Перайсьці да зьместу

Усьвяцкая культура

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Усьвя́цкая культу́ра — археалягічная культура плямён сярэдняга нэаліту, якія ў канцы IV-га — сярэдзіны III-га тыс. да н. э. насялялі Беларускае Паазер’е, паўднёвую Пскоўшчыну і паўночна-заходнюю Смаленшчыну, а таксама паўднёва-ўсходнюю Летуву.

Вылучана ў 1960-х г. А. М. Мікляевым. Назву атрымала паводле характэрнага паселішча каля мястэчка Ўсьвяты Пскоўскай вобласьці. Сфармавалася на аснове мясцовай нарвенскай культуры пры значным уплыве культуры тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі.

Паселішчы разьмяшчаліся звычайна на нізкіх узьбярэжжах азёраў і рэк. Некаторыя зь іх пазьней былі затоплены і пераўтварыліся ў тарфянікавыя стаянкі. Жыхары ўсьвяцкай культуры займаліся пераважна паляваньнем, рыбалоўствам і зьбіральніцтвам, у тым ліку вадзяных арэхаў, былі знаёмыя з зачаткавымі формамі земляробства і жывёлагадоўлі. Карысталіся крамянёвымі кроплепадобнымі і кароткімі лістападобнымі наканечнікамі стрэл, нажамі на пласьцінах і адшчэпах, кароткімі скрабкамі. З-за недахопу запасаў крамянёвай сыравіны значную частку прыладаў працы і паляўнічай зброі выраблялі з костак і рагоў — плоскачаранковыя наканечнікі стрэл, доўгія наканечнікі коп’яў, кінжалы, праколкі, сякеры і цёслы, інструмэнты для апрацоўкі керамікі. Сярод упрыгожаньняў сустракаліся падвескі з зубоў жывёл і бурштыну, касьцяныя пранізкі.

Асаблівасьці ўсьвяцкай культуры выразна заўважныя ў кераміцы. У сярэднім нэаліце мясцовае насельніцтва карысталася прысадзістымі гаршкамі з прытупленавострымі донцамі і гладкімі сьценкамі, з дамешкамі тоўчаных ракавін, дробнай арганікі і шамоту ў цесьцы. Краі венцаў патоўшчаныя і скошаныя. Паверхня пасудзін звычайна аздаблялася разрэджанымі паясамі насечак, радзей наколаў і вусеневых адбіткаў. Часам у арнамэнтацыі керамікі прысутнічаюць гравюраваныя схематычныя выявы птушак, зьмей, расьлінаў, сымбалі вады, якія маюць сакральны сэнс і адлюстроўваюць элемэнты тагачасных вераваньняў. На захадзе арэалу ўсьвяцкай культуры, куды непасрэдна пранікалі групы носьбітаў культуры тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі, сярод арнамэнтаў часьцей сустракаюцца адбіткі лінейнага штампа. Каля сярэдзіны III-га тыс. да н. э. на Паазер’е пачало пранікаць насельніцтва культуры кулепадобных амфар, культуры шнуравой керамікі і верхнедняпроўскай культуры, што прывяло да заняпаду ўсьвяцкай культуры і яе трансфармацыі ў паўночнабеларускую культуру. Найбольш вядомыя помнікі — Асавец, Галоўск, Скема.

  • Археалогія Беларусі: У 4 т. Том 1. Каменны і бронзавы вякі / З. М. Зайкоўскі, У. Ф. Ісаенка, А. Г. Калечыц [і інш.]. — Мн.: Беларуская навука, 1997. — 422, [2] с.
  • Чарняўскі, М. М. Усвяцкая культура / М. М. Чарняўскі // Археалогія Беларусі: Энцыклапедыя. — С. 369.
  • Чернявский, М. М. Усвятская культура в Кривинском микрорегионе на севере Беларуси // Взаимодействие и хронология культур мезолита и неолита Восточной Европы: материалы Международной научной конференции, посвящённой 100-летию Н. Н. Гуриной, Санкт-Петербург, 23 — 26 ноября 2009 г. / Ин-т истории материальной культуры Российской академии наук; Ответственный редактор С. А. Васильев. — СПб., 2009.