Бэз

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бэз
Клясыфікацыя
ЦарстваРасьліны
ПадцарстваЗялёныя расьліны
ГрупаНаземныя расьліны
РазьдзелСудзінкавыя расьліны
АддзелКветкавыя расьліны
КлясаДвухдольныя
АтрадЯсноткакветныя
СямействаМасьлінавыя
ТрыбаМасьліны
Бінамінальная намэнклятура
Syringa Карл Лінэй
ITIS 32994 ·

Бэзрод кветкавых хмызьнякоў сямейства масьлінавых.

На 1983 год было вядома 28 відаў, пашыраных у Эўразіі. У Беларусі інтрадукцыйную праверку прайшло 19 відаў, а для зялёнага будаўніцтва абралі 4 віды. Мае выгляд лістападнага хмызьняка або малога дрэва. Шырока выкарыстоўваецца ў аздабляльным садоўніцтве для адзіночнай і групавой пасадкі, стварэньня ўзьлескаў і агароджы, на зразаньне і выганку[1]. Квітненьне ў Беларусі дасягае 30 дзён. На 1993 год у сьвеце налічвалася звыш 1500 гатункаў бэзу. Яго высаджваюць на адкрытых мясьцінах. Бэз аддае перавагу багатым сугліністым глебам. Кепска расьце на кіслых глебах і не пераносіць лішак вільгаці пры блізкім заляганьні грунтавых водаў[2]. У парфумэрыі бэз выкарыстоўваюць для атрыманьня экстракту з кветак[3].

Выгляд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лісьце бэза звычайна цэласнае і супраціўнае на кароткіх чаранках. Дробныя, духмяныя кветкі з трубчастым вяночкам у густых гронкападобных суквецьцях. Плод — сухая 2-гнездавая каробачка. Аздабляльная і тэхнічная расьліна, якую выкарыстоўваюць у лесаахоўных, групавых і адзіночных пасадках[3].

Вырошчваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хмызьнякі бэзу перасаджваюць раньняй вясной у красавіку або восеньню ў канцы верасьня — кастрычніку. Найвышэйшая прыжывальнасьць пры перасаджваньні ў жніўні пры ўмовах: багатага паліваньня пасадачных ямаў, частковага выдаленьня лісьця і мульчаваньня прыкамлёвых кругоў мокрай скошанай травой. На прысядзібнай дзялянцы бэз магчыма высадзіць у ліпені, але тады саджанцы выкопваюць з камяком зямлі. Расьліна пасьпявае ўкараніцца да замаразкаў, добра пераносіць зіму і пышна квітнее ўвесну наступнага году. Падчас вясновай пасадкі кветкавыя пупышкі варта выдаліць цалкам, у час восеньскай — часткова[2].

3—4-гадовую расьліну высаджваюць у цыліндрычную яму прамерам да 50 см і глыбінёй да 35 см, а на цяжкай глебе адпаведна да 70 і 60 см. На пясчанай глебе на дно ямы кладуць гліну слоем 10—15 см, на цяжкай — бітую цэглу або каменьне для дрэнаваньня. Яму да паловы запаўняюць верхнім урадлівым слоем з даданьнем перагною, паўперапрэлага гною (вядро на яму), 500—700 грамаў супэрфасфату, 300 грамаў касьцяной мукі, да 150 грамаў сернакіслага калю і да 500 грамаў попелу. Большасьць угнаеньняў варта класьці ў ніжнюю частку ямы. Пасярод ямы робяць грудок вышынёй да верхняга краю. Карані апускаюць у гноева-гліняную рашчыну і зьмяшчаюць саджанец пасярод ямы на грудок. Карэньне раўнамерна выпростваюць па баках і засыпаюць глебай з пастрэсваньнем хмызьняка. Ад краю глебу ўтоптваюць, а потым паліваюць. Як толькі вада ўбіраецца ў зямлю, глебу падсыпаюць так, каб каранёвая шыйка была на 4—6 см вышэй за яе ўзровень. Інакш хмызьняк яшчэ доўга не заквітнее і нават магчыма падаправаньне кары. Пры завышанай пасадцы высыхаюць карані і расьліна можа загінуць. Пасьля пасадкі саджанцы абразаюць з укарочваньнем аднагадовых парасткаў так, на іх засталося па 2—4 пары ніжніх пупышак[2].

