Прэзыдэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь
Прэзыдэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь | |
наркам. Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь | |
Абрэвіятура | ПБ РБ |
---|---|
Папярэднік | Дзяржаўная бібліятэка Беларускай ССР |
Дата ўтварэньня | 17 сакавіка 1933 (91 год таму) |
Тып | бібліятэка |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Мэта | забесьпячэньне кнігамі органаў дзяржаўнай улады Беларусі |
Штаб-кватэра | Маскоўскі раён, Савецкая вул., д. 11[1] |
Месцазнаходжаньне | Менск |
Каардынаты | 53°53′45″ пн. ш. 27°32′42″ у. д. / 53.89583° пн. ш. 27.545° у. д.Каардынаты: 53°53′45″ пн. ш. 27°32′42″ у. д. / 53.89583° пн. ш. 27.545° у. д. |
Дзейнічае ў рэгіёнах | 9 здраўніцаў Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Беларусі[2], у тым ліку ў Латвіі, Летуве, Расеі і Ўкраіне[3] |
Сяброўства | аддзяленьне катэдры Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў[4] |
Афіцыйныя мовы | беларуская, расейская |
Кіраўнік | Сяргей Квачан |
Намесьніца ў навуковай працы | Ала Пенда |
Наменьнік у агульных пытаньнях | Алег Карабанаў |
Галоўная інжынэрка | Элеанора Гурыновіч |
Асноўныя асобы | Алена Агеева (навуковая сакратарка)[5] |
Матчына кампанія | Адміністрацыя прэзыдэнта Беларусі[6] |
Зьвязаныя кампаніі | аддзяленьні ў Рэзыдэнцыі прэзыдэнта Беларусі і Выканкаме СНД |
Сайт | preslib.org.by/by |
Колішняя назва | Аддзяленьне Дзяржаўнай бібліятэкі і Бібліяграфічнага інстытуту пры Доме ўраду (да 17 сакавіка 1938 г.), Урадавая бібліятэка Беларусі (да 26 верасьня 1994 г.) |
Прэзыдэ́нцкая бібліятэ́ка Рэспу́блікі Белару́сь — агульнадаступная навуковая бібліятэка Беларусі ў галіне гаспадаркі, грамадзкіх навук, дзяржаўнага кіраваньня, парлямэнтарызму і права, заснаваная ў сакавіку 1933 году ў якасьці Аддзяленьня Дзяржаўнай бібліятэкі Беларусі пры Доме ўраду[7].
Чытальня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2021 год Прэзыдэнцкая бібліятэка Беларусі абслугоўвала ў чытальні ўсіх чытачак і чытачоў, пераважную большасьць якіх складалі студэнткі і студэнты найвышэйшых і сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў Беларусі. Пры плаце за чытацкі білет патрабаваўся пашпарт, службовае пасьведчаньне або студэнцкі білет і фатаграфія 3х4 см. На абанэмэнт, які дазваляў браць кнігі на дом, запісвалі чыноўнікаў з прапіскай у Менску і Менскім раёне[8]. Бібліятэка працавала з панядзелка па пятніцу зь 9-й да 19-ай гадзіны[9].
Паслугі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2021 год Прэзыдэнцкая бібліятэка Беларусі прапаноўвала бясплатны доступ да Сеціва праз Вай-Фай у інфармацыйна-даведкавай службе (каб. 18)[10]. За плату ажыцьцяўлялі: капіяваньне, раздрукоўку і сканаваньне, пераплёт, сеціўную дастаўку, прысваеньне ўнівэрсальнай дзесяцічнай клясыфікацыі (УДК) выданьню, складаньне сьпісу апісаньняў кніжных крыніцаў, выдачу рэдкіх выданьняў для здымкаў і аднаўленьне сапсаванага штрых-коду[11].
