Партал:Лагойшчына
Лагойшчына
Лаго́йскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на поўначы Менскай вобласьці Беларусі. Плошча раёну складае 2,4 тыс. км². Насельніцтва — 35 957 чалавек (2009). Адміністрацыйны цэнтар — места Лагойск.
Лаго́йск — горад у Менскай вобласьці Беларусі, на рацэ Гайна. Адміністрацыйны цэнтар Лагойскага раёну. Насельніцтва 10,8 тыс. чал. (2008).
Знаходзіцца за 40 км ад Менску, за 31 км ад чыгуначнай станцыі Смалявічы (лінія Менск — Ворша). Аўтамабільныя дарогі на Менск, Лепель, Смалявічы, Барысаў, Маладэчна. Лагойск уваходзіць у лік самых старадаўніх местаў Беларусі.
Лагойшчына славіцца ўнікальным для Беларусі гарыстым рэльефам і сваімі гарналыжнамі курортамі «Сілічы» і «Лагойск»
Выбраны артыкул
Лаго́йскі пала́ц Тышке́вічаў — палацава-паркавы комплекс графаў Тышкевічаў у Лагойску, збудаваны ў 1819 годзе. Утвараў разьвітую архітэктурную кампазыцыю, якая разьмяшчалася на ўзвышшы і скіроўвалася да ракі Гайны. Асноўная алея пэйзажнага парку пачыналася ад палаца і вяла да галоўнай вуліцы паселішча.
Лагойскі палац Тышкевічаў — помнік архітэктуры позьняга клясыцызму (ампіру) з выкарыстаньнем элемэнтаў дарычнага ордэра. На сядзібным двары знаходзіліся «кухарня», лядоўня, стайня, вазоўня і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Большую частку палаца, а таксама гаспадарчыя збудаваньні і капліцу зьнішчылі ў канцы Вялікай Айчыннай вайны. Захаваліся руіны сьцяны бакавога крыла палаца і парк.
У 1842 годзе ў Лагойскім палацы браты Яўстах і Канстантын Тышкевічы заснавалі першы на Беларусі музэй старажытнасьцяў, у якім яны сабралі архіў старажытных рукапісаў, калекцыю мастацкіх твораў, унікальную бібліятэку (3 тыс. кніг), археалягічную калекцыю.
Цікавыя артыкулы
Акопы — сядзіба маці і сёстраў Янкі Купалы, якую з 1911 году і да другой паловы 1920-х гадоў часта наведваў славуты беларускі пясьняр; былы хутар у Менскай губэрні (цяпер — у Лагойскім раёне Менскай вобласьці); месца найбольш плённага творчага натхненьня Янкі Купалы; назва філіі Літаратурнага музэю Янкі Купалы. Знаходзіцца за 30 км на поўнач ад Менску недалёка ад вёскі Харужынцы.
Выбітныя асобы Лагойшчыны
Постаці, якія зьвязаныя з Лагойшчынай:
Ніл Гілевіч · Яўстах Тышкевіч · Канстантын Тышкевіч · Піюс Тышкевіч · Янка Купала · Зьмітрок Бядуля · Язэп Гладкі · Леапольд Родзевіч · Уладзімер Ганчарык · Уладзімер Савіч · Іван Пташнікаў