Пакаленьне
Пакале́ньне — ўзроставая група людзей, фармаваньне характару якіх адбываецца пад уплывам пэўных гістарычных падзей, эканамічных і культурных абставін. Гэта абумоўлівае падабенства й агульнасьць некаторых індывідуальных характарыстык у выніку падобнага для прадстаўнікоў дадзеных узроставых груп сацыяльнага вопыту.[1]
У біялёгіі: пакаленьне (генэрацыя) — гэта група асобін у папуляцыі з аднолькавай ступеньню сваяцтва ў дачыненьні да агульных продкаў. Таксама можна акрэсьліць як групу асоб, аднолькава аддаленых у роднасным стаўленьні ад агульных продкаў. Напрыклад, у чалавека: бацькі, дзеці, унукі — тры пасьлядоўных пакаленьня; прамежак часу паміж нараджэньнем бацькі й сына, маці й дочкі завуць даўжынёй пакаленьня (каля 30 гадоў).
Даўжыня пакаленьня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Даўжыню пакаленьня традыцыйна вызначаюць як "сярэдні інтэрвал часу паміж нараджэньнем бацькоў і нараджэньнем іх дзяцей[2].
Адрозьніваюць прамы й ускосны мэтады вылічэньня даўжыні пакаленьня. Прамы мэтад заснаваны на схеме рэальнага пакаленьня й вызначае рознасьць паміж сярэднім узростам бацькоў і сярэднім узростам дзяцей. Навуковец Я. З. Уліцкі вылучыў наступныя мадыфікацыі гэтага мэтаду: паміж бацькамі і ўсімі дзецьмі; паміж бацькамі й сярэднім дзіцем; паміж бацькамі й старэйшым або малодшым дзіцем; паміж бацькам і сынамі, якія працягваюць род (мужчынская лінія); паміж бацькам і сярэднім дзіцем (мужчынская лінія); паміж маці й старэйшай або малодшай дачкой (жаночая лінія). У залежнасьці ад пэўных мэтаў аналізу ўжываецца тая або іншая мадыфікацыя вылічэньня даўжыні пакаленьня па прамому мэтаду, прычым вынікі разьлікаў па мужчынскім і жаночым лініям могуць істотна адрозьнівацца.[3]
Існуюць і іншыя спосабы вылічэньня даўжыні пакаленьня. Так, ангельскі статыстык Л. Конар у 1926 годзе прапанаваў вылічаць даўжыню пакаленьня як сярэдні шлюбны ўзрост плюс сярэдні ўзрост бацькоўства; апошняя велічыня ёсьць сярэдні ўзрост дзяцей сярэдняй сям’і.
Назвы пакаленьняў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пакаленьням людзей, якія нарадзіліся пачынаючы з XX стагодзьдзя, прынята даваць назвы, мянушкі. Так, амэрыканскія дэмографы вылучаюць некалькі традыцыйных азначэньняў розных пакаленьняў.
Заходнія пакаленьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Страчанае пакаленьне (1883—1910);
- Вялікае пакаленьне (1911—1945);
- Пакаленьне бэбі-бум (1946—1956);
- Разьбітае пакаленьне (1956—1964);
- Пакаленьне X (1965—1979);
- Пакаленьне Y (1980—1994).
- Пакаленьне Z (Глябальнае пакаленьне) (1995—2012)[4].
- Пакаленьне Alpha (Глябальнае пакаленьне) (2013—цяперашні час).
Савецкія пакаленьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Піянэры (1911—1926);
- Шасьцідзясятнікі (1927—1945);
- Пасьляваеннае пакаленьне (1946—1963);
- Новае пакаленьне (1964—1975);
- Пакаленьне перабудовы (1976—1981).
- Дзеці перабудовы (1985—1991).
Беларускія пакаленьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У беларускай сацыялёгіі няма акрэсьленых межаў для вызначэньня той ці іншай генэрацыі людзей, якія жылі й нарадзіліся ў часы незалежнасьці. Некаторыя палітолягі вылучаюць пакаленьне адраджэньня (1987—1994) і так званае нулявое пакаленьне (1995-…).
Аднак бясспрэчным зьяўляецца факт падабенства апошніх пакаленьняў ва ўсім сьвеце, таму прадстаўнікі пакаленьня Y і глябальнага пакаленьня бясспрэчна прысутнічаюць у Беларусі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Культуралёгія: Энцыкляпэдычны даведнік. Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2003. ISBN 985-11-0277-6
- ^ Dictionary.com
- ^ Улицкий Я. С., Демографическое понятие поколения, в кн.: Проблемы демографической статистики, М. 1959.
- ^ Jean M. Twenge (2017-08-15) What generation do I belong to? What are the birth year cutoffs? Архіўная копія ад 2023-06-27 г.