Задачы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У задачы Прэзыдэнцкай бібліятэкі Беларусі ўваходзілі:
- бібліятэчнае і інфармацыйна-бібліяграфічнае абслугоўваньне карыстальніц і карыстальнікаў, а таксама органаў дзяржаўнай улады Беларусі;
- утварэньне, захаваньне і выкарыстаньне ўсебаковага фонду айчынных і замежных дакумэнтаў пра гаспадарку, дзяржаўнае кіраваньне, навуку, парлямэнтарызм, палітыку і права;
- наданьне ўсім карыстальніцам і карыстальнікам раўнапраўнага доступу да паслугаў і сродкаў бібліятэкі[12].
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2021 год Прэзыдэнцкая бібліятэка Беларусі ўлучала:
- 12 аддзелаў — 1) абслугоўваньня карыстальнікаў, 2) аўтаматызаваных сыстэмаў, 3) бібліятэчнага маркетынгу, 4) бібліятэчна-інфармацыйных тэхналёгіяў, 5) дакумэнтазахоўваньня, 6) інфармацыйна-аналітычны, 7) інфармацыйных рэсурсаў, 8) капіявальных і пераплётных працаў, 9) каталягізацыі дакумэнтаў, 10) старадрукаў і рэдкіх выданьняў, 11) фармаваньня рэсурсаў, 12) фармаваньня электроннай бібліятэкі;
- сэктар міжбібліятэчнага абанэмэнту і электроннай дастаўкі дакумэнтаў (МБА і ЭДД);
- інфармацыйна-даведкавая служба (каб. 18);
- 2 аддзяленьні ў: 1) Рэзыдэнцыі прэзыдэнта Беларусі (вул. К.Маркса, д. 43), 2) Выканаўчым камітэце СНД (вул. Кірава, д. 17)[13].
На 2014 год аддзел старадрукаў і рэдкіх кніг налічваў 70 000 кніг і 20 старажытных кнігазбораў. Сярод іншага, аддзел зьмяшчаў: 130 кніг з Радзівілаўскай бібліятэкі ў Нясьвіжы, асабістыя кнізазборы Алеся Баркоўскага, Вацлава Ластоўскага, Аркадзя Смоліча і Ўсевалада Ігнатоўскага, а таксама кнігазбор Саюзу беларускіх пісьменьнікаў зь 5000 кніг з подпісамі творцаў (у тым ліку Якуба Коласа, Янкі Купалы і Васіля Быкава), 2-томнік «Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі» і старадрук «Хроніка Эўрапейскай Сарматыі», арыгіналы канстытуцыяў Беларусі і архівы даваенных газэтаў[14].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]1917—1941
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да моманту стварэньня бібліятэкі[15] ўжо існавалі бібліятэкі розных наркаматаў. Так у 1917 г. была створана бібліятэка народнага камісарыята шляхоў зносінаў, у 1918 г. — навуковая бібліятэка цэнтральнага статыстычнага кіраўніцтва. 13 студзеня 1919 г. Савет народнай гаспадаркі ССРБ прымае пастанову аб стварэньні пры ім тэхніка-эканамічнай бібліятэкі.[16] Пазьней Савет Народных Камісараў (СНК) ЛітБел прымае пастанову аб стварэньні Дзяржаўнага інстытуту па сацыялёгіі й эканоміцы Літвы й Беларусі й Дзяржаўнай сацыялягічнай бібліятэкі пры ім. Ад пачатку 20-х гг. XX ст. працавалі статыстыка-эканамічная бібліятэка Наркамзема, невялікія бібліятэкі Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта (ЦВК) і СНК БССР, народных камісарыятаў фінансаў, працы й асьветы, Дзяржпляна, Савета народнай гаспадаркі.
