Кастрычніцкі пераварот на Беларусі
Кастрычніцкі пераварот на Беларусі — узброены захоп улады ў Беларусі, учынены пераважна вайскоўцамі Заходняга фронту Расеі пад камандаю расейскіх рэвалюцыянэраў-бальшавікоў[1].
Перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Перадумовамі для ўсталяваньня на тэрыторыі Беларусі бальшавіцкай улады стаў Кастрычніцкі пераварот 1917 году ў Расеі, якая адбылася 25 кастрычніка (паводле старога стылю) у Петраградзе.
На тэрыторыі Беларусі ў гэты час знаходзіліся войскі Заходняга фронту, дзе ў бальшавікоў былі трывалыя пазыцыі[2].
Пераварот у Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вестка пра посьпех перавароту ў Кранштаце была атрымана ў Менску ў ноч з 25 на 26 кастрычніка. 26 кастрычніка ад імя Менскага Савету рабочых і салдацкіх дэпутатаў быў выдадзены загад № 1, у якім гаварылася, што ўладу ў Менску і навакольнай мясцовасьці Савет бярэ ў свае рукі[3][4]. Выканакам Савету прапанаваў усім дэмакратычным арганізацыям утварыць часовы вайскова-рэвалюцыйны камітэт (ВРК) Заходняга фронту для ажыцьцяўленьня рэвалюцыйных пераўтварэньняў. Аднак, эсэры, меншавікі і прадстаўнікі іншых партыяў не прынялі прапанову Савету і пачалі фармаваць свой орган, які назвалі «Камітэт ратаваньня рэвалюцыі», які ўзначаліў меншавік Т. Калатухін. У распараджэньні Камітэту былі Каўкаская дывізія, якая стаяла ў Масюкоўшчыне і фармаваньні 1-га польскага корпусу генэрала Доўбар-Мусьніцкага[4]. Дзеля змаганьня з «Камітэтам ратаваньня рэвалюцыі» ВРК Менскага Савету зьвярнуўся па дапамогу да ВРК 2-й арміі. У ноч з 31 кастрычніка па 1 лістапада ў Менск прыбыў бліндзіраваны цягнік і іншыя часткі 2-й арміі, што дазволіла Савету значана ўмацаваць сваю ўладу і распусьціь «Камітэт ратаваньня рэвалюцыі».
Усьлед за Менскам Саветы ўзялі ўладу ў Віцебску, Гомелі, Воршы, Бабруйску, Слуцку, Рэчыцы, Мазыры, Полацку і іншых местах і павятовых цэнтрах Беларусі, а таксама ў 2-й, 3-й і 10-й арміях Заходняга фронту[5].
Інакш разгортваліся падзеі ў Магілёве, дзе была Стаўка Вярхоўнага камандаваньня. Аднак у ноч з 18 на 19 лістапада 1917 году пад ціскам рэвалюцыйных салдатаў Магілёва Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім пераважалі эсэры, меншавікі і Бундаўцы, прызнаў уладу, якая ўсталявалася ў Петраградзе, і ўтварыў Вайскова-рэвалюцыйны камітэт. У тую ж ноч была разгромлена Стаўка Вярхоўнага камандваньня, а ейны апошні кіраўнік генэрал Мікалай Духонін потым быў забіты.
Пераход да ўлады Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў на Беларусі, апроч тэрыторыі, занятай немцамі, скончыўся за 3 тыдні.
Умацаваньне ўлады. Пастановы і дзеяньні першых зьездаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У лістападзе — сьнежні 1917 году адбыліся зьезды Саветаў рабочых і сялянскіх дэпутатаў Заходняе вобласьці, сялянскіх дэпутатаў Менскае і Віленскае губэрняў, 2-гі зьезд салдат і рабочых вайсковых прадпрыемстваў Заходняга фронту, Віцебскі губэрнскі зьезд Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, зьезды Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, а таксама Саветаў сялянскіх дэпутатаў Магілёўскае губэрні. Яны прызналі Савецкую ўладу, зацьвердзілі структуру яе органаў, вызначылі сыстэму кіраваньня ў губэрнях і на фронце, абралі выканаўчыя камітэты.
