Перайсьці да зьместу

Нёманская культура

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Нёманская культура — археалягічная культура[1] часоў мэзаліту і нэаліту на тэрыторыі басэйна р. Нёман і прылеглых раёнаў. Разьвілася на базе кантактаў Сьвідэрскай культуры з прышлым насельніцтвам. Існавала, захоўваючы свае традыцыі, больш за 5000 год. Характэрныя для яе рысы зьніклі ў выніку асыміляцыі больш шматлікімі і ваяўнічымі плямёнамі шнуравой керамікі не раней за XXII ст. да н. э. З суседніх культураў найбольш блізкая да яе — днепра-данецкая. Па этнічным складзе належыць да старажытнага даіндаэўрапейскага насельніцтва. У генэтычным аспэкце былі ў шэрагу продкаў сучасных беларусаў; найбольш імаверныя гаплагрупы Y-храмасомы — I1, N, G2.

На тэрыторыі Беларусі вядомы каля 300 паселішчаў[2], невялікага памеру, на берагах рэк і азёраў. Наземныя жытлы зь бярвеньня, дах трымаўся на апорах, умацаваных пасярэдзіне хаты. На некаторых паселішчах паўзямлянкі. Паляваньне і рыбалоўства, потым — земляробства і жывёлагадоўля. Здабывалі крамень для сябе і на продаж суседзям (>1000 шахтаў глыбінёй да 8 м).[3] Шахты знойдзеныя як на тэрыторыі сучаснай Летувы, так і на Беларусі (каля Ваўкавыска), гэта найранейшая пацьверджаная распрацоўка карысных выкапняў на нашай зямлі.

8-5 тыс. да н. э. Жыхары выраблялі лістападобныя наканечнікі стрэл, ланцэтападобныя вастрыі, авальныя сякеры, трапэцыі, укладышы, касьцяныя вырабы. У цёплы і сухі барэальны пэрыяд (8-7 тыс. да н. э.) акрамя паляваньня, вялікую ролю адыгрывала зьбіральніцтва, з пачаткам вільготнага атлянтычнага пэрыяду ў 6 тыс. да н. э. вядучае месца заняло рыбалоўства.[4]

Нэалітычная нёманская кераміка.

5-3 тыс. да н. э. Падзяляецца на 3 стадыі.

Раньні (Дубічайскі) этап. Пераход да нэаліту вызначаецца распаўсюджваньнем керамікі. Характэрныя вастрадонныя слабапрафіляваныя арнамэнтаваныя гаршчкі з расьліннымі дамешкамі ў гліне. Крамянёвыя прылады працы захоўваюць мэзалітычныя рысы.

Сярэдні (Лысагорскі) этап. Калі паўднёва-заходні сусед, культура лінейна-стужкавай керамікі, загінула пад ціскам культуры лейкападобных кубкаў, уплыў гэтай апошняй прывёў да выразных тэхналягічных удасканаленьняў. У гаршчкоў зьяўляецца шыйка, арнамэнт робіцца больш складаным[5].

Позьні (Дабраборскі) этап. Прыкметны ўплыў цэнтральнаэўрапейскай культуры шарападобных амфар, напрыканцы — культуры шнуравой керамікі. Посуд арнамэнтуецца з дапамогай адбіткаў лінейных штампаў, у гліну больш не дадаюць расьлінныя дамешкі. Пачынаюць вырабляць сярпы, а таксама крамянёвыя сякеры са звужанымі абушкамі і прышліфоўкай на лязе. Наканечнікі стрэл трохкутныя, дасканала рэтушаваныя; наканечнікі дзід лістападобныя.[6] Пашыраецца земляробства і жывёлагадоўля (каровы, сьвіньні).[7]

  1. Дасьледчыкі могуць разглядаць Нёманскую культуру як адзіную з мэзалітычным і нэалітычным этапам (М. Гимбутас. Цивилизация Великой Богини: мир древней Европы, М, 2006, С. 155), ці як дзьве асобныя культуры — Нёманскую мэзалітычную і проста Нёманскую (Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. Мн.: БелЭн, 1993. С. 462). Але гэта галоўным чынам тэрміналягічнае пытаньне; гістарычнай пераемнасьці паміж мэзалітам і нэалітам Нёманшчыны ніхто не аспрэчвае.
  2. Нарысы гісторыі Беларусі пад рэд. М. П. Касьцюка, Мн, 1994, Т. 1, С. 20
  3. Нарысы гісторыі Беларусі пад рэд. М. П. Касьцюка, Мн, 1994, Т. 1, С. 21
  4. Мария Гимбутас. Цивилизация Великой Богини: мир древней Европы, М, 2006, С. 139
  5. Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. Мн.: БелЭн, 1993. С. 462
  6. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 т. Мн.: БелЭн, 1993—2003. Т.5, С. 324
  7. Нарысы гісторыі Беларусі пад рэд. М. П. Касьцюка, Мн, 1994, Т.1, С. 21