Перайсьці да зьместу

Парлямэнцкія выбары ў Беларусі 2012 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам EmausBot (гутаркі | унёсак) у 04:08, 8 верасьня 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5-га скліканьня адбудуцца 23 верасьня 2012 году, будзе абрана 110 дэпутатаў па аднамандатных акругах.

Пачынальна з 1996 году Эўразьвяз і ЗША не прызнавалі вынікаў ніводнае выбарчае кампаніі, вінавацячы беларускую ўладу ў злоўжываньнях і фальсыфікацыях. Прэтэнзіі заходніх краінаў да беларускіх выбараў зрабіліся прычынай для ўвядзеньня шматлікіх санкцыяў.

Цэнтральная выбарчая камісія Рэспублікі Беларусь прыняла рашэньне запрасіць назіральнікаў ад АБСЭ[1]. БДІПЧ/АБСЭ пагадзілася адправіць стандартную місію па назіраньні за выбарамі, якая ўключае асноўную групу экспэртаў, 40 доўгатэрміновых назіральнікаў і 270 кароткатэрміновых назіральнікаў.

Факты пра выбары

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5-га скліканьня былі прызначаныя загадам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь[2] У адпаведнасьці з гэтым загадам выбары пройдуць 23 верасьня 2012 году.

Усе дэпутаты абіраюцца па аднамандатных мажарытарных акругах. Сярэдняя колькасьць адной выбарчай акругі — 64 594 чалавекі. Кандыдатаў у парлямэнт могуць высоўваць палітычныя партыі, працоўныя калектывы і ініцыятыўныя групы грамадзянаў. Стаць дэпутатам можа толькі грамадзянін, які дасягнуў 21 году жыцьця і які не зьяўляецца асуджаным па крымінальных справах. Для перамогі ў першым туры кандыдат павінны набраць больш за 50% галасоў прыйшэлых на выбары. Яўка павінная скласьці мінімум 50%. Калі ніхто не набраў больш за палову галасоў, то праз два тыдні арґанізуецца другі тур, у які выходзяць два кандыдаты, якія набралі найбольшую колькасьць галасоў выбарнікаў. Абавязковая яўка ў другім туры зьмяншаецца да 25%[3].

Выбарчы працэс арганізаваны на трох узроўнях: першы — Цэнтральная выбарчая камісія, на другім узроўні 110 акруговых выбарчых камісіяў (АВК), на трэцім узроўні каля 6300 участковых выбарчых камісіяў (УВК). ЦВК складаецца з 12 чалавек, 6 прызначае прэзыдэнт, яшчэ 6 выбірае Савет рэспублікі.

Кандыдатаў у АВК могуць высоўваць палітычныя партыі, грамадзкія рухі, прафэсійныя саюзы і ініцыятыўныя групы. Паводле закону, траціну чальцоў АВК, колькасьць якіх ня можа перавышаць 13 чалавек, павінныя займаць вылучэнцы партыяў і рухаў. Аднак, паводле меркаваньняў БДІПЧ/АБСЭ, мэханізмы адбору кандыдатаў прапісаныя недастаткова, што дае магчымасьці для злоўжываньняў. АВК фармуюць мясцовыя органы ўлады. Цяперашні склад акруговых камісіяў быў сфармаваны 9 ліпеня. 2127 чалавек прэтэндавалі на месцы ў камісіях, 1430 кандыдатаў былі зацьверджаны. Апазыцыйныя партыі высунулі 199 сваіх прадстаўнікоў, 48 зь іх сталі чальцамі АВК, што складае ледзь меней за чвэрць ад пададзеных заявак.

Паводле тых жа правілаў фармуюцца УВК. Іх арганізацыя скончылася да 8 жніўня 2012 году. Усяго было ўтворана 6301 участак, 44 за мяжой. 84 781 чалавек прэтэндавалі на чалецтва ва ўчастковых камісіях[4], былі зацьверджаны 68 945 кандыдатур. 45% зь іх — прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, ініцыятыўныя групы грамадзянаў занялі 39%. Апазыцыйныя партыі прадстаўлены 61 чальцом УВК[5]. У сувязі з дыпляматычным скандалам з Каралеўствам Швэцыя ЦВК Беларусі прыбраў выбарчы ўчастак з гэтай краіны[6].

Рэакцыя прадстаўнікоў апазыцыі

Падчас падрыхтоўкі да парлямэнцкіх выбараў некаторыя палітыкі, у прыватнасьці Зянон Пазьняк, заклікалі байкатаваць выбары[7]. Яны тлумачылі сваю пазыцыю тым што, паводле іх меркаваньняў, падчас падрыхтоўкі да выбараў улады пойдуць на шматлікія парушэньні, а самі вынікі выбараў — сфальсыфікуюць. Пры гэтым на падставе артыкула 155 Выбарчага кодэксу кандыдатам у тэлевізійных выступах было забаронена агітаваць за байкот выбараў[8].

