Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх (Каштанаўка)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Taravyvan Adijene (гутаркі | унёсак) у 17:06, 13 лютага 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Славутасьць
Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх
Краіна Беларусь
вёска Каштанаўка (Пружанскі раён)
Каардынаты 52°30′13″ пн. ш. 24°26′18″ у. д. / 52.50361° пн. ш. 24.43833° у. д. / 52.50361; 24.43833Каардынаты: 52°30′13″ пн. ш. 24°26′18″ у. д. / 52.50361° пн. ш. 24.43833° у. д. / 52.50361; 24.43833
Заснавальнік Міхаіл Булгарын
Будаваньне першая палова—сярэдзіна XIX стагодзьдзя
Будынкі:
сядзіба • вінакурня
Статус ахоўваецца дзяржавай
Стан сядзіба паўразбураная
парк запушчаны
Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх на мапе Беларусі
Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх
Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх
Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх
Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх на Вікісховішчы

Пала́цава-па́ркавы ко́мплекс Дзяко́нскіх — рэшткі сядзібна-палацавага комплексу ў вёсцы Каштанаўка Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Знаходзіцца за 7 км ад Пружанаў і за 73 км ад Берасьця. Агульная плошча забудовы складае 989 м². Ахоўваецца дзяржавай.

Мінуўшчына

Пабудову сядзібы на ўскрайку старадаўняй вёскі Чахец распачаў у першай палове XIX стагодзьдзя пружанскі павятовы судзьдзя Міхаіл Булгарын. Тут налічвалася сялянскіх душ 821 мужчынскага полу і 825 жаночага; акрамя аднапавярховага жылога дому, у Чахцы былі бібліятэка, флігель, дом аканома, пральня, кухня, лядоўня, сьвіраны для зерня і гародніны, паравая вінакурня, саладоўня, старожка, аранжарэя, гумно, жывёльны двор, аўчарня, стайня з карэтняй, валоўнік, сьвінарнік, хлявы, 2 ветраныя млыны і 2 конныя, карчма з гасьціным дваром.

Наступнымі ўласьнікі былі Керназіцкія, ад якіх Чахец у якасьці пасагу пры шлюбе Марыі Керназіцкай перайшоў да Альбіна Дзяконскага. Пры ім зьмяніўся зьнешні выгляд сядзібнага дому: да яго было прыбудаванае двухпавярховае бакавое крыло. Будынак быў аднапавярховы, прастакутны ў пляне, цагляны на высокім падмурку, даўжынёй 36 м. Па кутох упрыгожаны пілястрамі і канялюрамі, пад вокнамі па ўсім пэрымэтры былі прарэзаныя круглыя вакенцы для вэнтыляцыі. З боку параднага фасаду вылучаўся невялікі ганак, з паркавага — вялікая вэранда, абвітая вінаградам, і лесьвіца. Унутраная пляніроўка пакояў анфіладная, дзьверы разныя, падлога паркетная (на вэрандзе кафляная з арнамэнтамі і вэнзэлямі), стаяла старадаўняя мэбля, кафляныя печы-галяндкі.

Альбін Дзяконскі ўпарадкаваў стары лес ля палацу, перарабіўшы яго на пэйзажны парк. Тут была праведзеная мэліярацыя, выкапаныя каналы, усталяваныя шлюзы, пашыраныя сажалкі. Плошча парку складала 10 га. У паўднёва-заходняй частцы былі вялікія насаджэньні лістоўніцы польскай, уздоўж дарожак расьлі бэз і чаромха.

Ад Альбіна сядзіба дасталася ягонаму сыну Мар’яну і ягонай жонцы Яніне з Корсакаў. У 1890 року ўладальніцай была Марыя Дзяконская.

Апошнімі ўладарамі былі Януш Дзяконскі (сын Мар’яна) і Марыя Орда. Узімку ў іхнім палацы ладзіліся балі, на сьвяты запрашаліся цыганы. У маёнтку быў нават тэлефон — рэдкая рэч для тых часоў. З прыходам Саветаў Януш быў рэпрэсаваны, і пасьля 1940 ягоны лёс невядомы. Ягоную жонку бальшавікі прымусілі капаць бульбу, а ў ейным доме пасяліліся вайскоўцы[1]. Праз пэўны час Марыя з дачкой Янінай выехала ў Варшаву, а па вайне — у Аргентыну.

Апісаньне

Большая частка каштоўнасьцяў палацу — мастацкія палотны, старадаўняя мэбля, срэбныя вырабы, кнігі — былі страчаныя пад час войнаў. За савецкім часам у сядзібе разьмяшчалася крама, кантора мясцовай гаспадаркі. Ад 1996 року палац закінуты, цяпер у паўразбураным стане. З гаспадарчых пабудоваў застаўся будынак вінакурнага заводу.

Парк

У аснову кампазыцыі пэйзажнае часткі пакладзены прынцып дальняе пэрспэктывы. Ейны пярэдні плян складаў паркавы партэр, сярэдні — выцягнутая ўздоўж восі вялікая адкрытая паляна. Вось пэрспэктывы завяршалася воднай сыстэмай з дзьвюх сажалак, пратокай з масткамі, вялікім пагоркам.

У вялікім масіве дрэваў з паўднёва-заходняга боку засталіся асобныя экзэмпляры рэдкіх відаў дрэваў: амэрыканскі вяз, лістоўніца, веймутавая сасна, бук, граб, чорная вольха, клён, дуб і інш. Многія дрэвы маюць узрост каля 200 рокаў. Гэта адзіны помнік у Беларусі, дзе захаваліся лістоўніцы польскія (вышыня — больш за 30 м). Найстарэйшае дрэва парку — дуб чарэшчаты са ствалом дыямэтрам 146 см. Ясені вышынёй да 35 м і дыямэтрам ствалу 102 см; букі дыямэтрам ствалоў 66—98 см; вяз амэрыканскі вышынёй больш за 20 м і дыямэтрам ствалу 90 см. Непадалёк ад палацу захаваўся валун, аформлены ў выглядзе фатэля.

За савецкім часам парк таксама моцна пацярпеў. У выніку безгаспадарчых адносінаў парк зарос і зьдзічэў, паступова выкарчоўваецца і засаджваецца агародамі, каналы ды сажалкі абмялелі.

Сучасны стан

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  113Г000614

Нядаўна аддзел культуры Пружанскага раённага выканаўчага камітэту перадаў аб’ект у бязвыплатнае выкарыстаньне мясцоваму бізнэсоўцы Івану Мартынюку, які займаецца аднаўленьнем сядзібы[2].

Крыніцы і заўвагі

  1. ^ Яўхім Рупайла. Род Дзяконскіх і іх маёнткі на Брэстчыне ў ХIХ — ХХ стст. // Газета для вас. — 13 жніўня 2009. — № 711.
  2. ^ Валянціна Казловіч. (18 верасьня 2007) Пружанский эксклюзив (рас.). Беларусь сегодняПраверана 28 сьнежня 2011 г.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі