Перайсьці да зьместу

Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

«Архі́вы Белару́скай Наро́днай Рэспу́блікі» — сэрыя археаграфічных выданьняў, якая зьмяшчае дакумэнты і матэрыялы, прысьвечаныя гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі. Распачата Сяргеем Шупам. У 1998 годзе ў Вільні выйшлі першая і другая кнігі першага тому. Пры падрыхтоўцы першага тому выкарыстаны матэрыялы з фонду № 582 Дзяржаўнага архіву Летувы. У 2021 годзе ў Менску выдадзена першая кніга другога тому, у якой зьмешчаны дакумэнты з Дзяржаўнага архіву Расейскай Фэдэрацыі.

Падрыхтоўка і выданьне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сяргей Шупа пачаў працаваць над выданьнем першага тому ў 1990-х гадах. Шэсьць гадоў дасьледчык шукаў матэрыялы ў архівах і бібліятэках Вільні й Менску. У 1998 годзе выйшлі дзьве кнігі першага тому[1]. У першым томе апублікаваны дакумэнты Рады міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі, якія захоўваюцца ў Вільні. У падрыхтоўцы выданьня ўдзельнічалі Беларускі інстытут навукі й мастацтва, Таварыства беларускага пісьменства і «Наша Ніва». Выдавецкую працу першага тому фактычна зрабіў Сяргей Шупа[2].

Першапачаткова ў другі том сэрыі павінны былі ўвайсьці дакумэнты зь Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь, якія захоўваюцца у Менску, аднак на нейкі час выданьне сэрыі затрымалася. У Дзяржаўным архіву Расейскай Фэдэрацыі, які знаходзіцца ў Маскве, захоўваюцца пратаколы пасяджэньняў Народнага сакратарыяту Беларускай Народнай Рэспублікі. Яны былі адкрыты для дасьледчыкаў яшчэ ў 1988 годзе. У 2018 годзе навуковец з Горадні Аляксандар Горны праходзіў навуковую стажыроўку ў Маскве. Ён зьвярнуў увагу на гэтыя пратаколы. Аляксандар Горны і Андрэй Буча ўклалі першую кнігу другога тому, якая выйшла з друку ў 2021 годзе ў менскім выдавецтве «Кнігазбор»[1].

Першы том мае 3837 дакумэнтаў, большая частка зь якіх цалкам надрукавана ці з купюрамі. Пры гэтым захавана мова арыгіналу. У меншай частцы дакумэнтаў надрукаваны падрабязнае апісаньне зьместу і камэнтары пад артыкулам. Былі поўнасьцю апублікаваны ў першым томе афіцыйныя дакумэнты галоўных органаў Беларускай Народнай Рэспублікі, матэрыялы, якія тычыцца дыпляматычнай дзейнасьці ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама афіцыйная і асабістая перапіска палітычных кіраўнікоў рэспублікі і беларускіх грамадзкіх дзеячаў. У выданьні 1998 году разьмешчаны дакумэнты Ўсебеларускага зьезду 1917 году, беларускіх цэнтральных і рэгіянальных нацыянальных арганізацый, зьездаў, канфэрэнцый. Для дакумэнтаў у зборніку выкарыстоўваецца храналягічны парадак. Кожны дакумэнт мае сваю архіўную сігнатуру, дату і месца стварэньня, ужываную мову і тэхнічную характарыстыку. Дакумэнты датуюцца пэрыядам з 1835 па 1938 гады, аднак большасьць зь іх мае даты з 1918 па 1925 гады, калі актыўна дзейнічалі структуры Беларускай Народнай Рэспублікі. Дадатак мае ілюстрацыі некаторых афіцыйных дакумэнтаў і друкаваных выданьняў Беларускай Народнай Рэспублікі, фотаздымкі, аўтографы, малюнкі Вацлава Ластоўскага. Выданьне мае бібліяграфічны пералік публікацый і пэрыядычных выданьняў, імянны, геаграфічны і прадметны паказальнікі[3].

Першая кніга другога тому мае 122 пратаколы пасяджэньняў Народнага сакратарыяту Беларускай Народнай Рэспублікі. Яны датуюцца пэрыядам ад лютага да канца лістапада 1918 году. Алесь Кіркевіч адзначае, што пратаколы пасяджэньняў Народнага сакратарыяту найбольшую ўвагу даюць грашовым пытаньням[4].

  1. ^ а б Сяргей Шупа. Архівы БНР. Працяг будзе // Радыё Свабода, 25 сакавіка 2021 г. Архіўная копія ад 7 красавіка 2021 г. Праверана 4 сьнежня 2021 г.
  2. ^ Крыт. Выйшаў у сьвет двухтамовік Архівы БНР // Наша Ніва. № 6 (127), 29 сакавіка 1999 г.
  3. ^ Уладзімір Ляхоўскі. «Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі» // ЭГБ. — Мн.: 2003 Т. 6. Кн. 2. — С. 323.
  4. ^ Алесь Кіркевіч. Маскоўскі архіў БНР: грошы, войска і штодзённасць «айцоў нацыі» // Будзьма беларусамі!, 25 траўня 2021 г. Праверана 4 сьнежня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]