Кава
Ка́ва (араб. qahwa, турэц. kahve) — напой з пражаных, а пасьля змолатых альбо інстантызаваных зёрнаў кававага дрэва, які звычайна падаецца гарачым. Адзін з найпапулярнейшых напояў на плянэце і асноўная крыніца кафэіну. Кава абуджае і бадзёрыць, паскарае абмен рэчываў і паляпшае здольнасьць мысьленьня. Штогод вырабляецца каля 6,7 мільёнаў тон кавы. Дагэтуль не даведзены адмоўны ўплыў кавы на арганізм чалавека. Аднак празьмернае спажываньне кавы можа мець шкодны ўплыў на здароўе чалавека. Для прыгатаваньня кубка кавы бяруць 10 грамаў парашку молатага зерня кавы, якія заліваюць шклянкай кіпеню. Атрыманы напой настойваюць 5 хвілінаў[1].
Вырошчваньне кавы пачалося ў Паўднёвай Арабіі. Самы раньні дакладны доказ ужываньня напою з кавы адносіцца да сярэдзіны XV стагодзьдзя ў Емэне. Ва Ўсходняй Афрыцы й Емэне, кава выкарыстоўвалася ў працэсіі рэлігійных абрадаў. Менавіта праз гэта Этыёпская царква наклала забарону на сьвецкае спажываньне кавы да часоў панаваньня імпэратара Мэнэліка II[2]. Напой быў таксама забаронены ў Асманскай імпэрыі ў XVII стагодзьдзі паводле палітычных чыньнікаў[3]. у Эўропе кава зьявілася каля XVI стагодзьдзя.
Кава зьяўляецца важным экспартным таварам[4]. Зялёная (неабсмажаная) кава ёсьць адным з найбольш прадаваных сельскагаспадарчых тавараў у сьвеце[5].
Назоў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Назоў кава паходзіць ад арабскага qahwa. У большасьць славянскіх моваў прыйшоў праз турэцкае слова kahve. Qahwa па-арабску азначае і каву, і віно, прычым другое значэньне старэйшае. Часта прыймаецца, што назоў паходзіць ад славутага рэгіёну вырошчваньня кавы Кафа ў Этыёпіі. Таксама ён можа паходзіць ад слова kohwet, што значыць «сіла».
Проціпаказаньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Працяглае ўжываньне звыш 3 кубкаў кавы ў дзень можа выклікаць хранічнае атручаньне: парушэньне рытму сардэчнай дзейнасьці (арытмія), раздражняльнасьць, неспакой, бессань, дрыжаньне рук, пачашчанае мочаспусканьне і скурны сьверб. Варта пазьбягаць піцьця кавы пры язвавай хваробе страўніка і 12-перснай кішкі, гастрыце, бессані, павышанай узбуджальнасьці нэрвовай сыстэмы і гляўкоме. У сувязі з павышаным утрыманьнем кафэіну карысна ўнікаць піцьця кавы ў дзяцінстве[1].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першапачаткова кававыя зярняты ўжываліся ў цьвёрдым выглядзе, жаваліся, альбо душыліся і зьмешваліся з малаком і тлушчам. З XII стагодзьдзя пачалі рабіць напой з сырых зярнятаў. Самыя раньнія дакладныя доказы ўжываньня кававага напою датуюцца XV стагодзьдзем, у суфійскіх кляштарах ў Емэне[6]. Менавіта тут, у Арабіі, насеньне кавы было ўпершыню абсмажана і зварана, аналягічным чынам таму, як гэта робіцца сёньня. Але ў першыню насеньне кавы зьявілася ў Емэне з Этыёпіі. Да XVI стагодзьдзя кава дасягнула астатняй часткі Блізкага Ўсходу, Пэрсіі, Турэччыны і Паўночнай Афрыкі.
У XV стагодзьдзі ў Стамбуле быў адчынены першы спэцыялізаваны магазын кавы, а ў XVI стагодзьдзі — першая грамадзкая кавярня. Квітнеючы гандаль паміж Вэнэцыяй, Паўночнай Афрыкай і Блізкім Усходам прывёў да зьяўленьня ў вэнэцыянскіх партах кавы. З Вэнэцыі, яна патрапіла ў астатнюю частку Эўропы. Кава стала больш шырока прынятая пасьля таго, як была прызнаная хрысьціянскім напоем папам Клімэнтам VIII ў 1600 годзе, нягледзячы на заклікі забараніць «мусульманскі напой». Першая эўрапейская кавярня адчыніла свае дзьверы ў Рыме ў 1645 годзе[7]. У 1683 годзе пасьля разгрому турэцкіх войскаў пад Венай, захопленая ў турэцкім абозе кава пайшла на адкрыцьцё першай венскай кавярні. Менавіта тады склалася традыцыя «кавы па-венску»: працэджаная кава, зьмешвалася з цукрам і вяршкамі і падавалася з булачкай, выпечанай у форме паўмесяца, — рагалікам, які сымбалізаваў пераможаны іслам.