Найбуйнейшым зь іх быў зьезд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняе вобласьці. На ім было зазначана, што мноства Саветаў знаходзяцца ў стадыі фармаваньня. Зьезд палічыў дапушчальным саюз толькі з тымі партыямі, якія прызналі Савет Народных Камісараў, дэкрэты аб міры, зямлі, аб кантролі за вытворчасьцю. Зьезд палічыў неабходным усю маёмасьць памешчыкаў перадаць пад кіраваньне зямельных камітэтаў. Абласны зьезд выказаўся таксама за тое, каб валасныя зямельныя камітэты складаліся толькі з найбяднейшых сялянаў.
Аніводны Савет, Вайскова-рэвалюцыйны камітэт на Беларусі не прапанаваў увесьці дыктатуру пралетарыяту. Наадварот усе буйныя Саветы, Цэнтральнае бюро прафсаюзаў, армейскія, карпусныя і дывізійныя салдацкія камітэты выказваліся за стварэньне ўлады з прадстаўнікоў усіх сацыялістычных партыяў.
Першыя дэкрэты Савецкай улады аб міры і зямлі задавальнялі большасьць насельніцтва. Найважнейшым і неадкладным было пытаньне аб спыненьні ваенных дзеяньняў. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту, дамовіўся зь нямецкім камандваньнем пра пачатак перамоваў аб перамір’і. Была сфармавана дэлегацыя ад фронту, якая была ўпаўнаважана праводзіць перамовы зь нямецкай дэлегацыяй. Перамовы праходзілі ў м. Солах. 20 лістапада было падпісана замірэньне тэрмінам на 2 месяцы — з 23 лістапада (5 сьнежня) 1917 да 25 студзеня (7 лютага) 1918 году. За гэты тэрмін было дамоўлена падрыхтаваць пагадненьне аб міры. Ад войскаў Заходняга фронту дамову падпісалі жаўнеры Шчукін, Ціхмянёў, Пятроў, Лук’янаў, Школьнікаў, Яркін, Хрусталёў, малодшы ўнтэр-афіцэр Станіслаў Берсан[6].
Вельмі важнай было правядзеньне ў жыцьцё Дакрэта аб зямлі. Праводзіўся ўлік зямлі, рабочай жывёлы, інвэнтару. Абласныя і губэрнскія выканкамы Саветаў распрацавалі інструкцыі, праводзілі нарады, паседжаньні зямельных камітэтаў. Правядзеньне Дэкрэта сустрэла супраціў сілаў, якія былі ў ім не зацікаўлены. Так, у Лепельскім павеце публікацыя Дэкрэта аб зямлі ў друку была забаронена. У Гарадоцкім павеце былі арганізаваныя масавыя пажары і рабункі маёнткаў. Аднак, спыніць працу не ўдалося і зямля была перададзена ўва ўласнасьць сялянам[5].
Стварэньне Аблвыканкамзаху
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]ІІ зьезд арміяў Заходняга фронту, зьезды Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняе вобласьці і Саветаў сялянскіх дэпутатаў Менскай і Віленскае губэрняў дамовіліся ўтварыць на Беларусі новую адміністрацыйную адзінку — Заходнюю вобласьць і Заходні фронт. Для выкананьня гэтай задачы, гэтыя Саветы аб’ядналіся[7].
26 лістапада 1917 году быў утвораны Выканаўчы камітэт Заходняй вобласьці і Заходняга фронту (Аблвыканкамзах). У яго склад увайшлі 100 чальцоў фратавога камітэту, па 35 чальцоў выканкамаў Саветаў Заходняе вобласьці і Саветаў сялянскіх дэпутатаў Менскае і Віленскае губэрняў, 11 прадстаўнікоў ад прафсаюзаў, 4 — ад Чыгуначнага саюзу і 2 — ад Саюзу паштова-тэлеграфных службоўцаў. Быў утвораны выканаўча-распараджальны орган — Савет Народных Камісараў Заходняй вобласьці і Заходняга фронту. Старшынём Аблвыканкамзаху быў абраны М. Рагазінскі, а старшынём СНК — Карл Ландэр[7].
