Перайсьці да зьместу

Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх (Каштанаўка)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Славутасьць
Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх
Краіна Беларусь
вёска Каштанаўка (Берасьцейская вобласьць)
Каардынаты 52°30′13″ пн. ш. 24°26′18″ у. д. / 52.50361° пн. ш. 24.43833° у. д. / 52.50361; 24.43833Каардынаты: 52°30′13″ пн. ш. 24°26′18″ у. д. / 52.50361° пн. ш. 24.43833° у. д. / 52.50361; 24.43833
Заснавальнік Міхаіл Булгарын
Будаваньне першая палова—сярэдзіна XIX стагодзьдзя
Будынкі:
сядзіба • вінакурня
Статус ахоўваецца дзяржавай
Стан сядзіба паўразбураная
парк запушчаны
Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх на мапе Беларусі ±
Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх
Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх
Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх
Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх
Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх
Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх
Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх на Вікісховішчы

Пала́цава-па́ркавы ко́мплекс Дзяко́нскіх — рэшткі сядзібна-палацавага комплексу ў вёсцы Каштанаўка Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Знаходзіцца за 7 км ад Пружанаў і за 73 км ад Берасьця. Агульная плошча забудовы складае 989 м². Ахоўваецца дзяржавай.

Пабудову сядзібы на ўскрайку старадаўняй вёскі Чахец распачаў у першай палове XIX стагодзьдзя пружанскі павятовы судзьдзя Міхаіл Булгарын. Тут налічвалася сялянскіх душ 821 мужчынскага полу і 825 жаночага; акрамя аднапавярховага жылога дому, у Чахцы былі бібліятэка, флігель, дом аканома, пральня, кухня, лядоўня, сьвіраны для зерня і гародніны, паравая вінакурня, саладоўня, старожка, аранжарэя, гумно, жывёльны двор, аўчарня, стайня з карэтняй, валоўнік, сьвінарнік, хлявы, 2 ветраныя млыны і 2 конныя, карчма з гасьціным дваром.

Наступнымі ўласьнікі былі Керназіцкія, ад якіх Чахец у якасьці пасагу пры шлюбе Марыі Керназіцкай перайшоў да Альбіна Дзяконскага. Пры ім зьмяніўся зьнешні выгляд сядзібнага дому: да яго было прыбудаванае двухпавярховае бакавое крыло. Будынак быў аднапавярховы, прастакутны ў пляне, цагляны на высокім падмурку, даўжынёй 36 м. Па кутох упрыгожаны пілястрамі і канялюрамі, пад вокнамі па ўсім пэрымэтры былі прарэзаныя круглыя вакенцы для вэнтыляцыі. З боку параднага фасаду вылучаўся невялікі ганак, з паркавага — вялікая вэранда, абвітая вінаградам, і лесьвіца. Унутраная пляніроўка пакояў анфіладная, дзьверы разныя, падлога паркетная (на вэрандзе кафляная з арнамэнтамі і вэнзэлямі), стаяла старадаўняя мэбля, кафляныя печы-галяндкі.

Альбін Дзяконскі ўпарадкаваў стары лес ля палацу, перарабіўшы яго на пэйзажны парк. Тут была праведзеная мэліярацыя, выкапаныя каналы, усталяваныя шлюзы, пашыраныя сажалкі. Плошча парку складала 10 га. У паўднёва-заходняй частцы былі вялікія насаджэньні лістоўніцы польскай, уздоўж дарожак расьлі бэз і чаромха.

Ад Альбіна сядзіба дасталася ягонаму сыну Мар’яну і ягонай жонцы Яніне з Корсакаў. У 1890 року ўладальніцай была Марыя Дзяконская.

Па сьмерці Мар’яна Дзяконскага ў 1921 року апошнімі ўласьнікамі Чахцу стаў ягоны адзіны сын Януш, які ў 1920 ажаніўся з Марыяй з Ордаў[1]. Узімку ў іхнім палацы ладзіліся балі, на сьвяты запрашаліся цыганы. У маёнтку быў нават тэлефон — рэдкая рэч для тых часоў. З прыходам Саветаў Януш быў рэпрэсаваны, і пасьля 1940 ягоны лёс невядомы. Ягоную жонку бальшавікі прымусілі капаць бульбу, а ў ейным доме пасяліліся вайскоўцы[2]. Праз пэўны час Марыя з дачкой Янінай выехала ў Варшаву, а па вайне — у Аргентыну.

