Ян Ласіцкі
Ян Ласіцкі | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1534[1][2][3][4] |
Памёр | 1602[3] Заслаўе, Беларусь |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | гісторык, тэоляг і дыплямат |
Мова | лацінская мова[1] |
Ян Ласі́цкі (па-польску: Jan Łasicki; к. 1534 — не раней за 1599) — польскі гісторык, бібліёграф, рэлігійны пісьменьнік-палеміст.
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Нарадзіўся ў вёсцы Ласіцы Сахачоўскага павету Раўскага ваяводзтва (Мазовія). Паходзіў з дробнай мазавецкай шляхты. Кальвініст. У 1556—1561 гадах вучыўся ў гімназіях і ўнівэрсытэтах Страсбургу, Жэнэвы, Лазаны, Цюрыху, Падуі, пазьней вандраваў па Швайцарыі, Францыі, Нідэрляндах, Англіі; у Парыжы ледзь пазьбегнуў гібелі ў Барталямэеўскую ноч (24 жніўня 1572).
Актыўна ўдзельнічаў у міжканфэсійнай палеміцы, перапісваўся зь вядучымі дзеячамі эўрапейскай Рэфармацыі. Меў разнастайныя навуковыя інтарэсы: напісаў шэраг прац па гісторыі рэлігіі, гісторыі панаваньня Стэфана Баторыя, нарыс гісторыі Францыі (першы польскі твор такога кшталту), і іншыя (усе на лацінскай мове); цікавіўся дакладнымі навукамі. Лічыцца заснавальнікам польскай бібліяграфіі.
У 1581 годзе вярнуўся з апошняй вандроўкі за межы РП, у 1582 годзе пазнаёміўся зь літоўскім падскарбіям, кашталянам менскім Янам Глябовічам (кальвіністам), які запрасіў яго ў ВКЛ; выхоўваў дзяцей Глябовіча Яна і Мікалая, жывучы то ў Вільні, то ў рэзыдэнцыі Глябовічаў у Заслаўі. Увайшоў у рознаверны асяродак віленскіх інтэлектуалаў (Цыпрыян Базылік, Андрэй Волян, Пауль Одэрборн і іншыя). У 1582 годзе выдаў у Шпаеры (Нямеччына) зборнік прац розных аўтараў «Пра рэлігію, ахвярапрынашэньне, вясельныя і пахавальныя абрады русінаў, маскавітаў і татараў» (назва пазычаная з трактата Одэрборна), у які ўвайшоў і арыгінальны твор Ласіцкага. Апісаў народныя адзеньне, стравы, абрады беларусаў, архітэктуру Вільні, Полацка, беларускіх вёсак; крытычна ставіўся да перажыткаў паганства, забабонаў, неадукаванасьці насельніцтва ВКЛ. У рэлігійнай палеміцы выступаў як супраць каталіцкай рэакцыі (у 1584 годзе бараніў Андрэя Волана ад Пятра Скаргі), так і супраць радыкальных пратэстанцкіх плыняў (асуджаў антытрынітарыяў, Фаўста Соцына).
Апошнія зьвесткі пра Ласіцкага паходзяць з Заслаўя (ліпень 1599). Пасьмяротна выйшаў яго твор «Пра багоў самагітаў, іншых сарматаў і несапраўдных хрысьціян» (Базэль, 1615) — першы сыстэматычны выклад балцкіх язычніцкіх вераваньняў.
Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- De Russorum, Moscovitarum et Tartarorum religione… Spirae, 1582.
- De diis Samogitarum caeterorumque Sarmatarum… Basileae, 1615.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Алесь Белы //
- Barycz H. Jan Lasicki: Studium z dziejow polskiej kultury naukowej XVI w. Wroclaw etc., 1973.
- Издано в 1582 году // Белорусский экватор. Мн., 1988
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Арыгінальны артыкул(недаступная спасылка)
- ^ а б Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
- ^ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Бэрлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #129010596 // Gemeinsame Normdatei — 2012—2016.
- ^ а б Early Modern Letters Online
- ^ NUKAT — 2002.