Удзельнікі і кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У першыя гады савецкай улады, калі пачаў працаваць Інстытут гісторыі партыі (Гістпарт), складаліся сьпісы «актыўных удзельнікаў і кіраўнікоў Кастрычніцкім пераваротам на Заходнім фронце». У пэрсанальных сьпісах створаных бальшавікамі арганізацыяў (бальшавіцкай фракцыі Менскага Савету, вайскова-рэвалюцыйнага камітэту, рэдакцыі газэты «Звезда») стаялі адныя і тыя ж людзі: Мясьнікоў, Ландар, Кнорын, Фамін, Алібегаў і інш. У ніводным з гэтых сьпісаў не было ніводнага беларуса[1].
Захаваліся сьведчаньні кіраўнікоў перавароту пра тое, што савецкую ўладу на Беларусі ўсталявалі расейскія салдаты Заходняга фронту. Паводле Кнорына, «гэтая шматтысячная сялянская маса ў салдацкіх шынялях была той самай сілай, што ажыцьцявіла Кастрычніцкі пераварот у Менску і на Заходнім фронце». Старшыня Аблвыканкамзаху Заходняй вобласьці Мясьнікоў сьведчыў, што «моцных зьвязкаў з работнікамі няма, з прычыны блізкасьці фронту наша арганізацыя па сутнасьці вайсковая»[1]. Мясьнікоў таксама зазначаў, што бальшавіцкую большасьць ува ўсіх Саветах стваралі салдаты, што «вярхі рабочага руху ў абстаноўцы рамесьніцкай і саматужнай вытворчасьці адсталі ад сапраўднага настрою мас», што з прычыны адсутнасьці кіраўнікоў рэвалюцыйнага рабочага руху абаронцы мелі мажлівасьць уплываць на «жменьку» мясцовых работнікаў. Восеньскія падзеі 1917 году нацыянал-камуніст Чарвякоў называў «салдацкай» рэвалюцыяй[1]. Рэвалюцыянэр Агурскі, увогуле, зазначаў[1]:
…бальшавіцкія кіраўнікі Кастрычніцкай рэвалюцыі былі чужымі ў нашым краі… | ||
У 1924 годзе ў артыкуле для зборніка «Беларусь» Кнорын напісаў[1]:
25 кастрычніка ён (бальшавізм — заўвага) быў чужым для шырокіх мас… | ||
Аднак празь некалькі гадоў Кнорын ужо пісаў пра ўсеагульную падтрымку партыі бальшавікоў мясцовымі работнікамі і сялянамі, пра існаваньне падрыхтаванага пляну ўзброенага выступу і расьпісаных ролях[1].
Увогуле, у Выканаўчым камітэце Заходняе вобласьці і Заходняга фронту з 187 яго сяброў прадстаўнікі фронту складалі 100 сяброў, а грамадзянскае насельніцтва было прадстаўлена толькі 87 сябрамі. Пры арганізацыі ўлады бальшавікі рабілі стаўку менавіта на вайскоўцаў.
Абласная арганізацыя бальшавікоў на 80% складалася з расейцаў, украінцаў, латышоў, летувісаў, габрэяў і іншых нацыянальнасьцяў. Таму, яны варожа сустэлі навіну пра скліканьне Усебеларускага зьезду для разьвязаньня нацыянальнага самавызначэньня Беларусі. Таксама адзначаецца, што паводле савецкай статыстыкі, беларусаў у параўнаньні зь іншымі народамі было непрапарцыйна мала сярод бальшавікоў увогуле: калі ад усяго насельніцтва Расейскай імпэрыі беларусы складалі 4,2%, то сярод высланых у 1907—1917 гадох расейскіх рэвалюцыянэраў — толькі 0,4% (апошняе месца сярод усіх суседніх народаў)[8][9].
