Магілёўская школа дойлідзтва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Мікольская царква, Магілёў

Магілёўская школа дойлідзтва, Магілёўскае барока[1][2] — самабытная школа стылю барока, якая склалася ў XVII—XVIII стагодзьдзях у грамадзянскай і сакральнай архітэктуры Магілёва. Адметныя рысы Магілёўскага барока таксама выявіліся ў некаторых іншых збудаваньнях, пераважна на тэрыторыі гістарычнай Аршаншчыны.

Фармаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Траецкая царква, Ворша

Зьяўленьню самастойнай школы ў Магілёве паспрыялі высокі ўзровень эканамічнага разьвіцьця места, пэўная палітычная незалежнасьць, наяўнасьць значнай колькасьці дойлідаў, маляроў, сьніцараў і іншых майстроў (апрача архітэктурнай, сфармаваліся таксама самабытныя малярская і гравёрная школы). Магілёўская школа дойлідзтва ўзьнікла ў выніку сынтэзу ўсходніх і заходніх плыняў, іх спалучэньня зь мясцовымі мастацкімі традыцыямі.

Сьпярша пад уплывам стылю рэнэсанс у XVII стагодзьдзі выпрацаваліся найважнейшыя прыёмы стварэньня кампазыцыі і дэкараваньня. У XVIII стагодзьдзі стыль барока узбагаціў сродкі выразнасьці, яшчэ больш павысіў ролю дэкору ў аздабленьні фасадаў і інтэр’ераў будынкаў. У 2-й палове XVIII ст. школа заняпала.

У XVIII стагодзьдзі магілёўскія майстры прынесьлі арыгінальны стыль зь земляў Вялікага Княства Літоўскага на Кіеўшчыну і левабярэжную Ўкраіну, дзе ён стаў асновай мазепінскага барока. У Расейскай імпэрыі архітэктар Барталямэа Растрэлі выкарыстаў матывы магілёўскага дэкору пры будаваньні Прачысьценскай саборнай царквы ў Смаленску.

Асаблівасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найбольш адметныя помнікі магілёўскага барока — мураваныя цэрквы. Яны звычайна будаваліся крыжова-цэнтрычнымі, з купалам над сяродкрыжжам (Пакроўская і Прачысьценская цэрквы). Характэрная рыса сакральных збудаваньняў — сынтэз структуры старажытных рускіх 3-апсыдных крыжова-купальных храмаў і заходне-эўрапейскіх 3-нэфных базылік. Найбольш выразна традыцыі школы ўвасобіліся ў Богаяўленскай, Мікольскай і Спаскай цэрквах, у якіх крыжова-цэнтрычная кампазыцыя спалучалася з асымэтрычнай базылікальнай, а 2-вежавы галоўны фасад аздабляўся паярусна разьмешчанымі нішамі рознай формы. Дэкараваныя нішамі ярусныя франтоны выконвалі функцыю сымбалічных вынасных вулічных іканастасаў.

Асноўная мастацкая роля ў інтэр’еры надавалася разным іканастасам, алтарам, ківотам і іншым элемэнтам у традыцыях беларускай рэзі[3][4].

Многія помнікі магілёўскага барока страцілі аўтэнтычнае аблічча ў выніку перабудоваў XIX ст., што праводзіліся ўладамі Расейскай імпэрыі. Аднак большасьць зь іх зьнішчаная за савецкім часам. Адзіны захаваны помнік — царква Сьвятога Мікалая ў Магілёве.

У наш час Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры распрацавала навукова абгрунтаваны праект аднаўленьня Пакроўскай царквы ў яе аўтэнтычным архітэктурным абліччы[5]. Таксама існуе праект аднаўленьня царквы ў выглядзе па перабудове 1863—1866 гадоў, вынікам якой стала зьнішчэньне арыгінальных рысаў магілёўскага барока[6].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гармель І. Магілёўшчына турыстычная: рушым… на руйнаванне стэрэатыпаў!, www.agrolive.by
  2. ^ «Наш Магілёў» №75, 25 ліпеня 2014
  3. ^ Якімовіч Ю. Магілёўская школа дойлідства // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 284.
  4. ^ Якімовіч Ю. Магілёўская школа дойлідства // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 249.
  5. ^ Ці адродзяць праваслаўныя магілёўскае барока?, Радыё Свабода
  6. ^ Ці адродзіцца традыцыя магілёўскага барока?, Белорусский партизан

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]