7 лістапада 1933 году ў Менску ўвялі ў строй будынак Дома ўраду, куды пераехалі ЦВК і СНК, наркаматы й іншыя рэспубліканскія арганізацыі. На базе іх даведкавых бібліятэк па пастанове СНК БССР ад 10 сьнежня 1933 г. (№ 1993) было адкрыта «Аддзяленьне Дзяржаўнай бібліятэкі й Бібліяграфічнага інстытуту імя У. І. Леніна пры Доме Ўраду».[17] З гэтага моманту пачалося плянамернае бібліятэчнае абслугоўваньне дзяржаўнага апарату БССР.
Цьвёрдага дакумэнтальнага пацьвярджэньня самастойнасьці бібліятэкі да сакавіка 1938 г. ня знойдзена. У адпаведнасьці з пастановай Прэзыдыюма Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР ад 17 сакавіка 1938 г. Урадавай бібліятэцы надаецца імя А. М. Горкага.[18] Важнай вехай у разьвіцьці бібліятэкі можна лічыць стварэньне Савета бібліятэкі. Старшынём Савета бібліятэкі стаў першы намесьнік Старшыні СНК І. А. Захараў. У склад Савета ўваходзілі прадстаўнікі Прэзыдыюма Вярхоўнага Савета, Дзяржпляна, камісарыятаў лёгкай, харчовай і іншых прамысловасьцей. Фінансаваньне бібліятэкі ажыцьцяўляў Наркамфін БССР, а гаспадарчае забесьпячэньне — кіраўніцтва Дома Ўрада. У гэты пэрыяд чытальная зала й абанэмэнт былі адчынены да 23 гадзін 45 хвілін, уключаючы суботу й нядзелю. Да таго часу чытальная зала па сваім дапаможным фондзе, даведкавым апараце й абсталяваньні была ў ліку лепшых у рэспубліцы. Да 1938 г. бібліятэкай карысталіся 2800 чытачоў. Даваенны фонд бібліятэкі дасягнуў 250 тыс. адзінак захоўваньня, у тым ліку 80 тыс. экзэмпляраў кніжнага фонду.
1941—1960
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У гады Вялікай Айчыннай вайны фонд бібліятэкі быў разрабаваны й практычна поўнасьцю зьнішчаны. Пытаньне аб аднаўленьні бібліятэкі вырашалася яшчэ да вызваленьня Менску. Савет Народных Камісараў БССР 27 чэрвеня 1944 г. прыняў пастанову «Аб аднаўленьні дзейнасьці бібліятэкі СНК БССР». А 8 ліпеня 1944 г. Саўнаркамам БССР быў зацьверджаны яе пастаянны штат, наладжана атрыманьне абавязковага экзэмпляра літаратуры з Цэнтральнага калектара навуковых бібліятэк. Урадавая бібліятэка імя А. М. Горкага першай сярод навуковых бібліятэк сталіцы ўлетку 1944 г. пачала працу ў вызваленым Менску. На ранейшым месцы была адноўлена чытальная зала на 150 месцаў. Да 1946 г. у бібліятэцы абслугоўвалася 3000 чытачоў.
1944—1952 гг. — час інтэнсіўнага фармаваньня фонду. Колькасьць экзэмпляраў дасягае даваеннага ўзроўню. Кнігі набывалі ў насельніцтва, праз букіністычныя крамы. 15440 выданьняў было адабрана з трафэйных крыніц. Супрацоўнікі бібліятэкі выяжджалі ў Маскву, Ленінград, Ерэван, Тбілісі, Баку з мэтай аднаўленьня фонду Ўрадавай бібліятэкі Беларусі. Туды да вайны накіроўваўся беларускі абавязковы экзэмпляр. Вялікую дапамогу па аднаўленьні кніжнага фонду аказалі Дзяржаўная бібліятэка СССР імя Леніна(ru), Урадавая бібліятэка Саўміна СССР, Дзяржаўная публічная бібліятэка імя Салтыкова-Шчадрына(ru) і іншыя бібліятэкі. За першы пасьляваенны год бібліятэкай было зарэгістравана 66634 экзэмпляраў дакумэнтаў. У інвэнтарнай кнізе № 1 14 кастрычніка 1944 г. была запісана кніга пад інвэнтарным нумарам «1»: Чехов А. П. «Водевили» (М., 1944).