Размнажаюць бэз як дзяленьнем, так і атожылкамі, чаранкамі і прышчэпліваньнем чаранком або сьпячым вочкам (акулёўка). Найбольш выніковы спосаб — летняя акулёўка. Найлепшы вынік ад выкарыстаньня ў якасьці прышчэпы сеянцаў зімаўстойлівых гатункаў звычайнага бэзу. Найлепшае ўгнаньне для бэзу — напаўперапрэлы гной, які ўносяць прынамсі аднойчы на 2 гады з разьліку вядро на хмызьняк. Увосень або ўвесну вакол хмызьняка на адлегласьці 50—60 см ад камлі выкопваюць канаўку глыбінёй каля 20 см, запраўляюць яе гноем і загортваюць глебай. Мінэральныя ўгнаеньні ўносяць раньняй вясной з разьліку 50 грамаў азотных і фосфарных, а таксама 30 грамаў калійных на дарослую расьліну. Другую падкормку робяць адразу пасьля квітненьня без азотных угнаеньняў, а ўнясеньне калійных угнаеньняў тады падвойваюць. Варта пазьбягаць перакормліваньня расьліны азотам, бо зьніжаецца ўстойлівасьць да хваробаў. Прыкамлёвыя кругі трымаюць чыстымі ад пустазельля, таксама робяць паверхневае рыхленьне, бо асноўная частка актыўных каранёў знаходзіцца на глыбіні ад 7 да 90 см. Дзейнае мульчаваньне прыкамлёвых кругоў выветраным торфам, перагноем або апілкамі слоем да 10 см[2].

Каб пазьбегнуць заўчаснага старэньня хмызьняка і ўзмацненьня аздобы, варта не дапускаць пышнага квітненьня 4—5-гадовых саджанцаў. Для гэтага частку кветкавых пупышак выдаляюць. Ад лютага, калі пачынаецца рух соку, можна фармаваць хмызьняк. Кветкавыя пупышкі ў бэза знаходзяцца на канцах аднагадовых прыростаў, таму пры абрэзцы выдаляюць парасткі, якія загушчаюцца або растуць у сярэдзіну кроны, а таксама слабыя галінкі. У прышчэпленых расьлінаў пастаянна выдаляюць парасткі ў месцы іх адрастаньня. Зразаць суквецьці варта па-карацей з пакіданьнем пары аднагадовых парасткаў, якія разьвіваюцца і маюць кветкавыя пупышкі. Абрэзка квітнеючых суквецьцяў з падоўжанымі парасткамі робіць квітненьне радзейшым з пэрыядычнасьцю праз год. Пасьля адквітненьня бэзу суквецьці зразаюць. Паліваюць раньняй вясной і ў пачатку лета, а таксама ў засуху[2].

Віды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Звычайны бэз. Паходзіць з Паўднёва-Ўсходняй Эўропы. Вышыня хмызьнякоў да 7 мэтраў. Ліловыя, зрэдку белыя або з блакітным адценьнем кветкі маюць прамер 2—3 см і сабраныя ў мяцёлкі па 100—400 кветак у суквецьці. Квітнее ў канцы траўня — пачатку чэрвеня. Засуха- і зімаўстойлівая расьліна. Утварае густыя зарасьнікі. Таму можа выкарыстоўвацца для барацьбы з эрозіяй глебы. На 1983 год было вядома звыш 300 садовых формаў і дэкаратыўных гатункаў з рознай афарбоўкай кветак і суквецьцяў. Цэнтральны батанічны сад Акадэміі навук Беларускай ССР меў у зборы звыш 180 гатункаў. Для зялёнага будаўніцтва адабралі белыя (Вясталка, Жанна д’Арк і Мадам Казімер Пер’е), блакітныя (Мішэль Бюхнэр, Неба Масквы і Эміль Жанціль), лілова-блакітныя (Жуль Сімон, Кандарсэ і Прэзыдэнт Грэві), ліловыя (Абэль Кар’ер, Аліўе дэ Сэр і Памяць аб Кіраве), ружовыя, лілова-ружовыя і пурпурна-ружовыя (Алёначка, Гартэнзія і Камсамолка), пурпурныя і фіялетавыя (Артур Пол, Конга і Сьцяг Леніна). У Цэнтральным батанічным садзе Мікалай Смольскі і Вераніка Бібікава вывелі 18 новых гібрыдных сеянцаў: Абаронцам Берасьця, Беларускія зоры, Вера Харужая, Добры настрой, Жамчужына, Зорка Вэнэра, Канстанцін Заслонаў, Лябёдачка, Марат Казей, Месячнае сьвятло, Мянчанка, Палеская легенда, Памяці Смольскай, Партызанка, Паўлінка, Посьпех, Сьвіцязянка і Танечка[1].
  • Вугорскі бэз. Паходзіць з Карпатаў і Балканаў. Хмызьняк вышынёй да 7 м. Лілова-фіялетавыя кветкі маюць прамер да 1 см і даўжыню ў шырокапірамідальных суквецьцях да 20 см. Квітнее на 7—10 дзён пазьней за звычайны бэз. Засуха-, зіма- і газаўстойлівая расьліна.
  • Бэз Зьвягінцава. Паходзіць з Кітаю. Хмызьняк вышынёй да 4,5 мэтраў. Ружаватыя кветкі даўжынёй у буйных ажурных суквецьцях да 25 см. Квітнее ў чэрвені. Падмярзае ў суровую зіму.
  • Ніцы бэз. Паходзіць з Кітаю. Вышыня хмызьняка да 3-х мэтраў. Ружовыя кветкі даўжынёй у шчыльных, вузкацыліндрычных суквецьцях да 25 см. Квітнее ў чэрвені. Прыдатны для разьвядзеньня па ўсёй Беларусі, акрамя поўначы, як і бэз Зьвягінцава.
  • Гімалайскі бэз. У 1913 годзе інтрадукаваны ў Вялікалятчанскім батанічным садзе. На 1983 год рос у вёсках Цырын Карэліцкага раёну і Валеўка Наваградзкага раёну Беларусі.
  • Кітайскі бэз. На 1983 год рос у парках Грушаўка і Нача Ляхавіцкага раёну, Старыя Жыровіцы Слонімскага раёну і Чахец Пружанскага раёну.
  • Валасісты або касматы бэз. На 1983 год рос у Ружанах, вёсках Камянюкі Камянецкага раёну, Райцы Карэліцкага раёну і Гацішчы Баранавіцкага раёну[1].

