Аркадзь Смоліч
Аркадзь Смоліч лац. Arkadź Smolič | |
Сакратар асьветы Народнага Сакратарыту БНР | |
---|---|
Міністар сельскай гаспадаркі БНР | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
17 (29) верасьня 1891 в. Бацэвічы, Бабруйскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя |
Памёр: |
17 чэрвеня 1938 (46 гадоў) турма г. Омску, РСФСР, СССР |
Партыя: | БСГ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя |
Сужэнец: | Аляксандра (Алеся) Ігнатаўна Каткоўская |
Дзеці: | Максім |
Адукацыя: | Менская духоўная сэмінарыя (1905), Нова-Александрыйскі інстытут сельскай гаспадаркі і лесаводзтва ў Пулавах (Польшча (1916) |
Аркадзь Антонавіч Смоліч (17 верасьня (паводле новага стылю 29 верасьня) 1891 — 17 чэрвеня 1938) — дзяяч нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня, адзін з тэарэтыкаў беларускай сацыял-дэмакратыі, адмысловец ў галіне геаграфіі, эканомікі, картаграфіі, міністар сельскай гаспадаркі БНР.
Нарадзіўся 17 верасьня 1891 году ў в. Бацэвічы Бабруйскага павету, цяпер Клічаўскі раён. Скончыў Менскую духоўную сэмінарыю (1905), Нова-Александрыйскі інстытут сельскай гаспадаркі і лесаводзтва ў Пулавах (Польшча, 1916), вучыўся ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце.
Дзейнасьць палітычная
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да абвяшчэньня БНР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да беларускага адраджэнцкага руху Смоліч далучыўся ў 1910 годзе, будучы студэнтам Нова-Аляксандраўскага інстытуту сельскай гаспадаркі і лесаводзтва.
З 1910 году чалец Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Актыўны ўдзельнік клюбу «Беларуская хатка» ў Менску.
У 1914 годзе ў часопісах «Раніца» і «Лучынка» ён дэбютаваў эцюдамі на навукова-папулярныя і грамадзкія тэмы.
3ь вясны 1917 году Смоліч — адзін зь дзейных лідэраў БСГ у Менску, рэдактар яе друкаванага органу — газэты «Грамада», плённы публіцыст.
У сакавіку 1917 году на зьезьдзе беларускіх нацыянальных арганізацыяў Смоліч быў абраны ў Беларускі нацыянальны камітэт (БНК). У ліпені 1917 году на зьезьдзе беларускіх нацыянальных арганізацыяў і партыяў замест БНК утворана Цэнтральная рада беларускіх арганізацыяў (ЦРБА) з Выканаўчым камітэтам, у які Смоліч увайшоў і якім фактычна кіраваў. Пасьля рэарганізацыі ЦРБА ў кастрычніку 1917 году ў Вялікую Беларускую Раду Смоліч абраны намесьнікам старшыні яе Выканаўчага камітэта. На канфэрэнцыі БСГ у чэрвені 1917 увайшоў у склад яе часовага ЦК.
На працягу 1917—1920 гг. А. Смоліч удзельнічаў практычна ва ўсіх акцыях, зьвязаных з вызначэньнем лёсу Беларусі. Ён быў актыўны на абодвух зьездах беларускіх партыяў і арганізацыяў увесну і летам 1917 г. У сьнежні 1917 г. Смоліч — удзельнік Першага ўсебеларускага зьезду, які абвесьціў у Беларусі дэмакратычна-рэспубліканскі лад. У лютым-сакавіку 1918 г. ён — адзін з ініцыятараў ідэі сувэрэннасьці Беларусі. Як радны Беларускай Народнай Рэспублікі ён прымаў удзел у стварэньні акту 25 сакавіка.
Пасьля абвяшчэньня БНР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аркадзь Смоліч — адзін з ініцыятараў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).
У першым урадзе (Народным Сакратарыяце) БНР Смоліч займаў пасаду сакратара асьветы. Каб дамагчыся прызнаньня БНР, выяжджаў з дыпляматычнай місіяй у Кіеў, Варшаву, Бэрлін.
Пасьля распаду БСГ (зь яе выдзеліліся тры плыні) разам зь іншымі беларускімі дзеячамі ў красавіку арганізаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю. Смоліч стаў аўтарам праекту яе праграмы.