У пасьляваенны час бібліятэка ўзнаўляе культурна-масавую й асьветніцкую працу. У сьценах бібліятэкі арганізоўваюцца сустрэчы зь дзеячамі культуры, паэтамі, пісьменьнікамі, сярод якіх былі К. Сіманаў, А. Безыменскі, М. Галодны, С. Маршак, П. Броўка, М. Танк, І. Шамякін, І. Мележ, Я. Брыль і інш.
У пасьляваенныя гады ўзрасьлі інфармацыйныя патрэбнасьці спэцыялістаў савецкіх, партыйных, гаспадарчых органаў, якія працавалі ў галіне аднаўленьня народнай гаспадаркі. Фонд бібліятэкі стаў актыўна папаўняцца навукова-тэхнічнай дакумэнтацыяй. У 1956 г. пры бібліятэцы быў створаны кабінэт новай тэхнікі, які неўзабаве стаў цэнтрам тэхнічнай інфармацыі й бібліяграфіі ў рэспубліцы. Бібліятэка ажыцьцяўляла арганізацыйна-мэтадычнае кіраўніцтва сеткай тэхнічных бібліятэк, яе дзейнасьць у гэтым напрамку курыравалася Дзяржаўным навукова-тэхнічным камітэтам Савета Міністраў БССР.
У 1950—1960 гг. бібліятэка актыўна вядзе навукова-дасьледчую работу ў галіне бібліяграфіі, канцэнтруючыся на падрыхтоўцы бібліяграфічных дапаможнікаў па эканамічнай тэматыцы, грамадзка-палітычных пытаньнях, савецкім будаўніцтве, актуальных пытаньнях навукі й тэхнікі.
1960—1994
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да 1960 г. Урадавая бібліятэка імя А. М. Горкага стала адной з найбуйнейшых навуковых бібліятэк рэспублікі. У гэтым жа годзе адчыняецца міжбібліятэчны абанэмэнт (МБА). А ў 1964 г. Урадавая бібліятэка зьявілася ініцыятарам стварэньня «кальцавога» МБА. Паводле «Палажэньня аб адзінай агульнадзяржаўнай сыстэме МБА» «кальцавы» МБА аб’яднаў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У. І. Леніна, Фундамэнтальную бібліятэку АН БССР і Ўрадавую бібліятэку імя А. М. Горкага й стаў асновай стварэньня рэспубліканскай сыстэмы міжбібліятэчнага абслугоўваньня бібліятэк усіх сыстэм і ведамстваў.
У 1970 годзе Ўрадавая бібліятэка мае мільённы фонд дакумэнтаў, разьвітую сыстэму МБА, прафэсійна арганізаваны даведкава-бібліяграфічны апарат. Няўхільна ўдасканальваецца інфармацыйнае абслугоўваньне кіруючых кадраў рэспубліканскага апарату й працаўнікоў Саветаў, спэцыялістаў народнай гаспадаркі. Вядзецца вялікая арганізацыйна-мэтадычная й навукова-бібліяграфічная праца. У 1970 г. Урадавую бібліятэку імя А. М. Горкага адносяць да навуковых бібліятэк першай катэгорыі.
У 70-80-ыя гады мінулага стагодзьдзя Ўрадавая бібліятэка актыўна ўсталёўвае дзелавыя кантакты. Сярод яе партнэраў — Дзяржаўная публічная навукова-тэхнічная бібліятэка(ru), галіновыя навукова-тэхнічныя бібліятэкі краіны, Тэкст(ru). Урадавая бібліятэка імя А. М. Горкага зьяўлялася актыўным чальцом Занальнага савета тэхнічных бібліятэк Прыбалтыкі, Беларусі й Калінінградзкай вобласьці.
