Культура лейкападобных кубкаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Лейкападобны кубак

Культура лейкападобных кубкаў — археалягічная культура нэалітычных і энэалітычных плямён, якія ў IV — III-м тысячагодзьдзях да н. э. жылі на тэрыторыі Паўночнай і Цэнтральнай Эўропы, сучаснай Польшчы, паўночна-заходняй часткі Ўкраіны і (на позьнім этапе) паўднёва-заходняй часткі Беларусі. Назва па наяўнасьці ў кераміцы кубкаў зь лейкападобнай (канічнай) шыйкай. Насельніцтва займалася аселым земляробствам (зямлю апрацоўвала, магчыма, з дапамогай запрэжаных быкоў), жывёлагадоўляй (разводзіла быдла, сьвіней і інш.), паляваньнем. Знаходзілася на стадыі патрыярхату. Паселішчы найчасьцей разьмяшчаліся на мысах высокіх берагоў рэчак ці азёраў, некаторыя былі абаронены равамі і валамі. Жытло — невялікія прамавугольныя ў пляне зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя пабудовы слупавой канструкцыі сярэднім памерам 5х4 м. Будавалі таксама вялікія жытлы даўжынёй да 80 м зь некалькімі памяшканьнямі даўжынёй да 3 м кожнае. Унутры жытлаў разьмяшчаліся глінабітныя агнішчы, побач — гаспадарчыя ямы з абмазанымі глінай сьценкамі дыямэтрам 1,2 м. Пахавальны абрад — трупапалажэньне ў бескурганных могільніках, сустракаюцца мэгалітычныя збудаваньні памерам да 130 х15х3 м зь некалькімі пахаваньнямі пад кожным.

Насельніцтва вырабляла касьцяныя і рагавыя сякеры, матыкі, праколкі, верацёнападобныя наканечнікі дзідаў, кінжалы, лашчылы. Сярод крамянёвых прыладаў працы скошаныя нажы, разцы, праколкі, сьвердлы, клінападобныя чатырохгранныя і сьвідраваныя з грыбападобным абухом сякеры, пласьцінападобныя сярпы, трохвугольныя наканечнікі стрэл і інш. Зрэдку трапляюцца медныя вырабы. Посуд прадстаўлены глінянымі біканічнымі гаршкамі з высокім канічным горлам і вушкамі, невялікімі гаршкамі з налепамі або борцікам пад венцам, амфарамі з вузкім горлам, друшлякамі. Посуд упрыгожвалі зыгзагам пад венцам, косымі насечкамі, пальцавымі ўцісканьнямі, адбіткамі зубчатага штампа ці шнура, простымі геамэтрычнымі ўзорамі. З гліны выраблялі таксама прасьліцы, грузікі, рытуальныя сякеркі. Ва ўсходняй частцы арэала (Валынь і Берасьцейшчыны) помнікі культуры лейкападобных кубкаў зьявіліся ў сярэднім нэаліце (3,5 — 2,5 тыс. гадоў да н. э.). Іх уплыў на мясцовыя нэалітычныя культуры Палесься прасочваецца да вусьця Прыпяці (Цытыльле Маларыцкага, Пішча Любомльскага, Мнёва Чарнігаўскага раёнаў і інш.). Вядома каля 50 паселішчаў, якія дасьледавалі А. Н. Цынкалоўскі, Ю. М. Захарук, Н. А. Пелешчышын. На думку некаторых навукоўцаў, плямёны культуры лейкападобных кубкаў маюць дачыненьне да этнагенэзу старажытных германцаў.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Becker C.J. The introduction of farming into Northern Europe // Cahiers d’histoire mondiale. — 1955. — Vol. 2. — № 4. — P.
  • Jażdżewski K. Kultura pucharów lejkowatych w Polsce zachodniej i środkowej. — Poznań, 1936. — (Biblioteka Prehistoryczna, Tom 2).
  • Археология Украинской ССР. Том 1. — Киев, 1985.
  • Захарук Ю. Н. До питання про співвідношення і зв’язки між культурою лійчастого посуду та трипільською культурою // Матеріали і дослідження з археології Прикарпаття і Волині. Випуск 2. — Київ, 1959.
  • Захарук Ю. Н. Новые исследования культуры воронковидных сосудов в Польше // Вестник древней истории. — 1956. — № 1. — С.
  • Захарук Ю. Н. Поселение культуры воронковидных сосудов на Волыни // Краткие сообщения о докладах и полевых исследованиях Института истории материальной культуры (КСИИМК). — 1957. — Выпуск 67. — С.
  • Стародавне населення Прикарпаття і Волині (доба первіснообщиного ладу). — Київ, 1974.