Галяндзкая Ост-Індзкая кампанія стала першай, хто пачаў імпартаваць каву ў вялікіх маштабах. Галяндцы пазьней пачалі вырошчваць каву на астравох Ява і Цэйлон. Першыя экспартныя пастаўкі інданэзійскай кава зь Явы ў Нідэрлянды адбыліся ў 1711 годзе. У XVIII стагодзьдзі кава набыла папулярнасьць у Эўропе, і эўрапейцы завезьлі кававую культуру ў многія трапічныя краіны па ўсім сьвеце. Кавярні сталіся цэнтрамі інтэлектуальнай і дзелавой актыўнасьці. Вядомая страхавая фірма Lloyds of London першапачаткова зьяўлялася ангельскай кавярняй. У 1899 годзе швайцарскі хімік Макс Маргенталер стварыў растваральную каву, для якой выкарыстоўваецца сумесь зь першага і другога гатункаў «арабікі» і «рабусты». Растваральная кава хутка распаўсюдзілася з 1940-х гадоў.
Вытворчасьць кавы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Існуюць два асноўныя віды кававага дрэва: арабіка (Coffea arabica, эндэмік паўднёва-заходняй Этыёпіі), менш устойлівы да захворваньняў, але дае зярняты больш тонкага смаку, і рабуста (Coffea canephora (robusta), прарадзіма — Уганда), зярняты якога ўтрымліваюць на 40—50% больш кафэіну, больш горкія, і які могуць расьці ў месцах невыносных для арабікі. Рабуста высокай якасьці прымяняецца для прыгатаваньня эспрэса, даючы магчымасьць атрымаць лепшую пенку. Іншыя віды — Coffea liberica і Coffea esliaca — верагодна паходзяць зь Лібэрыі і Паўднёвага Судану, адпаведна.
Да 125 млн чалавек па ўсім сьвеце занятыя вырошчваньнем кавы. 400 млрд кубачкаў кавы спажываецца на плянэце штогод, 12 тысячаў кубачкаў кожную сэкунду. Сусьветная вытворчасьць складае прыкладна 100 млн звычайных мяшкоў кавы, то бок 6 млн тонаў, больша як 80 млн мяшкоў ідзе на экспарт. Буйнейшымі вытворцамі кавы, паводле 2004 году, зьяўляюцца Бразылія — 2356 (тут і далей у млн т, 35% сусьветнай вытворчасьці), Віетнам — 831 (12%), Калюмбія — 684 (10%), Інданэзія — 443 (7%), Этыёпія — 300 (4%), Індыя — 321 (3%), Гватэмала — 221 (3%), Мэксыка — 204 (3%), Пэру — 201 (3%), Уганда — 165 (2%), Гандурас — 155 (2%), Коста-Рыка — 107 (2%), Кот д’Івуар — 105 (1%), Сальвадор — 85 (1%), Нікарагуа — 68 (1%), Эквадор — 56 (1%).
У міжнародны гандаль паступаюць звычайна зялёныя зярняты, гэта зьвязана з тым, што ў зялёным стане кава можа захоўвацца даўжэй.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Сьвятлана Барысенка. Гарбата і кава — напоі не для хворых // Зьвязда : газэта. — 19 красавіка 2012. — № 76-77 (27191-27192). — С. 10. — ISSN 1990-763x.
- ^ Pankhurst, Richard (1968). Economic History of Ethiopia. Addis Ababa: Haile Selassie I University. p. 198.
- ^ Hopkins, Kate (March 24, 2006). «Food Stories: The Sultan’s Coffee Prohibition». Accidental Hedonist.
- ^ «FAO Statistical Yearbook 2004 Vol. 1/1 Table C.10: Most important imports and exports of agricultural products (in value terms) (2004)» (PDF). FAO Statistics Division. 2006.
- ^ Mussatto, Solange I.; Machado, Ercília M. S.; Martins, Silvia; Teixeira, José A. (2011). «Production, Composition, and Application of Coffee and Its Industrial Residues». Food and Bioprocess Technology 4 (5): 661-72. doi:10.1007/s11947-011-0565-z.
- ^ Weinberg, Bennett Alan; Bealer, Bonnie K (2001). The World of Caffeine: The Science and Culture of the World’s Most Popular Drug. New York: Routledge. ISBN 0-415-92722-6.
- ^ Meyers, Hannah (March 7, 2005). Suave Molecules of Mocha—Coffee, Chemistry, and Civilization. New Partisan.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аляксей Новічкаў. Латэ, глясэ ці мока: што ўнутры модных кававых напояў // Радыё «Спадарожнік», 2 лістапада 2015 г. Праверана 6 жніўня 2016 г.
- This is Coffee. Кароткі фільм пра каву (анг.)
- Кава: шкодна ці не?