Гляўкома

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гляўкома
Пашыраная зрэнка і пачырваненьне цьвердавіцы вока (зьлева) пры закрытавуглавой гляўкоме (2020 год)
Пашыраная зрэнка і пачырваненьне цьвердавіцы вока (зьлева) пры закрытавуглавой гляўкоме (2020 год)
Сынонімы вочнае памутненьне
Спэцыяльнасьць афтальмалёгія
Сымптомы пачырваненьне вока, ацёк рагавіцы, пашырэньне зрэнак, пагаршэньне зроку
Ускладненьні сьлепата
Звычайна праяўляецца боль вока
Працягласьць хранічная
Віды першасная, другасная, прыроджаная; адкрыта- і закрытавугольная
Прычыны парушэньне адтоку вочнай вадкасьці і яе цыркуляваньня
Фактары рызыкі розьніца ўнутрывочнага ціску між вачыма, нізкавокасьць і далёказрочнасьць
Мэтад дыягностыкі кампутарная тамаграма сеткавіцы і дыска зрокавай нэрвы, вымярэньне ўнутрывочнага ціску
Сходныя станы катаракта
Прафіляктыка цялесная разьмінка і ўжываньне морквы
Лячэньне лазэрная хірургія
Лекі вочныя кроплі і нэўрапратэктары
Частасьць 7 млн чал. (2021 год)
Гляўкома ў Вікісховішчы

Гляўкома (грэц. γλαυκός + -ομα — блакітнавата-зялёная пухліна) — хранічнае зьніжэньне зроку ў выніку павышэньня ўнутрывочнага ціску.

Найчасьцей узьнікае праз парушэньне адтоку вочнай вадкасьці або іншае парушэньне яе цыркуляваньня. Віды: 1) першасная — абодвух вачэй пасьля 40 гадоў, 2) другасная — ад рубцоў рагавіцы і пухліны, 3) прыроджаная — ад хібаў разьвіцьця зроку. Пры адсутнасьці лячэньня прыводзіць да сьлепаты. Прыкметамі хваробы служаць: унутрывочны ціск да 70—80 мм ртутнага слупка пры норме 18—27 мм, боль вока і вакол яго, пачырваненьне вока, ацёк рагавіцы, пашырэньне зрэнак, пагаршэньне зроку, моташнасьць і рвота. Пры гэтым звужаецца поле зроку і атрафуецца зрокавая нэрва. Лячэньне бывае лазэрнае і хірургічнае, а таксама лекамі[1]. Папярэджаньню хваробы спрыяюць цялесная разьмінка, бо памяншае ўнутрывочны ціск, і ўжываньне морквы, багатай на правітамін А[2]. На 2021 год на вочнае памутненьне хварэла звыш 7 млн чалавек у сьвеце[3].

Назвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У іншых славянскіх мовах хвароба мае ўласныя назвы: баўг. зялёная зорка, мак. сеткі, польск. яскра, славац. вочнае памутненьне, сэрб. зялёны вусач, харв. зьмей-зрокакрад, чэск. зялёнае памутненьне.

Чыньнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хвароба ўзьнікае праз павышаны ўнутрывочны ціск, ад якога разбураюцца вузы сеткавіцы і атрафуецца вочная глядзельная нэрва. Унутрывочны ціск у норме мае складаць 7—21 мілімэтар ртутнага слупа пры таўшчыні рагавіцы ў 550 нанамэтраў. Пры нізкавокасьці таўшчыня рагавіцы можа складаць 600 нанамэтраў, таму ціск можа быць вышэйшым. Павышэньню ціску спрыяе запаленьне і іншыя хваробы вачэй. У выніку зрокавыя сыгналы перастаюць паступаць у галаўны мозаг і пагаршаецца зрок. Праз парушэньне пэрыфэрычнага зроку абмяжоўваецца поле бачнасьці[3].

