Магілёўская школа дойлідзтва
Магілёўская школа дойлідзтва, Магілёўскае барока[1][2] — самабытная школа стылю барока, якая склалася ў XVII—XVIII стагодзьдзях у грамадзянскай і сакральнай архітэктуры Магілёва. Адметныя рысы Магілёўскага барока таксама выявіліся ў некаторых іншых збудаваньнях, пераважна на тэрыторыі гістарычнай Аршаншчыны.
Фармаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зьяўленьню самастойнай школы ў Магілёве паспрыялі высокі ўзровень эканамічнага разьвіцьця места, пэўная палітычная незалежнасьць, наяўнасьць значнай колькасьці дойлідаў, маляроў, сьніцараў і іншых майстроў (апрача архітэктурнай, сфармаваліся таксама самабытныя малярская і гравёрная школы). Магілёўская школа дойлідзтва ўзьнікла ў выніку сынтэзу ўсходніх і заходніх плыняў, іх спалучэньня зь мясцовымі мастацкімі традыцыямі.
Сьпярша пад уплывам стылю рэнэсанс у XVII ст. выпрацаваліся найважнейшыя прыёмы стварэньня кампазыцыі і дэкараваньня. У XVIII ст. стыль барока узбагаціў сродкі выразнасьці, яшчэ больш павысіў ролю дэкору ў аздабленьні фасадаў і інтэр’ераў будынкаў. У другой палове XVIII ст. школа заняпала.
У XVIII ст. магілёўскія майстры прынесьлі арыгінальны стыль зь земляў Вялікага Княства Літоўскага на Кіеўшчыну і левабярэжную Ўкраіну, дзе ён стаў асновай мазепінскага барока. У Расейскай імпэрыі архітэктар Барталямэа Растрэлі выкарыстаў матывы магілёўскага дэкору пры будаваньні Прачысьценскай саборнай царквы ў Смаленску.
Асаблівасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найбольш адметныя помнікі магілёўскага барока — мураваныя цэрквы. Яны звычайна будаваліся крыжова-цэнтрычнымі, з купалам над сяродкрыжжам (Пакроўская і Прачысьценская цэрквы). Характэрная рыса сакральных збудаваньняў — сынтэз структуры рускіх 3-апсыдных крыжова-купальных храмаў і заходне-эўрапейскіх 3-нэфных базылік. Найбольш выразна традыцыі школы ўвасобіліся ў Богаяўленскай, Мікольскай і Спаскай цэрквах, у якіх крыжова-цэнтрычная кампазыцыя спалучалася з асымэтрычнай базылікальнай, а 2-вежавы галоўны фасад аздабляўся паярусна разьмешчанымі нішамі рознай формы. Дэкараваныя нішамі ярусныя франтоны выконвалі функцыю сымбалічных вынасных вулічных іканастасаў.
Асноўная мастацкая роля ў інтэр’еры надавалася разным іканастасам, алтарам, ківотам і іншым элемэнтам у традыцыях беларускай рэзі[3][4].
Многія помнікі магілёўскага барока страцілі аўтэнтычнае аблічча ў выніку перабудоваў XIX ст., што праводзіліся ўладамі Расейскай імпэрыі. Аднак большасьць зь іх зьнішчаная за савецкім часам. Адзіны захаваны помнік — царква Сьвятога Мікалая ў Магілёве.
У наш час Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры распрацавала навукова абгрунтаваны праект аднаўленьня Пакроўскай царквы ў яе аўтэнтычным архітэктурным абліччы[5]. Таксама існуе праект аднаўленьня царквы ў выглядзе па перабудове 1863—1866 гадоў, вынікам якой стала зьнішчэньне арыгінальных рысаў магілёўскага барока[6]. Менавіта другі, не аўтэнтычны праект абраў дзеля ажыцьцяўленьня Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Богаяўленская царква, Магілёў
-
Пакроўская царква, Магілёў
-
Прачысьценская царква, Магілёў
-
Траецкая царква, Ворша
-
Максакаўскі манастыр каля Мены
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Гармель І. Магілёўшчына турыстычная: рушым… на руйнаванне стэрэатыпаў!, www.agrolive.by
- ^ Наш Магілёў. № 75, 25 ліпеня 2014 г.
- ^ Якімовіч Ю. Магілёўская школа дойлідства // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 284.
- ^ Якімовіч Ю. Магілёўская школа дойлідства // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 249.
- ^ Ці адродзяць праваслаўныя магілёўскае барока?, Радыё Свабода, 25 студзеня 2016 г.
- ^ Ці адродзіцца традыцыя магілёўскага барока?, Белорусский партизан, 20 студзеня 2016 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0