У лістападзе-сьнежні 1918 па даручэньні ўраду БНР Аркадзь Смоліч знаходзіўся ў Горадні. Пасьля акупацыі Горадні польскімі войскамі пераехаў у Вільню.
Зь лета 1919 Смоліч — намесьнік старшыні ўраду Антона Луцкевіча, адначасова міністар сельскай гаспадаркі БНР. Пасьля захопу Беларусі савецкімі войскамі летам 1920 Смоліч пераехаў у Горадню, пэўны час працаваў аграномам.
Пасьля другой акупацыі Беларусі Польшчай (верасень 1920) Аркадзь Смоліч пераехаў у Вільню, дзе ўдзельнічаў у стварэньні Таварыства беларускай школы і быў яго першым старшынём.
Дзейнасьць культурная і навуковая
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да вяртаньня ў БССР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Перад маладымі барацьбітамі за сувэрэнную Беларусь ляжаў непачаты край працы. Смоліч клапаціўся пра стварэньне трывалых перадумоў для росту грамадзкай сьвядомасьці. Арганізоўваў курсы беларусазнаўства і сам на іх выкладаў. Рупіўся вакол заснаваньня культурна-грамадзкага таварыства «Бацькаўшчына»; узначаліў камісію, у якой сабраўся цьвет беларускай навукі — акадэмік Карскі, прафэсары Доўнар-Запольскі, Завітневіч — дзеля хутчэйшага адкрыцьця ўнівэрсытэту ў Менску.
Адначасова ўвесь 1918 год, застаючыся службоўцам статыстычнага бюро Менскага губэрнскага земства, дабіраў матэрыялы з геаграфіі і эканомікі Беларусі, працаваў над падручнікам па геаграфіі.
У кастрычніку 1918 г. А. Смоліч быў пасланы ў Горадню для пашырэньня базы вызвольнага руху. Але неўзабаве Гарадзеншчыну занялі легіёны толькі што паўсталай з працяглага палітычнага нябыту Польшчы. Яны сталі нішчыць кволыя парасткі беларускай дзяржаўнасьці, перасьледаваць яе творцаў, і Смоліч зноў перабіраецца ў Вільню. Там у 1919 г. дапрацоўвае і выдае «Геаграфію Беларусі» (у арыгінальным напісаньні — «Географія Беларусі»), першую і, пэўна, галоўную сваю кнігу, якая адкрывалася эпіграфам «Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў».
«Геаграфія Беларусі» Аркадзя Смоліча — паважны навуковы твор і адначасова жывы, пранікнёны аповед пра беларускую зямлю, яе прыроду, гаспадарку і народ. У сваім часе яна атрымала шырокае грамадзкае прызнаньне, сталася незаменнай крыніцай радзімазнаўства, добра прычынілася да самапазнаньня беларусаў.
3ь вясны 1922 г. Смоліч на замову наркамата асьветы БССР пераапрацоўвае, дапаўняе сваю «Геаграфію Беларусі». Наклад другога выданьня кнігі, выдадзенай Віленскім выдавецтвам Б. Клецкіна, ідзе ў асноўным празь мяжу, у Менск.
Падручнік меў тры перавыданьні, альбо нават чатыры, калі ўлічваць яшчэ перапрацаванае менскае выданьне 1925 году, якое выйшла пад назовам «Кароткі курс геаграфіі Беларусі»). У 1995 годзе намаганьнямі Таварыства беларускай мовы пабачыла сьвет чацьвертае, стэрэатыпнае выданьне «Геаграфіі Беларусі» (зробленае паводле 3-га).
У 1920—1922 гг. А. Смоліч працуе выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі, чытае геаграфію на настаўніцкіх курсах, становіцца адным з заснавальнікаў і першым старшынём Таварыства беларускае школы, якое пазьней адыграе немалую ролю ў барацьбе працоўных Заходняй Беларусі за нацыянальную школу і культуру.