Кандыдаты ў дэпутаты

22 жніўня, у першы дзень рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, сярод зарэгістраваных быў лідэр АГП Анатоль Лябедзька, лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч, а таксама сябра БНФ, экс-кандыдат на прэзыдэнцтва 2010 году Рыгор Кастусёў. Аднак лідэру руху «За Свабоду» Аляксандру Мілінкевічу ды былому лідэру сацыял-дэмакратаў Анатолю Ляўковічу адмовілі ў рэгістрацыі з-за вялікай колькасьці несапраўдных подпісаў[9][10][11].

23 жніўня сталі вядомыя канчатковыя вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Усяго прэтэндэнтамі ў кандыдаты ў дэпутаты на 110 выбарчых акруг вылучаліся 494 чалавекі, зь якіх зарэгістраваныя былі 362.[12] З іх 204 — вылучэнцы васьмі палітычных партыяў. 70 кандыдатаў прадстаўляюць «ЛДПБ», 35 — «АГП» (гэта партыя падавала 48 заявак), 30 — «Партыю БНФ» (падавала 33 заяўкі). У чатырох акрыгах зарэгістравана па аднаму кандыдату, гэта значыць там выбары будут безальтэрнатыўнымі. У гэтым выпадку, для таго каб выбары ў гэтых акругах ажыцьцявіліся, на ўчасткі павінна прыйсьці больш за 50 % выбаршчыкаў[13].

Каля паловы зарэгістраваных партыяў адмовіліся ўдзельнічаць у выбарах, матывуя супраць, паводле іх меркаваньня, недэмакратычнага рэжыму і палітычных рэпрэсіяў. «Аб'яднаная грамадзянская партыя» і «Партыя БНФ» абяцаюць, што ў час агітацыяйнай кампаніі паспрабуюць данесьці да грамадзянаў свае ўяўленьні пра сытуацыю ў краіне, а за некалькі дзён да галасаваньня іх прадстаўнікі здымуць свае кандыдатуры, байкатую нячэсныя, як ім падаецца, выбары[10][14].

Агітацыйная кампанія

27 жніўня пачаліся кандыдатаў у дзяржаўных СМІ. Кожнаму кандыдату для выступу прадстаўлена па 5 хвілінаў этэрнага часу на радыё і тэлебачаньні. Радыёвыступы і тэлевыступы трансьлююцца ў запісы з 18-і да 19-і, і з 19-і да 20-і гадзін адпаведна[15].

Глядзіце таксама

Крыніцы

  1. ^ ПОЛИТКОМ.RU: Беларусь кліча Эўропу на выбары
  2. ^ Загад прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь
  3. ^ Политология: Курс лекций. / Н.П. Савко, М.А. Бобер, В.И. Карнацкая, П 50 И.Н. Смальцер.– Мн., БГМУ, 2004, – 256 с.
  4. ^ У СКЛАД УЧАСТКОВЫХ ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЯЎ БЕЛАРУСІ ВЫСУНУТА 84 ТЫС. 781 КАНДЫДАТУРА // «Народны голас»
  5. ^ Справаздача па выніках назіраньня за фармаваньнем участковых выбарчых камісій
  6. ^ Для правядзеньня парлямэнцкіх выбараў у Беларусі сфармавана 6301 выбарчая камісія // «Беларусь-ТБ»
  7. ^ Зянон Пазьняк: Байкот – першы крок да антырэжымнай кансалідацыі грамадзтва
  8. ^ Выступы кандыдатаў з заклікамі да байкоту ня пойдуць у эфір
  9. ^ Зьміцер Панкавец Лябедзьку і Янукевіча зарэгістравалі, Ляўковіча — не // Наша Ніва. — Менск: 2012.
  10. ^ а б Белорусские партийцы стремятся стать депутатами Regnum
  11. ^ На одно место в белорусском парламенте претендуют 3,63 кандидата
  12. ^ Сергей Королевич Кандидатами в депутаты Палаты представителей зарегистрировано 362 человека // Белапан. — 2012.
  13. ^ Выборы-2012: Без конкурентов остались начальник главного управления КГБ и два председателя райисполкомов «Комсомольская правда»
  14. ^ Белоруссия: конкурс в парламент — более трех на место Би-би-си Россия
  15. ^ ЦВК: Выступы кандыдатаў, якія заклікаюць да байкоту, транслявацца не будуць

Вонкавыя спасылкі