Кафэін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Формула малекулы кафэіну

Кафэі́н — алькалёід, які ёсьць у насеньні кававага дрэва, лісьці чайнага хмызьняка і арэхах кола. Зьяўляецца вытворным рэчывам пурыну. Узбуджае цэнтральную нэрвовую сыстэму, асабліва сасударухальны цэнтар, што пашырае сасуды, і вышэйшыя аддзелы: павышае ўспрыманьне органаў пачуцьцяў, рухавасьць, разумовую і цялесную працаздольнасьць, зьніжае стомленасьць і санлівасьць[1].

3-вымерная будова кафэіну: чорны — вуглярод, белы — вадарод, чырвоны — тлен, сіні — азот.

Кафэін уваходзіць у склад звыш 20 найменьняў лекаў. Парог шкоднага дзеяньня складае 300 міліграмаў кафэіну на дзень. Такая доза ўтрымліваецца ў 3-х кубках кавы, калі 1 кубак (да 100 мілілітраў) зьмяшчае ў сярэднім 100 міліграмаў. Пагатоў у кубку кавы з абсмажанага кававага зерня 80—115 мг, у кубку растваральнай кавы 65—71 мг, у кубку кавы эспрэса 40 міліграмаў. Перадазоўка можа назірацца ўжо па прыёме 500 мг кафэіну за дзень[2]. Чайнае лісьце ўтрымлівае да 4 % кафэіну, што істотна больш за ўзровень кавы і было б дастаткова для атручаньня пры імклівым усмоктваньні ў кроў. Аднак кафэін з гарбаты ўсмоткваецца павольна і хутка выводзіцца, бо знаходзіцца ў злучаным стане з танінам і паступлае ў арганізм разам з тэабрамінам і тэафілінам[3].

Перадазоўка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Уплыў прыёму кафэіна павуком на пляценьне павуціньня (справа)

Прыём 1 граму кафэіну выклікае ў дарослага чалавека павышаны ціск, арытмію (тахікардыя) і парушэньне кровазвароту. Такая доза зьмяшчаецца ў 12,5 кубках кавы, калі 1 кубак кавы (да 100 мілілітраў) зьмяшчае 80 міліграмаў кафэіну (1 / 0,08 = 12,5). Сьмяротная доза для дарослага чалавека складае 10 грамаў, што адпаведна зьмяшчаецца ў 12,5 літрах кавы (125 кубкаў)[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кафэін // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 8. — С. 187. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0144-3
  2. ^ Ірына Луцік. Кава шкодная ці не // Прамень : газэта. — Стоўпцы: 9 жніўня 2011. — № 151-152.
  3. ^ Чайны куст // Партал «Прылесьсе» пра расьліны і кветкі, 1 чэрвеня 2015 г. Праверана 24 жніўня 2017 г.
  4. ^ Кола і іншыя напоі з кафэінам — ціхія забойцы сучаснага чалавека // Зьвязда : газэта. — 17 траўня 2012. — № 92 (27207). — С. 1. — ISSN 1990-763x.