Новы віток у разьвіцьці бібліятэкі зьвязаны з узьнікненьнем сувярэннай беларускай дзяржавы. У адпаведнасьці з распараджэньнем прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі ад 26 верасьня 1994 г. № 17рп Урадавая бібліятэка была перайменавана ў Прэзыдэнцкую бібліятэку Рэспублікі Беларусь. З гэтага часу галоўнай задачай становіцца ўсебаковае бібліятэчна-інфармацыйнае забесьпячэньне дзейнасьці прэзыдэнта й яго адміністрацыі, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савету міністраў і яго апарату, Канстытуцыйнага суду Беларусі, Выканаўчага сакратарыяту СНД, міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў, ведамстваў, арганізацыяў і мясцовых органаў кіраваньня. Індывідуальнае інфармаваньне рэгулярна атрымліваюць супрацоўнікі Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савету міністраў і інфармацыйныя службы гэтых установаў.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кантакты // Прэзыдэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 11 сьнежня 2021 г.
- ^ Бібліятэка сёньня // Прэзыдэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 11 сьнежня 2021 г.
- ^ Інфармацыйныя цэнтры, бібліятэкі і ўстановы культуры Рэспублікі Беларусь (Партнэры) // Прэзыдэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 11 сьнежня 2021 г.
- ^ Аб філіі БДУКМ // Прэзыдэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 11 сьнежня 2021 г.
- ^ Структура // Прэзыдэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 11 сьнежня 2021 г.
- ^ Вышэйстаячая арганізацыя // Прэзыдэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 11 сьнежня 2021 г.
- ^ Правілы карыстаньня // Прэзыдэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 11 сьнежня 2021 г.
- ^ Як запісацца ў бібліятэку // Прэзыдэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 11 сьнежня 2021 г.
- ^ Рэжым працы // Прэзыдэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 11 сьнежня 2021 г.
- ^ Вай-Фай // Прэзыдэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 11 сьнежня 2021 г.
- ^ Платныя паслугі // Прэзыдэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 11 сьнежня 2021 г.
- ^ Місія // Прэзыдэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 11 сьнежня 2021 г.
- ^ Структура // Прэзыдэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 11 сьнежня 2021 г.
- ^ Ніна Шчарбачэвіч. Друкаваныя сьведкі гісторыі // Ігуменскі тракт. — 28 студзеня 2014. — № 3 (61).
- ^ Герасімаў, В. М. Да гісторыі стварэньня Прэзыдэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь і фарміраваньня яе кнігазбораў (1933—1945 гг.) / В. М. Герасімаў // Здабыткі : дакумэнтальныя помнікі на Беларусі. — Мн. : НББ, 2005. — N 7. — С. 79-90.
- ^ Постановление Президиума СНХ ССРБ о конфискации технических библиотек и организации технической библиотеки при СНХ ССРБ, 13 янв. 1919 г. // Библиотечное дело в БССР : документы и материалы. — Минск, 1978. — Т. 1. 1918—1941. — С. 17.
- ^ Об организации при Доме правительства отделения Государственной библиотеки и Библиографического института БССР им. В. И. Ленина // Библиотечное дело в БССР : документы и материалы. — Минск, 1978. — Т. 1. 1918—1941. — С. 176—177.
- ^ Аб прысваеньні імя А. М. Горкага Ўрадавай бібліятэцы ў гор. Менску : пастанова Прэзыдыюма ЦВК БССР ад 17 сакавіка 1938 г. № 91 // Збор законаў і распараджэньняў рабоча-сялянскага ўрада БССР. — 1938. — № 10. — С. 10.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Звароты грамадзянаў // Прэзыдэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 11 сьнежня 2021 г.
- Віртуальная даведка (рас.)
- Электронны каталёг (рас.) // Прэзыдэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 11 сьнежня 2021 г.
|