Рэспубліка Сэрбская
Рэспубліка Сэрбская | |
Република Српска | |
Сьцяг | |
Гімн | Гімн Рэспублікі Сэрбскай |
---|---|
Агульныя зьвесткі | |
Краіна | |
Статус | адміністрацыйны падзел Босьніі і Герцагавіны |
Адміністрацыйны цэнтар | Сараева і Баня Лука |
Найбольшы горад | Баня Лука |
Дата ўтварэньня | 9 студзеня 1992 |
Прэм’ер-міністар | Радаван Вішкавіч |
Афіцыйныя мовы | сэрбская, басьнійская мова і харвацкая |
Насельніцтва |
|
Шчыльнасьць | 45,51 чал./км² |
Плошча |
|
Вышыня па-над узр. м. · сярэдняя вышыня | 355 м[1] |
Месцазнаходжаньне Рэспублікі Сэрбскай | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Часавы пас | UTC+1, цэнтральнаэўрапейскі час |
Летні час | UTC+2 |
Код ISO 3166-2 | BA-SRP |
Тэлефонны код | 387 |
Інтэрнэт-дамэн | .rs.ba .rs.sr |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Рэспубліка Сэрбская (па-сэрбску (кірыліцай): Република Српска, па-сэрбску: Republika Srpska, вымаўляецца repǔblika sr̩̂pskaː) — дзяржаўнае ўтварэньне на тэрыторыі Босьніі і Герцагавіны, якое было створана паводле Дэйтанскіх пагадненьняў. Фактычная сталіца — Баня Лука, дзе разьмешчаныя парлямэнт і ўрад. Колькасьць насельніцтва ацэньваецца ў 1 120 236 (2022)[2]. Афіцыйныя мовы — сэрбская, басьнійская і харвацкая. Канстытуцыя Рэспублікі Сэрбскай пазьбягае назваў моваў, замест гэтага называючы іх «мова сэрбскага народу, мова басьнійскага народу і мова харвацкага народу» (паколькі няма кансэнсусу, адна гэта ці тры асобныя мовы)[3].
У прынятай 22 лютага 2008 рэзалюцыі парлямэнту Рэспублікі Сэрбскай гаворыцца, што басьнійскія сэрбы могуць выйсьці з складу Босьніі і Герцагавіны, калі большасьць краінаў-сябраў ААН і дзяржаваў Эўразьвязу прызнае незалежнасьць Косава.
Гаспадарка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2021 год дзейнічала «Банялуцкая біржа».
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Плошча Рэспублікі Сэрбскай складае 24 857 км². Тэрыторыя яе складаецца зь дзьвюх частак, названых па памежных рэках: Пасавіна на поўначы і Падрыньне на ўсходзе. Дзьве часткі з аднаго боку злучаныя раёнам Брчко, што знаходзіцца пад кіраваньнем ААН (паводле дамоваў у Дэйтане гэты раён падзелены прыкладна пароўну паміж Рэспублікай Сэрбскай (паўночная частка) і Мусульмана-харвацкай фэдэрацыяй).
Вялікая частка рэспублікі ляжыць у межах гістарычнай вобласьці Босьнія, меншая — у Герцагавіне. Мяжа паміж двума дзяржаўнымі ўтварэньнямі(en) ўсталяваная Дэйтанскімі пагадненьнямі і складае 1080 км даўжынёй. Тэрыторыя Рэспублікі Сэрбскай падзеленая на 63 муніцыпалітэты.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]9 студзеня 1992 року Нацыянальны сход Рэспублікі Сэрбскай абвясьціў Рэспубліку сэрбскага народу Босьніі і Герцагавіны (сэрб. Republika srpskog naroda Bosne i Hercegovine) тады яшчэ ў складзе Югаславіі[4]. 28 лютага была прынятая канстытуцыя цяпер ужо Сэрбскай рэспублікі Босьніі і Герцагавіны, якая мела ўключаць усе тэрыторыі зь пераважным сэрбскім насельніцтвам, а таксама тэрыторыі, дзе сэрбы сталі меншасьцю з-за генацыду сэрбаў у часе Другой сусьветнай вайны(en).
