Перайсьці да зьместу

Магілёўская школа дойлідзтва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Магілёўскае барока»)
Мікольская царква, Магілёў

Магілёўская школа дойлідзтва, Магілёўскае барока[1][2] — самабытная школа стылю барока, якая склалася ў XVII—XVIII стагодзьдзях у грамадзянскай і сакральнай архітэктуры Магілёва. Адметныя рысы Магілёўскага барока таксама выявіліся ў некаторых іншых збудаваньнях, пераважна на тэрыторыі гістарычнай Аршаншчыны.

Траецкая царква, Ворша

Зьяўленьню самастойнай школы ў Магілёве паспрыялі высокі ўзровень эканамічнага разьвіцьця места, пэўная палітычная незалежнасьць, наяўнасьць значнай колькасьці дойлідаў, маляроў, сьніцараў і іншых майстроў (апрача архітэктурнай, сфармаваліся таксама самабытныя малярская і гравёрная школы). Магілёўская школа дойлідзтва ўзьнікла ў выніку сынтэзу ўсходніх і заходніх плыняў, іх спалучэньня зь мясцовымі мастацкімі традыцыямі.

Сьпярша пад уплывам стылю рэнэсанс у XVII ст. выпрацаваліся найважнейшыя прыёмы стварэньня кампазыцыі і дэкараваньня. У XVIII ст. стыль барока узбагаціў сродкі выразнасьці, яшчэ больш павысіў ролю дэкору ў аздабленьні фасадаў і інтэр’ераў будынкаў. У другой палове XVIII ст. школа заняпала.

У XVIII ст. магілёўскія майстры прынесьлі арыгінальны стыль зь земляў Вялікага Княства Літоўскага на Кіеўшчыну і левабярэжную Ўкраіну, дзе ён стаў асновай мазепінскага барока. У Расейскай імпэрыі архітэктар Барталямэа Растрэлі выкарыстаў матывы магілёўскага дэкору пры будаваньні Прачысьценскай саборнай царквы ў Смаленску.

Найбольш адметныя помнікі магілёўскага барока — мураваныя цэрквы. Яны звычайна будаваліся крыжова-цэнтрычнымі, з купалам над сяродкрыжжам (Пакроўская і Прачысьценская цэрквы). Характэрная рыса сакральных збудаваньняў — сынтэз структуры рускіх 3-апсыдных крыжова-купальных храмаў і заходне-эўрапейскіх 3-нэфных базылік. Найбольш выразна традыцыі школы ўвасобіліся ў Богаяўленскай, Мікольскай і Спаскай цэрквах, у якіх крыжова-цэнтрычная кампазыцыя спалучалася з асымэтрычнай базылікальнай, а 2-вежавы галоўны фасад аздабляўся паярусна разьмешчанымі нішамі рознай формы. Дэкараваныя нішамі ярусныя франтоны выконвалі функцыю сымбалічных вынасных вулічных іканастасаў.

Асноўная мастацкая роля ў інтэр’еры надавалася разным іканастасам, алтарам, ківотам і іншым элемэнтам у традыцыях беларускай рэзі[3][4].

Многія помнікі магілёўскага барока страцілі аўтэнтычнае аблічча ў выніку перабудоваў XIX ст., што праводзіліся ўладамі Расейскай імпэрыі. Аднак большасьць зь іх зьнішчаная за савецкім часам. Адзіны захаваны помнік — царква Сьвятога Мікалая ў Магілёве.

У наш час Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры распрацавала навукова абгрунтаваны праект аднаўленьня Пакроўскай царквы ў яе аўтэнтычным архітэктурным абліччы[5]. Таксама існуе праект аднаўленьня царквы ў выглядзе па перабудове 1863—1866 гадоў, вынікам якой стала зьнішчэньне арыгінальных рысаў магілёўскага барока[6]. Менавіта другі, не аўтэнтычны праект абраў дзеля ажыцьцяўленьня Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату.

  1. ^ Гармель І. Магілёўшчына турыстычная: рушым… на руйнаванне стэрэатыпаў!, www.agrolive.by
  2. ^ Наш Магілёў. № 75, 25 ліпеня 2014 г.
  3. ^ Якімовіч Ю. Магілёўская школа дойлідства // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 284.
  4. ^ Якімовіч Ю. Магілёўская школа дойлідства // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 249.
  5. ^ Ці адродзяць праваслаўныя магілёўскае барока?, Радыё Свабода, 25 студзеня 2016 г.
  6. ^ Ці адродзіцца традыцыя магілёўскага барока?, Белорусский партизан, 20 студзеня 2016 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]