Юры Лістапад
Юры Лістапад | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся: |
7 красавіка 1897 Варкавічы, Слуцкі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя |
Памёр: |
5 ліпеня 1938 (41 год) ГУЛАГ |
Сужэнец: | Марыя (Сагановіч) |
Дзеці: | Ніна |
Адукацыя: | Панявеская настаўніцкая сэмінарыя |
Ю́ры (Ю́рка, Гео́ргі) Іва́навіч Лістапа́д (7 красавіка 1897, Варкавічы, цяпер Слуцкі раён, Менская вобласьць — 5 ліпеня 1938, ГУЛАГ) — беларускі палітычны дзяяч, публіцыст. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 7 красавіка 1897 году ў Варкавічах Слуцкага павету ў сялянскай сям’і[1]. У 1914 годзе скончыў Панявескую настаўніцкую сэмінарыю. Настаўнічаў на Случчыне і ў Слуцку. У 1918 годзе ў Менску скончыў 1-я Беларускія пэдагагічныя курсы, адзначаўся пэдагагічнай радай курсаў за добрае валоданьне беларускай мовай і веданьне гісторыі Беларусі. Ягоны выпускны твор «Слуцкае вясельле» Язэп Лёсік надрукаваў у менскай газэце «Беларусь» у траўні 1920 году. У 1919 годзе працаваў у менскіх беларускіх выдавецтвах, пераклаў на беларускую мову апавяданьне Ўладзімера Караленкі «Бяз мовы», камэдыі Аляксандра Астроўскага «Беднасьць ня ганьба» й «На бойкім месцы», таксама падручнік «Арытмэтыка» Цыгельмана[2].
Увосень 1919 году накіраваны Беларускай школьнай радай Меншчыны школьным інструктарам у Слуцкі павет, дзе з дапамогай Андрэя Бараноўскага й іншых актывістаў стварыў восем беларускіх школаў. Актыўна ўдзельнічаў у працы слуцкіх беларускіх арганізацыяў (Нацыянальны камітэт, «Папараць-Квета» ды інш.)[2].
У лістападзе 1920 году абраны ў Беларускую Раду Случчыны, удзельнік Слуцкага збройнага чыну 1920 году[2].
З 1921 году ў Заходняй Беларусі, вучыўся на Віленскіх беларускіх настаўніцкіх курсах (адначасова быў іхным адказным сакратаром), увайшоў у арганізацыю «Нацыянальная сувязь», супрацоўнічаў з газэтамі «Еднасьць», «Беларускія Ведамасьці», «Наша думка»[1]. Інструктар беларускіх школаў на Віленшчыне[2].
У 1922 вярнуўся ў Слуцак. Настаўнічаў, у 1923—1925 гадох працаваў выкладчыкам беларусазнаўства на Слуцкіх агульнаадукацыйных пэдагагічных курсах, дзе блізка сышоўся зь Якубам Коласам[1][2].
Арыштаваны ДПУ БССР 22 лістапада 1925, у сакавіку 1926 асуджаны на 5 гадоў турэмнага зьняволеньня.[3][4] Вызвалены ў лістападзе 1927. Даўгі час ня мог уладкавацца на працу, зарабляў грошы як «вольны перакладчык» у Белдзяржвыдавецтве[2]. Зноў арыштаваны летам 1930 па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», вызвалены празь некалькі месяцаў. У ліпені 1933 году перасяліўся ў Ржэў, працаваў рахункаводам збожжанарыхтоўчага пункту. У кастрычніку 1933 арыштаваны па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру», у студзені 1934 асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня. Этапаваны ў Байкала-Амурскі канцлягер АДПУ Далёкаўсходняга краю (Свабодны), паводзіў сябе там непакорліва. У жніўні 1935 на яго была заведзеная крымінальная справа. 31 сакавіка 1938 «тройкай» НКУС за «антысавецкую агітацыю сярод зьняволеных» прыгавораны да расстрэлу.
Быў жанаты на Марыі Стагановіч, меў дачку Ніну.
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Слуцкае вясельле // Беларусь. 1920, № 108—110
- Узьбіліся на свой шлях // Наша думка (Вільня). 1921, № 9—10
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в У матэрыялах яго крымінальнай справы стаіць выснова: «Невыправімы». kurjer.info (5 сьнежня 2013). Праверана 23 чэрвеня 2015 г. Архіўная копія ад 23 чэрвеня 2015 г.
- ^ а б в г д е Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд. дапрац.. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — С. 289—290. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3
- ^ Слуцкі паўстанец. Працэс «Лістападаўцаў». // Беларускае слова : газэта. — 1926, 31 сакавіка. — № 8. — С. 2.
- ^ Слуцкі паўстанец. Працэс «Лістападаўцаў». // Беларускае слова : газэта. — 1926, 9 красавіка. — № 9. — С. 2.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Юры Лістапад — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Контррэвалюцыйная паўстанцкая і шпіёнска-дыверсійная арганізацыя «Беларускі Нацыянальны Цэнтар» у Беразіно
- Ю. Лістапад — Узьбіліся на свой шлях
- Сяргей Крапівін (6 красавіка 2007) Юрка Листопад — последний непуганный белорус (рас.). expressnews.by. Праверана 23 чэрвеня 2015 г. Архіўная копія ад 6 красавіка 2007 г.