Аляксей Кароль
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Кароль (неадназначнасьць).
Аляксей Кароль | |
Імя пры нараджэньні | Аляксей Сьцяпанавіч Кароль |
---|---|
Род дзейнасьці | Журналіст, рэдактар |
Дата нараджэньня | 29 траўня 1945 |
Месца нараджэньня | пасёлак Копысь, Аршанскі раён, Віцебская вобласьць, Беларуская ССР, СССР |
Дата сьмерці | 12 верасьня 2015 |
Месца сьмерці | Сынгапур |
Грамадзянства | Беларусь |
Месца вучобы | |
Занятак | журналіст, гісторык, палітоляг |
Месца працы | |
Бацька | Сьцяпан Кароль |
Дзеці | сын і дачка |
Дадаткова | Рэдактар газэты «Новы час» (2007—2015) |
Аляксе́й Каро́ль (нар. 29 траўня 1945, Копысь, Аршанскі раён, Віцебская вобласьць — 12 верасьня 2015, Сынгапур) — беларускі грамадзкі дзеяч, журналіст. Рэдактар беларускамоўнай газэты «Новы час» (2007—2015). Кандыдат гістарычных навук.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 29 траўня 1945 году ў пасёлку Копысь Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці. Бацька, родам зь Бярэзінскага раёну, пасьля фронту працаваў партыйным сакратаром і старшынём выканкаму Смаргонскага раёну (Гарадзенская вобласьць), пазьней — кіраўніком піўнога бровара ў Маладэчне (Менская вобласьць). Маці была настаўніцай. Да 7 клясы навучаўся ў Смаргоні. Школу скончыў у Маладэчне. У 1964—1967 гг., пасьля 10 клясаў, цягам 3 гадоў служыў танкістам у савецкім войску, што разьмяшчалася ў Нямецкай Дэмакратычнай Рэспубліцы[1]. У 1971 годзе скончыў гістарычны факультэт Менскі педінстытуту .
Кандыдацкую дысэртацыю абараніў па тэме пасьляваеннай акупацыі Нямеччыны ў 1945—47 гадах. Працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі Навук БССР, Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ.
Аўтар трох кніг і манаграфій: пра Першую расейскую рэвалюцыю 1905—1907 гадоў, пра Другі зьезд Расейскай сацыял-дэмакратычнай работніцкай партыі і пра Ўсевалада Ігнатоўскага.
У канцы 1980-х пісаў даведачную інфармацыю пра рэабілітацыю Зьмітра Жылуновіча і Ўсевалада Ігнатоўскага, а таксама іншых «нацдэмаў», рэпрэсаваных у 20-30-я гады ХХ стагоддзя.
Адзін з заснавальнікаў Партыі народнай згоды. Некалькі разоў быў ініцыятарам аб’яднаньня сацыял-дэмакратаў. У 2004 годзе балятаваўся ў парлямэнт у Маладэчне. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году быў даверанай асобай Аляксандра Казуліна.
З 1992 году выдаваў незалежную газэту «Згода», якую закрылі за два дні да выбараў 17 сакавіка 2006 году — за карыкатуры на прарока Мухамеда. Па факце перадрукаваньня гэтых карыкатур была заведзена крымінальная справа, у якой Аляксей Кароль быў сьведкам.
З 1992 г. намесьнік старшыні Партыі народнай згоды. На 2001 г. быў намесьнікам старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада»[2].
З 2007 г. працаваў галоўным рэдактарам газэты «Новы час». 3 чэрвеня 2008 г. перамог у Міжнародным конкурсе журналістаў імя Найта, узнагароду за ўдзел у якім 12 лістапада ўручыў Міжнародны цэнтар для журналістаў(en) (Вашынгтон, ЗША)[3]. У 2009 атрымаў узнагароду “Вольная прэса ва Усходняй Еўропе ад Фонда Цайт (Нямеччына) і Фонда Вольнага Слова[4] (Нарвэгія). Узнагарода была ўручана 3 чэрвеня 2009 г. у Нарвэскім Нобэлеўскім Інстытуце ў Осьлё.
У чэрвені 2015 г. выпусьціў дакумэнтальны фільм «1990-я: Як гэта было, і які шлях мы не прайшлі»[5]. У 2015 Кароль змагаўся з ракам лёгкіх, але працягваў актыўна ўдзельнічаць у працы рэдакцыі і грамадзкім жыцьці Беларусі. Апошнія тры месяцы жыцьця правёў ў коле сынавай сям’і ў Сынгапуры, дзе праходзіў курс лячэньня. Памёр 12 верасьня 2015 году ў Сынгапуры.
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аляксей Кароль, Іларыён Ігнаценка. Усевалад Ігнатоўскі і яго час / рэд. В.Г. Мацкевіч. — Менск: Голас Радзімы, 1991. — 123 с.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Тацяна Мельнічук. Віншуем Аляксея Караля з юбілеем // Газэта «Новы час», 29 траўня 2015 г. Праверана 14 верасьня 2015 г.
- ^ Сьпіс беларускіх палітыкаў // Беларуская палітычная сістэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г. / рэд. Валер Булгакаў. — Менск: Аналітычная група, 2001. — ISBN 83-916658-0-1
- ^ Марына Рахлей. Галоўны рэдактар газэты «Новы час» Аляксей Кароль стаў пераможцам Міжнароднага конкурсу журналістаў імя Найта за 2008 год // БелаПАН, 4 чэрвеня 2008 г. Праверана 14 верасьня 2015 г.
- ^ https://web.archive.org/web/20150915002816/http://www.frittord.no/priser/pressepriser-ind/pressepriser-for-russland-og-ost-europa-2009
- ^ Пайшоў з жыцьця Аляксей Кароль // Газэта «Новы час», 13 верасьня 2015 г. Праверана 14 верасьня 2015 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аляксей Кароль на Свабодзе. Падборка цытатаў і публікацыяў // Радыё «Свабода», 13 верасьня 2015 г. Праверана 14 верасьня 2015 г.
- Напісанае застаецца. Артыкулы Аляксея Караля // Новы Час, 30 верасьня 2015 г.