Аднак адной асьветнай справай у Вільні Смоліч не абмяжоўваўся. Удзельнікі каапэратыўнага руху на Віленшчыне браты Канчэўскія, Мікола Арэхва, Эдвард Будзька ды іншыя на пачатку 1920-ых гадоў пасьпяхова спалучалі задачы сацыяльнай абароны інтарэсаў насельніцтва з нацыянальна-асьветнымі вызвольнымі мэтамі.
Смоліч далучаецца і да гэтае дзялянкі грамадзкае працы: яго абіраюць сябрам управы Віленскага хаўруса каапэратараў, прызначаюць інструктарам аддзелу. Аднак кіраўніцтва польскай каапэрацыі, якому самастойныя беларускія каапэратывы былі косткай у горле, павяло зь імі актыўнае змаганьне і пасьля двухразовай зьмены ўправы, арышту старшыні ўдалося, нарэшце, падпарадкаваць яго свайму верхавенству. Не давалі польскія адміністрацыйныя ўлады магчымасьці шырэй разгарнуць і асьветную працу. На кожным кроку ладзілі перашкоды.
Як палітык і эканаміст Аркадзь Смоліч бачыў адкрыта каляніялісцкую скіраванасьць палітыкі польскага ўрада ў дачыненьні да беларускіх земляў. Пэрспэктывы беларускага нацыянальна-вызвольнага руху ў межах Польшчы бачыліся яму праблематычнымі. А тым часам БССР зь яе шасьцю паветамі былой Менскай губэрні, якая напачатку здавалася чыста каньюнктурным тварэньнем, нечакана сьведчыла аб рэальных здабытках беларусаў на Ўсходзе. Напрадвесьні 1921 сялянства там атрымала памешчыцкія, царкоўныя і так званыя скарбовыя землі ў сваё распараджэньне, рэспубліка пакрылася досыць густою сеткай беларускіх школаў, а ўвосень гэтага ж году адчыніў дзьверы Беларускі дзяржаўны ўнівэрсітэт.
Гэта былі пераканаўчыя аргумэнты на карысьць Саветаў, іх нацыянальнай палітыкі. І ведаў пра гэта Смоліч ня толькі з пэрыядычнага друку ды лістоў, што ішлі поштаю, а і з больш надзейных крыніцаў — дзяржаўная мяжа тады яшчэ не тварыла жалезнай заслоны.
Пасьля вяртаньня ў БССР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У жніўні 1922 урад БССР дазволіў Смолічу вярнуцца ў Менск і прызначыў яго загадчыкам плянава-эканамічнага аддзела Наркамата земляробства БССР. Адначасова з 1923 дацэнт, прафэсар і загадчык катэдры ў БДУ і Інбелкульце (з 1925 намесьнік яго старшыні, кіраўнік сельскагаспадарчай сэкцыі і камісіі па раянаваньні БССР). У 1924 пад яго кіраўніцтвам створаны часопіс «Плуг» і Цэнтральнае бюро краязнаўства. У 1928 Смоліч абраны правадзейным чальцом Расейскага геаграфічнага таварыства, узнагароджаны (1930) Малым залатым мэдалём за навуковыя працы «Разьмяшчэньне насельніцтва па тэрыторыі БССР» і «Сельскагаспадарчыя раёны БССР у 1927—1928 гг.: Папярэдняя схема і мэтадалягічныя ўвагі» (абедзьве 1929). Аркадзь Смоліч зрабіў вялікі ўнёсак у пераўтварэньне Інбелкульту ў Акадэмію навук, быў адным з аўтараў яе першага статута.
У 1922 г. А. Смоліч канчаткова правёў рысу пад сваёй палітычнай дзейнасьцю і яшчэ да амністыі Савецкага ўраду дзеячам БНР пераязджае ў Менск для культурна-навуковай працы. Спачатку працуе ў наркамаце земляробства, дзе становіцца, паводле словаў наркома 3. Прышчэпава, адным з самых дасьведчаных і аўтарытэтных беларускіх спэцыялістаў у галіне эканомікі і аграноміі.
З 1923 г. пачынае чытаць курс геаграфіі Беларусі ды іншых краінаў у Белдзяржунівэрсытэце, стварае ў ім катэдру краязнаўства, геаграфічны кабінэт. Ініцыюе скліканьне напачатку Менскай, а затым і Ўсебеларускай краязнаўчых канфэрэнцыяў, непасрэдна прычыняецца да заснаваньня часопіса «Наш край». Акрэсьлівае задачы краязнаўчага руху. Бачыць у ім гарантыю таго, што «Беларусь перастане быць краем, невядомым для саміх беларусаў».