Рэакцыя мясцовага насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мясцовыя палітычныя партыі рашуча асудзілі пераварот. ЦК Бунда, найбольш уплывовай палітычнай сілы ў Менску, 7—9 лістапада прыняў рэзалюцыю: «…тэрор бальшавікоў, які абапіраецца на ўзброеную дыктатуру салдат, прадстаўляе сабою найбольшую небясьпеку для рэвалюцыі, адкрывае шлях для вайсковай дыктатуры контррэвалюцыі… нашай задачай зьяўляецца канцэнтрацыя сілаў рэвалюцыйнай дэмакратыі вакол ідэі непрызнаньня гэтай улады і ізаляцыі яе з тым, каб падрыхтаваць яе падзеньне…»[1]
Усебеларускі зьезд не прызнаў законным утварэньне Заходняй вобласьці і Заходняга фронту як адміністрацыйнае адзінкі. Сфармаваную ўладу зьезд не ўважаў за ўладу работнікаў, сялянаў і салдатаў Беларусі, бо ў яе органах прадстаўнікі Заходняга фронту складалі больш за 90%. Сябры Аблвыканкамзаху і СНК не зьяўляліся беларусамі паводле нацыянальнасьці і нават не былі жыхарамі Беларусі[10].
У 1918 годзе газэта «Вольная Беларусь» з нагоды гадавіны Лютаўскай рэвалюцыі адзначыла[1]:
…выявілася, што вялікарускі народ устаў перад намі як новы валадар і гвалтаўнік і ён …не адкажацца ад свайго нацыянальнага панаваньня… Наёмные банды бальшавізму не спыніліся ні перад чым, каб утрымаць сваё нацыянальнае ўладарства. | ||
Як зазначала ў 1932 годзе беларуская газэта «Крыніца», «гэтая ўлада была заўсёды чужая, небеларуская. Камуністычную ўладу стварылі не беларускія сяляне і рабочыя, а расейскае войска, якое стаяла на Заходнім фронце»[11].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е ё ж з Стужынская Н. «Кастрычніцкі пераварот — нож у спіну рэвалюцыі». Што адбывалася ў Мінску ў кастрычніку 1917 года // Наша Ніва, 6 лістапада 2017 г.
- ^ История Беларуси: Полный курс: Пособие для старшеклассников и поступающих в ВУЗы / Ю. Л. Козаков, П. О. Лойко — Мн.: ООО «Юнипресс», 2003. С. 234.
- ^ История Беларуси: Полный курс: Пособие для старшеклассников и поступающих в ВУЗы / Ю. Л. Козаков, П. О. Лойко — Мн.: ООО «Юнипресс», 2003. С. 235.
- ^ а б Ігнаценка І. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. № 4, 1997. С. 25
- ^ а б Ігнаценка І. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. № 4, 1997. С. 26.
- ^ Ігнаценка І. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. № 4, 1997. С. 27.
- ^ а б Ігнаценка І. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. № 4, 1997. С. 29.
- ^ Хазиахметов Э. Ш. Сибирская политическая ссылка 1905—1917 гг. (облик, организации и революционные связи). Приложение 2; Общий свод данных переписи 1897 г. Т. 2. — Томск, 1978. С. 2—91.
- ^ Чайчыц А. Чаму савецкая акупацыя Беларусі была акупацыяй, Беларускі партызан, 6 лістапада 2013 г.
- ^ Ігнаценка І. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. № 4, 1997. С. 32.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Вільня, 2002.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917—1937). — Мн.: «Навука і тэхніка», 1973. — 696 с. З іл. І карт (АН БССР. Ін-т гісторыі).
- Гісторыя Беларусі : У 6 т. Т. 5. Беларусь у 1917—1945 гг. / А. Вабішэвіч [і інш.]; рэдкал. М. Касьцюк (гал. рэд.) і інш. — Мінск : Экаперспектыва, 2007. — 613 с.: іл. ISBN 985-469-149-7.
- Ігнаценка І. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. № 4, 1997.
- Мірановіч Я. Найноўшая гісторыя Беларусі. — Спб.: Неўскі прасьцяг, 2003. — 243 с.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вікіцытатнік зьмяшчае збор цытатаў, датычных тэмы артыкула: |