Вельбарская культура
Вельбарская культура — археалягічная культура жалезнага веку ў паўночнай Польшчы і паўднёва-заходняй Беларусі. Зьявілася ў 120-х гадох н. э., эвалюцыянуючы з аксыўскай культуры. Праіснавала да V стагодзьдзя н. э. Мае повязі з чарняхоўскай культурай, зьмяняецца праскай культурай. Звычайна ідэнтыфікуецца з готамі.
Назву атрымала паводле могільніка каля мястэчка Вельбарку (цяпер Мальбарк-Вельбарк) у Ніжнім Павісьленьні. Ад пачатку займала тую ж тэрыторыю, што і яе папярэдніца — аксыўская культура, навакольлі сучасных местаў Гданьску і Хэлмны. Яе ўзьнікненьне зьвязваюць зь міграцыяй готаў з Паўднёвай Швэцыі ў Памяранію. З часам тэрыторыя пашырылася і дасягнула на поўдні навакольляў сучаснага места Познаню. На другой стадыі разьвіцьця (II—IV стагодзьдзі н. э.) пачала прасоўвацца на паўднёвых усход і ў II стагодзьдзі заняла тэрыторыя правабярэжжа Бугу да ракі Гарыні.
Насельніцтва жыло на адкрытых селішчах, якія разьмяшчаліся на берагох рэк, у 2-камэрных жытлах глінабітна-каркаснай канструкцыі. Вырабляла ляпныя прысадзістыя шыракагорлыя гаршкі з порыстай паверхняй, а таксама арнамэнтаваныя рэльефнымі геамэтрычнымі ўзорамі міскі і кубкі. Пахавальныя абрады — трупапалажэньне і трупаспаленьне на безкурганных могільніках.
На тэрыторыі паўднёва-заходняй Беларусі археолягі знайлі могільнікі з абрадам трупаспаленьня: Велямічы, Вялічкавічы, Скорбічы, Берасьцейскі бескурганны могільнік ды іншыя[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0