У 1924 г. Аркадзь Смоліч у складзе камісіі Дзяржпляну БССР праводзіць раянаваньне тэрыторыі рэспублікі, падзяляе яе на 10 адміністрацыйна-гаспадарчых акругаў. Праектуе выданьне сельскагаспадарчага часопіса «Плуг». У 1925 г. абіраецца правадзейным сябрам Інстытуту беларускай культуры, намесьнікам яго старшыні. Арганізуе яго навукова-дасьледчую і выдавецкую працу, клапоціцца аб пашырэньні ў сыстэме інстытуту прыродазнаўчых навук. Прыкладае намаганьні для адкрыцьця ў Горы-Горках сельскагаспадарчай акадэміі і Навукова-дасьледчага інстытуту сельскай гаспадаркі і лесаводзтва ў Менску. У 1927 г. становіцца першым беларускім прафэсарам геаграфіі.
У калектыўных зборніках і асобнымі выданьнямі выходзяць навуковыя працы А. Смоліча «Эканамічнае становішча Беларусі перад вайной і рэвалюцыяй», «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка і яе акругі», «Тыпы геаграфічных краявідаў Беларусі» (абаронена як дысэртацыя), «Арганізацыя сялянскай гаспадаркі ў раёнах Цэнтральнай Беларусі» (абаронена як дыплёмная), «Геаграфічны і тапаграфічны нарыс Заходняй Беларусі», «Насельніцтва Заходняй Беларусі, яго нацыянальны і прафэсіянальны склад» і інш.
Вывучаючы сельскую гаспадарку як прыярытэтную галіну беларускай эканомікі, дасьледчык бачыў, што яна мае свае асаблівасьці, абумоўленыя прыродна і гістарычна. Смоліч ведаў, і ў гэтай думцы яго ўмацоўвалі дасьледваньні А. Котава, Л. Літашэнкі, што беларуская сялянская гаспадарка па інтэнсіўнасьці і культурнасьці ў нейкай меры апярэдзіла гаспадаркі разьвітых рэгіёнаў Расеі. Таму, лічыў ён, шматгадовы досьвед беларускага селяніна трэба рацыянальна выкарыстаць у сучасным землебудаўніцтве.
Знаходзілі яны разуменьне і падтрымку ў тагачаснага кіраўніцтва наркамату земляробства. У 1920-х гадах досыць пасьпяхова ішло разьвіцьцё сялянскіх гаспадарак, выдзяленьне гаспадароў на хутары і пасёлкі. Маладзейшыя беларускія эканамісты і аграрнікі працавалі пад дэвізам «Зробім Беларусь Даніяй».
Смоліч мусіў на нейкі час адхіляцца ад навуковае працы, дакладней спалучаць яе з утылітарнымі заданьнямі. Адгукаўся на заказ асьветнага ведамства, пісаў «Кароткі курс геаграфіі Беларусі», і ў суаўтарстве з М. Азбукіным «Геаграфію пазаэўрапейскіх краёў».
На пошукі, новыя падыходы Аркадзя Смоліча ў геаграфічнай навуцы зважае навуковая грамадзкасьць краіны. За дасьледваньні «Разьмяшчэньне насельніцтва на тэрыторыі Беларускай ССР» і «Сельскагаспадарчыя раёны, папярэдняя схема і мэтадалягічныя ўвагі» Рускае геаграфічнае таварыства ўзнагароджвае беларускага вучонага малым залатым мэдалём. Патрыярх геаграфічнай навукі П. П. Сямёнаў-Цяншанскі вітае Смоліча як дасьледчыка-наватара, прарочыць пэрспэктыўнасьць яго навуковаму кірунку ў геаграфіі.
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі заснавана 1 студзеня 1929 году на базе Інстытуту беларускай культуры (Інбелкульту) (1922—1928), які быў рэарганізаваны ў Акадэмію навук у адпаведнасьці з пастановай ЦВК і СНК БССР ад 13 кастрычніка 1928 году.