Гатункі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2014 год было вядома звыш 2000 гатункаў бэзу. Шматлікія гатункі жывуць звыш 100 гадоў. Асаблівай папулярнасьцю карысталіся гатункі карлікавага бэзу вышынёй да 1,5 мэтру і нізкарослага — вышынёй да 2-х мэтраў[4]. На 1993 год найлепшымі гатункамі звычайнага бэзу для Беларусі былі:

  • белыя зь немахровымі кветкамі — Лябёдка, Флёра і Эксцэлент;
    • з махровымі — Аліса Хардынг і Эдынг Кавэл;
  • блакітныя, лілова-блакітныя і блакітныя з простымі кветкамі — Амэтыст, Лювую і Мара;
    • з махровымі кветкамі — Лявуазье, Кацярына Хавэмэер, Неба Масквы і Агні Данбасу; * лілова-ружовыя, ружовыя і пурпурова-ружовыя — Бюфон, Фэнэлон і Чары;
    • з махровымі кветкамі — Жамчужына, Прыгажуня Масквы і Алімпіяда Калесьнікава;
  • пурпуровыя і фіялетавыя з простымі кветкамі — Вінлета, Чырвоная Масква, Людвіг Шпэт і Пастэр;
    • з махровымі кветкамі — Максімовіч, Паўлінка і Памяці пра Кірава[2].

Хваробы і шкоднікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бэз звычайна дастатковаўстойлівы да хваробаў і шкоднікаў. Найбольш небясьпечная хвароба — бактэрыяльны нэкроз. Разьвіваецца ў першай палове жніўня. Спачатку чарнее лісьце, бурэюць верхавінкі парасткаў. Потым хвароба пераходзіць уніз. Узбуджальнік зімуе ў апалым пашкоджаным лісьці і ў тканках хворых парасткаў. Таму варта зьбіраць і спальваць апалае лісьце, абразаць і зьнішчаць пашкоджаныя парасткі. Моцна пашкоджаныя хмызьнякі выкарчоўваюць і спальваюць. Чаранкі абеззаражваюць фармалінам (рашчына 1:100 з вадой) 5 хвілінаў. Вусені бэзавай молі-стракаткі могуць зьнішчыць лісьце цалкам. Капшучкі зімуюць у глебе, таму ўвесну або позна ўвосень варта перакопваць глебу пад хмызьняком на глыбіню да 20 см зь пераварочваньнем пласта[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Вераніка Бібікава. Бэз // Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі ў 5 тамах / гал.рэд. Іван Шамякін. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1983. — Т. 1. Ааліты — Гасьцінец. — С. 368. — 575 с. — 10 000 ас.
  2. ^ а б в г д е ё Дэкаратыўныя кусты (Бэз) // Энцыкляпэдыя сельскага гаспадара / гал.рэд. Барыс Іванавіч Сачанка, заг.рэд. Уладзімер Салановіч, літ.рэд. Ефрасіньня Фешчанка, маст.рэд. Валеры Рагалевіч. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1993. — С. 169—170. — 736 с. — 30 000 ас. — ISBN 5-85700-079-3
  3. ^ а б Бэз // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 3: Беларусы — Варанец. — С. 382170. — 511 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0068-4
  4. ^ Ірына Тамковіч. У бэзу свае сакрэты // Зьвязда : газэта. — 15 траўня 2014. — № 88 (27698). — С. 8. — ISSN 1990-763x.