладнае) ўмяшаньне.

На больш позьнім тэрміне, калі маса плоду(en) сягае 500 грамаў, перарываньне цяжарнасьці называюць заўчаснымі родамі(en). Ажыцьцяўленьне па-за бальнічнай установай і без урача ёсьць крымінальным злачынствам. Можа выклікаць раньнія (крывацёк, пракол сьценкі маціцы й пашкоджаньне сумежных органаў) й позьнія (запаленьне плоцевых органаў і брушыны, бясплодзьдзе, эндакрынныя парушэньні) ўскладненьні, а таксама сьмерць жанчыны. Лячэньне наступстваў аборту праводзіцца ў стацыянарных умовах[2].

На 2013 год 57 з больш як 200 урадаў скасавалі ў сваіх краінах крымінальную адказнасьць за аборт, што прывяло да росту дзелі байструкоў сярод народжаных[3]. У тых краінах пражывала меншасьць жаночага насельніцтва Зямлі (каля 40 %). Палова гэтай меншасьці пражывала ў Кітаі, дзе аборты ажыцьцяўляліся прымусова пры нясплаце спагнаньня за паўторныя роды[4]. Больш за палову абортаў ажыцьцяўлялася траўматычным выскрабаньнем[5].

22 кастрычніка 2020 году міністры ЗША, Беларусі, Вугоршчыны, Грузіі й Польшчы, а таксама 29 дзяржаваў Азіі (Інданэзіі й Пакістану), Афрыкі (Д. Р. Конга й Эгіпту) й Паўднёвай Амэрыкі (Бразыліі) з агульным насельніцтвам у 1,6 млрд чалавек падпісалі Жэнэўскую кансэнсусную дэклярацыю «Аб прасоўваньні жаночага здароўя й ўмацаваньні сям’і». Паводле 4-га пункту Дэклярацыі, «ні ў якім выпадку спарон ня мае прасоўвацца ў якасьці спосабу сямейнага плянаваньня», а «дзіцяці патрэбныя адмысловыя ахова й клопат як да, гэтак і пасьля народзінаў» (цытата з Канвэнцыі ААН аб правах дзіцяці 1989 году). Урэшце ўрады абвясьцілі «адданасьць працаваць разам, каб <…> прасоўваць <…> найвышэйшы магчымы ўзровень здароўя без улучэньня спарону». Тамсама згадвалася: «пацьвярджаем, што няма міжнароднага права на спарон і міжнароднага абавязку з боку дзяржаваў фінансаваць або спрыяць спарону»[6].

У 2024 годзе лік спаронаў вырас да беспапярэдніх 45,1 млн, на якія прыпала звыш 42 % усіх чалавечых сьмерцяў за год. Гэта рабіла спарон найбольш пашыранай прычынай сьмерці ў сьвеце[7].

10-тыднёвы плод, выдалены з 44-гадовай жанчыны з высьветленым ракам маткі на раньняй стадыі.

У 1920 г. аборты ў падсавецкай Беларусі ўпершыню дазволіў расейскі бальшавіцкі кіраўнік Уладзімер Ленін[8]. За 1990—2010 гады ў Беларусі правялі звыш 2,7 мільёны ўлічаных абортаў[9]. Пры гэтым іх штогадовы лік скараціўся з 260,8 тыс. у 1990-м да 33,3 тыс. у 2010 годзе[10].

У 1995 годзе 188 спаронаў прыпадала на 100 родаў[11]. У 2008 г. беларускія жанчыны зрабілі 26 350 абортаў, што склала 24,6% ад нараджэньняў[12]. На 2014 г. Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь прызнавала мэдычным супрацьпаказаньнем для правядзеньня аборту ганарэю, запаленьне й інфэкцыю[13]. Дзейнае заканадаўства дазваляе аборт без абгрунтаваньня прычыны ў тэрмін да 12 тыдняў цяжарнасьці. Такія аборты штогод складаюць 92% ад агульнай колькасьці[14]. Пры гэтым пасьля здабыцьця незалежнасьці ўрад Беларусі абавязаўся «забясьпечваць у максімальна магчымай ступені выжываньне» дзяцей незалежна ад нараджэньня паводле Канвэнцыі аб правах дзіцяці 1989 году, прэамбула якой падкрэсьлівае: «дзіця, з прычыны яго фізычнай і разумовай нясталасьці, мае патрэбу ў спэцыяльнай ахове й клопаце, уключаючы належную прававую абарону, як да, так і пасьля нараджэньня»[15]. Паводле эмбрыялёгіі, жыцьцё да народзінаў пачынаецца ад часу зачацьця (зьліцьця ядраў мужчынскай і жаночай плоцевых вузаў)[16].

