Перайсьці да зьместу

Балота

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Памост на Ельні - найбуйнейшым верхавым балоце ў Беларусі, адным з найбуйнейшых у Эўропе

Бало́та — залішне ўвільготнены кавалак зямлі, які парос спэцыфічнай балотнай расьліннасьцю.[1]

Утвараецца праз забалочваньне глебы і зарастаньне вадаёмаў. У балоце звычайна адбываецца назапашваньне расьлінных рэшткаў, якія часткова падгнілі, і ўтварэньне торфу.

Распаўсюджанасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Балоты найбольш сканцэнтраваныя ў лясной зоне Паўночнай часткі паўшар’я Зямлі. У межах Эўразіі пашыраныя на поўдні Эўропы, на Палесьсі, у Заходняй Сыбіры і на Камчатцы[1]. На тэрыторыі Беларусі найбольшыя балоты разьмешчаныя ў Берасьцейскай вобласьці: Выганашчанскае балота, Паддубічы, Вялікі лес, Аброўскае балота і Хольча. Паводле асаблівасьцяў разьвіцьця й торфаўтварэньня ў Беларусі вылучаюць 5 тарфяных краёў.[1]

Балота каля ракі Маравы
  • У залежнасьці ад мінэральнага жыўленьня: вярховыя (Полацкая нізіна, Друць-Бярэзінскае міжрэчча) — у месцах, дзе пераважае беднае атмасфэрнае жыўленьне; пераходныя; нізінныя (Гарадзенская й большая частка Берасьцейскай вобласьцяў) — разьвіваюцца ў месцах зь перавагай глебавага жыўленьня.
  • Паводле тыпу расьліннасьці: лясныя, хмырэзьнікавыя, травяныя і мохавыя.
  • Паводле мікрарэльефу: далінныя, поймавыя (поплаўныя), сьхілавыя і водападзельныя.

Жывёлы, птушкі й расьліны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Старарэчча Аршыцы, якое зарастае воднай расьліннасьцю

У расьліннасьці залежна ад тыпу балотаў пашыраны эў-, мэза-, і алігатрофныя расьліны. У жывёльнім сьвеце пераважаюць балотныя птушкі, месцамі трапляюцца ахоўныя (белыя курапаткі, шэрыя журавы).

Касмаганічная сымболіка балота зьвязана і зь яго рэальнымі ўласьцівасьцямі — гэта беспарадкавая сумесь зямлі й вады, першасных элемэнтаў, зь якіх утвараўся будучы Космас. Таму балоты — улюбёныя месцы бытаваньня розных нячысьцікаў, якія пераймаюць функцыі антаганістаў бога ў акце стварэньня[2].

Гаспадарчае значэньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нявысушаныя нізінныя балоты выкарыстоўваюцца ў якасьці прыродных сенажацяў. Асушаныя балоты выкарыстоўваюцца пад травы, гародніну, збожжавыя, тэхнічныя й сіласныя расьліны, для здабычы торфу. На Беларусі тарфяныя балоты займаюць 2,5 мільёну гектараў з запасам торфу-сырцу 31,3 мільярду кубічных мэтраў[1].

На 2021 год беларускія балоты ўтрымлівалі 7 млрд кубамэтраў прэснай вады, чым спрыялі ўстойліваму водазабесьпячэньню рэк і азёр Беларусі. Расьлінны сьвет балотаў штогод спажываў каля 900 000 тонаў вуглякіслага газу, які такім чынам выводзілі з атмасфэры. Таксама на балотах зьбіралі звыш 10 000 тонаў журавінаў за год. Балотныя тарфянікі ўтрымлівалі каля 500 млн тонаў вугляроду, бо торф на 50 % складаецца зь яго. У Беларусі дзейнічаў Закон «Аб ахове і выкарыстаньні тарфянікаў», бо асушаныя балоты замест паглынаньня распыляюць вуглярод. На балотах пражывала звыш 40 % відаў птушак Беларусі, 35 % відаў вусякоў і звыш 15 % відаў дзікарослых расьлінаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі[3].

На вялікіх балотных прасторах утвораныя прыродаахоўныя тэрыторыі Беларусі:

  1. ^ а б в г А. П. Підоплічка. Балота // Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 1: Ааліты ― Гасцінец / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. — С. 222
  2. ^ Л. Дучыц, У. Лобач, С. Санько. Балота // Беларуская міфалогія: Энцыклап. слоўн. / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. — Менск: Беларусь, 2004. — С. 41—42
  3. ^ Балоты Беларусі: захаваньне і аднаўленьне // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 24 лістапада 2021 г. Праверана 26 лістапада 2021 г.