Унутры вока ўтвараецца празрыстая вільгаць, што запаўняе пярэднюю і заднюю камэры вока. Гэтая вадкасьць сілкуе крышталік, шклопадобнае цела і эндатэль рагавіцы. За содні вока вырабляе 3—10 мілілітраў вадкасьці, што сыходзіць у крывяносную сыстэму празь сьлёзныя каналы пярэдняй камэры. Адток унутрывочнай вадкасьці празь сьлёзны канал можа спыняцца, калі той забіваецца пігмэнтнымі адкладаньнямі, асабліва ў людзей з карымі вачыма. Таксама яе адток могуць блякаваць таксічныя рэчывы і бялкі, назапашаныя ў выніку запаленьня вачэй. Назапашваньне ўнутрывочнай вадкасьці пры парушэньні адтоку выклікае павышэньне ўнутрывочнага ціску. Праз гэта валокны зрокавай нэрвы, што выходзяць у галаўны мозаг, пачынае сьціскаць, бо вока нібы расьпірае. Пры працяглым сьцісканьні нэрва пераціскаецца і паступовае адмірае[3].

Рызыкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вочнаму памутненьню спрыяе розьніца між унутрывочным ціскам левага і правага вока звыш 5 мм ртутнага слупка. Пра парушэньне таксама сьведчыць розьніца звыш 5 мм ртутнага слупка між унутрывочным ціскам, вымераным зранку і ўвечары. Сярод іншага, хваробе садзейнічаюць высокая ступеня нізкавокасьці і далёказрочнасьці. Часта немач узьнікае ў людзей, якія хварэюць на цукровы дыябэт, а таксама ў тых, хто перанёс траўму вока, апэрацыю на ім і такія запаленьні вачэй, як увэіт і ірыдацыкліт. Калі сваякі ў сям’і хварэлі на вочнае памутненьне, то ўжо з маладосьці адзначаюцца хваратворныя зьмяненьні, бо ў спадчыну перадаюцца асаблівасьці будовы вачэй. Урэшце, хвароба часта сустракаецца ў жанчынаў кволага целаскладу зь нізкім артэрыяльным ціскам[3].

Прыкметы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страта бакавога зроку пры вочным памутненьні (2010 год)

Праявамі хваробы служыць пагаршэньне бакавога (пэрыфэрычнага) зроку. Пазьней хворы перастае заўважаць прадметы па баках, ад чаго зрок становіцца «тунэльным». Адно з вачэй губляе зрок хутчэй. Урэшце, бакавы зрок пагаршаецца настолькі, быццам хворы глядзіць скрозь трубачку. Могуць узьнікнуць скаргі на зьніжэньне зроку ў прыцемках і агульнае падзеньне яго вастрыні. У некаторых выпадках парушаецца ўспрыманьне адценьняў[3].

Пры закрытавольгольнай гляўкоме, калі кут адтоку вадкасьці з вока зачынены, адзначаецца востры прыступ, бо ўнутрывочны ціск рэзка павышаецца. Падчас прыступу вочны яблык становіцца шчыльным і цьвёрдым, зрэнка — пашыранай і няправільнай паводле формы, павекі — азызлымі, а рагавіца мутнее. За некалькі гадзінаў прыступ можа прывесьці да поўнай страты зроку. Калі кут для адтоку вадкасьці сам па сабе адчынены, але забіты, такую гляўкому называюць адкрытавугольнай. Сярод іншага, хворы можа скардзіцца на размытасьць перад вачыма, пачырваненьне вачэй, рэзкі боль у воку, галаўны боль у лобнай і скроневай абласьцях, сьлёзацёк і сьвятлабоязь, млоснасьць і ваніты. Урэшце, другасная гляўкома разьвіваецца пры катаракце і дыябэтычнай рэтынапатыі[3].

Дыягностыка і лячэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для дыягностыкі вочнага памутненьня выконваюць кампутарную тамаграму сеткавіцы і дыска зрокавай нэрвы, вымяраюць унутрывочны ціск, а таксама вызначаюць таўшчыню рагавіцы і палёў зроку[3].

Каб панізіць унутрывочны ціск, прапісваюць кроплі для аднаўленьня абмену рэчываў у вочных тканках. Таксама могуць прызначыць нэўрапратэктары для паляпшэньня кровазабесьпячэньня вачэй[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Людміла Марчанка. Гляўкома // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — С. 287288. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0.
  2. ^ Гляўкому можна прадухіліць // Беларуская служба Радыё «Свабода», 2 лютага 2010 г. Праверана 1 ліпеня 2023 г.
  3. ^ а б в г д е ё ж Вольга Стружынская. Гляўкома: сымптомы, прычыны, лячэньне // Партал «Слушна», 21 сакавіка 2021 г. Праверана 1 ліпеня 2023 г.