У 2015 годзе Лагойск (Менская вобласьць) стаў першым горадам Беларусі, дзе ўсе да аднаго лекары напісалі заявы аб адмове выконваць аборты. У выніку нараджальнасьць у горадзе стала перавышаць сьмяротнасьць[17].

  1. ^ Барыс Пракопчык. Вяртаньне забытых словаў // Зьвязда : газэта. — 15 лістапада 2011. — № 217 (27081). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Іван Дуда. Аборт // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 1. — С. 32. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0036-6
  3. ^ Джордж Акерлоф, Джэнет Елен і Майкл Кац. Разгляд пазашлюбнага дзетараджэньня ў Злучаных Штатах  (анг.) = An Analysis of Out-of-Wedlock Childbearing in the United States // Штоквартальны часопіс эканомікі : часопіс. — Травень 1996. — Т. 111. — № 2. — С. 277-317. — ISSN 0033-5533.
  4. ^ Ігаэл Егудзі. Антыдухоўнае цемрашальства, антынавуковы падыход, бязьмежны цынізм // Крыніца.info, 14 лістапада 2014 г. Праверана 5 кастрычніка 2017 г.
  5. ^ Сьвятлана Барысенка. Прадухіліць непажаданае // Зьвязда. — 13 лютага 2013. — № 28 (27393). — С. 4.
  6. ^ Жэнэўская кансэсусная дэклярацыя «Аб прасоўваньні жаночага здароўя і ўмацаваньні сям’і» ад 22 кастрычніка 2020 г. (анг.) // Ведамства здароўя і кадравых паслуг ЗША, 10 лістапада 2020 г. Праверана 14 лістапада 2020 г.
  7. ^ Томас Дадлі Ўільямс, доктар філязофіі. Спарон быў вядучай сусьветнай прычынай сьмерці ў 2024 годзе пры больш як 45 млн забітых (анг.) // Навіновая сетка «Брэйтбарт», 1 студзеня 2025 г. Праверана 9 студзеня 2025 г.
  8. ^ Аляксандар Пятроў. Скажыце дзіцяці «Так» // Зьвязда. — 3 лютага 2010. — № 19 (26627). — С. 5.
  9. ^ Тацяна Тарасевіч. Праваслаўныя і католікі абмяркуюць прапановы для ўнясеньня зьменаў у Закон РБ «Аб ахове здароўя» // Рымска-Каталіцкі Касьцёл на Беларусі, 29 кастрычніка 2012 г. Праверана 5 кастрычніка 2017 г.
  10. ^ Сабіна Брыло. Ці будзе забаронены аборт у Беларусі // Сеціўны часопіс «Новая Эўропа», 11 лістапада 2012 г. Праверана 3 студзеня 2014 г.
  11. ^ Аляксандар Шпакоўскі. 20 мільёнаў беларусаў: мара дасягальная // Зьвязда : газэта. — 17 кастрычніка 2013. — № 196 (27561). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  12. ^ Вольга Мядзьведзева. «Так» або «не» // Зьвязда. — 26 студзеня 2010. — № 13 (26621). — С. 1, 5.
  13. ^ Васіль Жарко. Пастанова Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2007 г. № 15 (рас.) // Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, 27 кастрычніка 2008 г. Праверана 10 верасьня 2014 г.
  14. ^ У Беларусі адмянілі большасьць сацыяльных паказаньняў для абортаў на позьнім тэрміне // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 14 студзеня 2013 г. Праверана 26 верасьня 2013 г.
  15. ^ Канвэнцыя аб правах дзіцяці // Пачатковая школа : часопіс. — 1992. — № 1-3. — С. 3-5; 3-5; 6-8. — ISSN 0869-3501.
  16. ^ Максім Обухаў, Генадзь Рудыкін. Аборт // Беларуская праваслаўная інтэрнэт-энцыкляпэдыя, 13 кастрычніка 2010 г. Праверана 4 студзеня 2014 г.
  17. ^ Сьвятлана Барысенка. Роды як цуд // Зьвязда. — 20 верасьня 2017. — № 181 (28545). — С. 13.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]