7 красавіка 1992 року, пасьля таго, як сталі вядомыя вынікі рэфэрэндуму аб незалежнасьці Босьніі і Герцагавіны, Нацыянальны сход у Баня-Луцы абвясьціў разрыў стасункаў Рэспублікі Сэрбскай з Босьніяй і Герцагавінай[5]. 12 жніўня 1992 назва краіны была зьмененая на Рэспубліка Сэрбская[6].
Унутрыдзяржаўны канфлікт выліўся ў крывавую грамадзянскую вайну, якая доўжылася да восені 1995 року і скончылася дасягненьнем мірнага пагадненьня на вайсковай базе пад Дэйтанам. Адным з пунктаў пагадненьня стала канстытуцыя Босьніі і Герцагавіны, паводле якой Рэспубліка Сэрбская была прызнаная адным з двух галоўных дзяржаўных утварэньняў на тэрыторыі дзяржавы. 14 сьнежня 1995 Рэспубліка Сэрбская прызнаная як частка Босьніі і Герцагавіны. Кіраўнікі войска Рэспублікі Сэрбскай Радаван Караджыч і Ратка Младзіч былі асуджаныя Гааскім трыбуналам за злачынствы супраць чалавецтва. За час вайны колькасьць сэрбскага насельніцтва павялічылася на 547 741 чалавек за кошт уцекачоў з Фэдэрацыі Босьніі і Герцагавіны і Сэрбскай Краіны, колькасьць іншых нацыяў зьменшылася з-за этнічных чыстак на 569 530 чалавек (ня лічачы тых, што вярнуліся па сканчэньні вайны). Дагэтуль грамадзтва застаецца падзеленым.
Палітыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле канстытуцыі, Рэспубліка Сэрбская мае ўласнага прэзыдэнта, парлямэнт з 83 дэпутатаў, урад, паліцыю, судовую сыстэму, мытню і пошту. Тып ураду — парлямэнтарызм. Дзяржаўныя сымбалі — герб, сьцяг (варыянт сэрбскага бяз гербу) і гімн.
Паводле канстытуцыі сталіцай Рэспублікі Сэрбскай ёсьць Сараева[7], аднак фактычна сталіцай зьяўляецца Баня-Лука, у якой разьмешчаныя ўсе дзяржаўныя ўстановы. Войска было распушчанае ў 2005 року дзеля выкананьня ўмоваў далучэньня Босьніі і Герцагавіны да праграмы НАТО «Партнэрства дзеля міру».
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найстарэйшы ўнівэрсытэт, заснаваны ў 1975 року, — Баня-Луцкі ўнівэрсытэт. У 1996 заснаваная Нацыянальная акадэмія навук і мастацтваў.
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ GeoNames (анг.) — 2005.
- ^ Thomas Brinkhoff (20 жніўня 2023) Bosnia and Herzegovina: Political Entities, Cantons, Major Cities & Settlements - Population Statistics, Maps, Charts, Weather and Web Information (анг.) www.citypopulation.de
- ^ Decision on Constitutional Amendments in Republika Srpska. Office of the High Representative. Праверана 3 чэрвеня 2010 г.
- ^ The Declaration of Proclamation of the Republic of the Serb People of Bosnia and Herzegovina (сэрб.) // Official Gazette of the Serb People in Bosnia and Herzegovina. — В. 2. — Т. 1. — С. 13–14.
- ^ The Decision on Proclamation of the Serbian Republic of Bosnia and Herzegovina (сэрб.) // Novosti AD. — Бялград: 1992.
- ^ The Amendments VII and VIII to the Constitution of the Republika Srpska (сэрб.) // Official Gazette of the Republika Srpska. — В. 15. — Т. 1. — С. 569.
- ^ Constitution of the Republika Srpska-Official Web Site of the Office of the High Representative