Нарэшце, збываецца адна з запаветных мараў Смоліча-вучонага, патрыёта: на базе Інбелкульта (канец 1928 — пачатак 1929) адкрываецца Беларуская Акадэмія навук, жыцьцядзейныя асновы якой, яе статут ён распрацаваў разам з С. Некрашэвічам, У. Ігнатоўскім і В. Ластоўскім. Акадэмія, паводле думкі А. А. Смоліча, павінна завяршыць «працэс нацыянальна-культурнага адраджэньня Беларусі і паставіць яе […] у шэраг перадавых культурных краінаў сьвету».
Арышт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пры канчатковым усталяваньні таталітарнай сыстэмы ў СССР навуковая і мастацкая інтэлігенцыя сталася першай яе ахвярай. 26 чэрвеня 1930 г. А. Смоліч у ліку ста зь лішнім беларускіх навукоўцаў, грамадзка-палітычных дзеячоў і пісьменьнікаў быў арыштаваны па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», а 10 красавіка 1931 пастановай несудовага органа — калегіі АДПУ (рас. ОГПУ) — сасланы на 5 гадоў у г. Оса (Пермская вобласьць, Расея) потым — у г. Ішым (Цюменская вобласьць, Расея). Пасьля заканчэньня тэрміну адміністрацыйнай высылкі ў 1935 г. вучоны жыў у Ішыме Омскай вобласьці (???), працаваў у райкалгассаюзе, выкладаў геаграфію ў жывёлагадоўчым тэхнікуме, чытаў лекцыі на курсах удасканаленьня настаўнікаў. У жніўні 1935 вызвалены.
3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Аркадзя Смоліча прадугледжвалася «спальваць»[1]. У ноч зь 17 на 18 чэрвеня 1937 зноў арыштаваны і 10 чэрвеня 1938 прыгавораны да вышэйшай меры пакараньня. Праз тыдзень, 17 чэрвеня 1938, расстраляны ў Омскай турме.
Аркадзь Смоліч быў рэабілітаваны па 1-м прыгаворы Вярхоўным судом БССР 10 чэрвеня 1988, па 2-м — прэзыдыюмам Цюменскага абласнога суду 9 лютага 1957.
Сям'я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Жонка — Аляксандра (Алеся) Ігнатаўна Каткоўская. Першым дзіцём быў народжаны ў 1918 годзе сын Максім. Усяго меў трох дзяцей. Цяпер нашчадкі Аркадзя Смоліча жывуць ва Ўкраіне[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
- ^ Аркадзь Смоліч: адкрываючы Беларусь для беларусаў
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- СМОЛІЧ Аркадзь Антонавіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- СМОЛІЧ Аркадзь Антонавіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Смоліч Аркадзь // Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі — Менск: БГА, 2000.— 160 с. ISBN 985-6374-15-4.
- Арсень Ліс. Аркадзь Смоліч і «Географія Беларусі» // Аркадзь Смоліч. Географія Беларусі. — Менск, Беларусь, 1993. ISBN 5-338-01035-6.
- Арсень Ліс. Цяжкая дарога свабоды // Арсень Ліс. Цяжкая дарога свабоды. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 179-242. ISBN 5-340-01395-2.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Марина Аронова. «Казалось, никто не сможет разлучить нас». Полвека семья расстрелянного профессора искала его следы. (рас.) Сибирь.Реалии. — Аркадзь Смоліч. Праверана 17 листапада 2021 г.
- Нарадзіліся 29 верасьня
- Нарадзіліся ў 1891 годзе
- Памерлі 17 чэрвеня
- Памерлі ў 1938 годзе
- Нарадзіліся ў Клічаўскім раёне
- Беларускія географы
- Беларускія эканамісты
- Беларускія палітыкі
- Беларускія публіцысты
- Беларускія грамадзкія дзеячы
- Міністры асьветы БНР
- Міністры сельскай гаспадаркі БНР
- Дыпляматы БНР
- Рэпрэсаваныя ў БССР
- Расстраляныя беларускія літаратары
- Расстраляныя беларускія навукоўцы
- Памерлі ў Омску
- Асуджаныя па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»
- Удзельнікі Першага ўсебеларускага кангрэсу