Культура кулепадобных амфар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Кулепадобная амфара

Культура кулепадобных амфар — археалягічная культура познанэалітычных плямён, якія ў III-м тысячагодзьдзі да н. э. жылі ў цэнтральнай і ўсходняй Нямеччыне, Польшчы, Чэхіі, на паўночным усходзе Румыніі, у лесастэпавай частцы Правабярэжнай Украіны, на захадзе Беларусі. Падзяляліся на групы і варыянты.

Насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай і паляваньнем. Іх селішчы разьмяшчаліся на пясчаных берагах рэк. Жытлы былі наземнымі, слупавой канструкцыі, часам шматкамэрныя з каменнымі або глінянымі агнішчамі; месцамі былі паўзямлянкі. Побач з жытламі разьмяшчаліся гаспадарчыя ямы.

Пахавальны абрад — трупапалажэньне ў неглыбокіх ямах, абкладзеных каменнымі плітамі або валунамі, часам — няпоўнае трупаспаленьне. У могільных ямах выяўлены каменныя і касьцяныя прылады працы, кераміка, упрыгожаньні. Месцамі над пахаваньнямі насыпалі курганы. Былі пахаваньні індывідуальныя і групавыя, часам у іх знаходзяць рэшткі буйных рагатых жывёл. Сустракаюцца і асобныя рытуальныя пахаваньні жывёл.

Для керамікі характэрны амфары з кулепадобным корпусам і вэртыкальным венчыкам, разнастайныя збаны, кубкі, місы, арнамэнтаваныя, пераважна ў верхняй частцы, адбіткамі лінейнага штампу, шнуру, насечкамі, наколамі. Сярод прыладаў працы і зброі — крамянёвыя сякеры-кліны і долаты, касьцяныя нажы і долаты, верацёнападобныя наканечнікі стрэл. Для ўпрыгожаньняў характэрны бурштынавыя вырабы, фігурныя каменныя пласьціны. На тэрыторыі Беларусі носьбіты гэтай культуры праніклі на позьнім этапе яе разьвіцьця. Найбольш вядомыя іх помнікі — могільнікі Краснасельскі і Малыя Ёдкавічы.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Археология СССР. Свод археологических источников. Выпуск В 1 — 27. Свешников И. К. Культура шаровидных амфор. — М., 1983.