Большая частка каштоўнасьцяў палацу — мастацкія палотны, старадаўняя мэбля, срэбныя вырабы, кнігі — былі страчаныя пад час войнаў. За савецкім часам у сядзібе разьмяшчалася крама, кантора мясцовай гаспадаркі. Ад 1996 року палац закінуты, цяпер у паўразбураным стане. З гаспадарчых пабудоваў застаўся будынак вінакурнага заводу.

У аснову кампазыцыі пэйзажнае часткі пакладзены прынцып дальняе пэрспэктывы. Ейны пярэдні плян складаў паркавы партэр, сярэдні — выцягнутая ўздоўж восі вялікая адкрытая паляна. Вось пэрспэктывы завяршалася воднай сыстэмай зь дзьвюх сажалак, пратокай з масткамі, вялікім пагоркам.

У вялікім масіве дрэваў з паўднёва-заходняга боку засталіся асобныя экзэмпляры рэдкіх відаў дрэваў: амэрыканскі вяз, лістоўніца, веймутавая сасна, бук, граб, чорная вольха, клён, дуб і інш. Многія дрэвы маюць узрост каля 200 рокаў. Гэта адзіны помнік у Беларусі, дзе захаваліся лістоўніцы польскія (вышыня — больш за 30 м). Найстарэйшае дрэва парку — дуб чарэшчаты са ствалом дыямэтрам 146 см. Ясені вышынёй да 35 м і дыямэтрам ствалу 102 см; букі дыямэтрам ствалоў 66—98 см; вяз амэрыканскі вышынёй больш за 20 м і дыямэтрам ствалу 90 см. Непадалёк ад палацу захаваўся валун, аформлены ў выглядзе фатэля.

За савецкім часам парк таксама моцна пацярпеў. У выніку безгаспадарчых адносінаў парк зарос і зьдзічэў, паступова выкарчоўваецца і засаджваецца агародамі, каналы ды сажалкі абмялелі.

Панарама сядзібы
Панарама сядзібы

Некалькі рокаў таму аддзел культуры Пружанскага раённага выканаўчага камітэту перадаў аб’ект у бязвыплатнае выкарыстаньне мясцоваму бізнэсоўцы Івану Мартынюку дзеля аднаўленьня сядзібы[3].

Аднак у 2012 годзе Міністэрства культуры распачало спробу рэалізацыі закінутых сядзібаў праз агенцтвы нерухомасьці[4], і сядзіба Дзяконскіх «Чахец» была ўлучаная ў гэты сьпіс[5].

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Katarzyna i Jerzy Samusikowie (19 студзеня 2012) Dwór Dziekońskich w Czachcu (пол.). Miesiecznik literacki Akant. Праверана 1 красавіка 2012 г.
  2. ^ Яўхім Рупайла. Род Дзяконскіх і іх маёнткі на Брэстчыне ў ХIХ — ХХ стст. // Газета для вас. — 13 жніўня 2009. — № 711.
  3. ^ Валянціна Казловіч. (18 верасьня 2007) Пружанский эксклюзив (рас.). Беларусь сегодняПраверана 28 сьнежня 2011 г.
  4. ^ Артур Боровой. (16 сакавіка 2012) В Беларуси начинается распродажа памятников истории россиянам: при помощи риелторов можно купить и Дворец Радзивиллов, и поместье Романовых (рас.) Недвижимость. onliner.byПраверана 20 сакавіка 2012 г.
  5. ^ Усадьба д. Каштановка — Брестская обл., Пружанский район р-н. (рас.). Агенцтва нерухомасьці «Сільван». Праверана 20 сакавіка 2012 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  113Г000614

Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх (Каштанаўка)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў