Перайсьці да зьместу

Культура штрыхаванай керамікі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Археалягічныя культуры ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе ў III—IV стст.

Культура штрыхава́най кера́мікі — археалягічная культура плямёнаў (меркавана балтыйскіх[a]), якія ў VII—VI стагодзьдзях да нашай эры — IV—V стагодзьдзях нашай эры насялялі тэрыторыю сярэдняй Беларусі і ўсходняй Летувы. Вядомая толькі з паселішчаў, асноўным тыпам якіх былі ўмацаваныя гарадзішчы; археолягі ня выявілі могільнікаў культуры. На паўночным усходзе суседзямі плямёнаў культуры было роднаснае насельніцтва днепра-дзьвінскай культуры.

Адзначацца пэўнае супаданьне арэалу культуры на позьнім этапе (пачатак н. э.) з тэрыторыяй сярэднявечнай Літвы[2].

Назву атрымала ад глінянага посуду, вонкавая (часта і ўнутраная) паверхня якога пакрывалася штрыхамі.

Паводле асаблівасьцяў разьвіцьця матэрыяльнай культуры і сацыяльна-эканамічнага жыцьця насельніцтва вылучаюцца 3 храналягічныя тыпы штрыхаванай керамікі. На першым этапе (VII—V стагодзьдзі да нашай эры) насельніцтва жыло на адкрытых паселішчах, якія разьмяшчаліся на ўзвышэньнях у паплавах рэк і азёр і мысападобных выступах першай надпоплаўнай тэрасы; пазьней зьявіліся гарадзішчы. На другім этапе (IV—I стагодзьдзі да нашай эры) у плямёнаў узьніклі новыя, добра ўмацаваныя гарадзішчы, а ранейшыя гарадзішчы перабудоўваліся. На трэцім этапе (I—V стагодзьдзі нашай эры) гарадзішчы ўмацоўваліся складанай сыстэмай земляных валоў з драўлянымі канструкцыямі на іх грэбені і глыбокіх равоў.

Асноўнымі галінамі гаспадаркі былі ляднае земляробства і жывёлагадоўля, а таксама апрацоўка жалеза, косьці, рога, каменю, дрэва, бронзаліцейная справа, ганчарства, прадзеньне, ткацтва, пляценьне ды іншыя. Грамадзкі лад — разьвіты патрыярхат на стадыі далейшага распаду дачыненьняў родавага грамадзтва. Насельніцтва вырабляла і ўжывала жалезныя сякеры з вузкім і выгнутым лязом, нажы, брытвы з выпуклым лязом, долаты, нажы для жніва, сярпы, падковападобныя і латэнскага тыпу фібулы, посахападобныя шпількі, наканечнікі копʼяў і дроцікаў, шылы, спражкі, іголкі, бронзавыя пярсьцёнкі, драцяныя скроневыя кольцы, кольцы для падвешваньня аздобаў, сьпіралькі, бранзалеты з разамкнёнымі і звужанымі канцамі, трапэцападобныя і акулярападобныя падвескі, гліняныя прасьліцы, гліняныя грузікі ды іншыя. Керамічныя знаходкі — штрыхываныя і гладкасьценныя рабрыстыя і слабапрафіляваныя гаршкі і пасудзіны слоікавай формы, арнамэнтаваныя па рабры і ў верхняй частцы зашчыпамі, ямкавымі ўціскненьнямі, насечкамі, нарэзамі пазногцевымі ўцісканьнямі ды іншыя. Сустракаюцца глянцаваны і падглянцаваны посуд, мініятурныя пасудзіны міскападобных і слоікавых формаў[3].

Пытаньне этнічнай прыналежнасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларускі археоляг Васіль Супрун крытыкуе папулярную гіпотэзу пра балтыйскую этнічнасьць носьбітаў культуры штрыхаванай керамікі. Супастаўляючы паведамленьні старажытных пісьмовых крыніцаў з зьвесткамі археалёгіі, паводле якіх паміж культурамі штрыхаванай керамікі, днепра-дзьвінскай, мілаградзкай і зарубінецкай агульнага значна больш, чым адметнага, Васіль Супрун робіць выснову, што ўсе гэтыя археалягічныя культуры належалі славянскаму этнасу і розьнілі іх толькі мясцовыя асаблівасьці і традыцыі[4].

Яшчэ ў 1991 годзе летувіскі археоляг Вітаўтас Ушынскас прызнаў, што ў I тысячагодзьдзі да нашай эры гарадзішчы культуры штрыхаванай керамікі і суседнія ім на захадзе гарадзішчы і могільнікі культуры заходнебалтыйскіх курганоў (пазьнейшай Жамойць) належалі да розных культурных колаў і, адпаведна, не маглі быць этнічна аднароднымі. Ён зьвяртаў увагу на тое, што паміж гэтымі культурамі назіралася шырокая палоса незаселенай зямлі. Пазьней, у I—II стагодзьдзях нашай эры курганы жамойцкага тыпу пашырыліся сьпярша на азначаную пустку, а потым і на частку тэрыторыі, якую займала культура штрыхаванай керамікі, прытым гэтае пашырэньне не было мірным[5].

  1. ^ Археалягічныя зьвесткі не даюць ніякай інфармацыі пра мову носьбітаў культуры. Як зазначаў археоляг Барыс Рыбакоў, «на адной мове могуць размаўляць людзі з рознай сыстэмай гаспадаркі і розным побытам; разам з тым, адзіная этнаграфічная матэрыяльная культура можа пакрываць сабою народнасьці, якія належаць да зусім чужых адна адной моўных групаў»[1]
  1. ^ Рыбаков Б. Язычество древних славян. — М., 1994. С. 215.
  2. ^ Зайкоўскі Э. Літва летапісная // БЭ. — Мн.: 1999 Т. 9. С. 300.
  3. ^ Мітрафанаў А. Штрыхаванай керамікі культура // ЭГБ. — Мн.: 2003 Т. 6. Кн. 2. С. 231.
  4. ^ Супрун В. За смугою часу: (даследаванні і меркаванні). — Менск: Полымя, 1994. С. 24—43.
  5. ^ Ушинскас В. Балты. К проблеме этногенеза // Folia Archaeologica. № 12, 1991. С. 38—43.