Перайсьці да зьместу

Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «ННАЦ імя Скарыны»)
Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны
наркам. Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францыска Скарыны
Абрэвіятура ННАЦ
Наступнік Інстытут культуры Беларусі
Дата ўтварэньня 1991
Дата спыненьня існаваньня 2004
Тып асьветная
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта разьвіцьцё беларускай культуры
Штаб-кватэра Цэнтральны раён, Рэвалюцыйная вул., д. 15
Месцазнаходжаньне Менск
Каардынаты 53°54′6″ пн. ш. 27°33′1″ у. д. / 53.90167° пн. ш. 27.55028° у. д. / 53.90167; 27.55028Каардынаты: 53°54′6″ пн. ш. 27°33′1″ у. д. / 53.90167° пн. ш. 27.55028° у. д. / 53.90167; 27.55028
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Афіцыйныя мовы беларуская
Кіраўніца Любоў Уладыкоўская-Канаплянік
Намесьнік Ігар Захаранка
Навуковая сакратарка Вераніка Каламійцава[1]
Асноўныя асобы Уладзімер Конан, Адам Мальдзіс, Генадзь Цыхун
Матчына кампанія Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт
Зьвязаныя кампаніі Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, Тэрміналягічная камісія, Скарынаўскае брацтва
Колькасьць супрацоўнікаў 24 (2004 год)[2]
Сайт skc.edu.by

Нацыяна́льны навуко́ва-асьве́тны цэ́нтар імя́ Франці́шка Скары́ны (Скары́наўскі цэ́нтар) — дзяржаўная ўстанова адукацыі Беларусі, якая існавала ў 1991—2004 гадох.

Асноўныя напрамкі дзейнасьці:

  • гісторыя і тэорыя беларускай культуры;
  • распрацоўка беларускай тэрміналёгіі;
  • праблемы выяўленьня, вяртаньня ды супольнага выкарыстаньня беларускіх матэрыяльных і духоўных каштоўнасьцяў, што знаходзяцца па-за межамі краіны;
  • стварэньне інфармацыйнага банку ў галіне адукацыі, навуцы, гісторыі, культуры, рэлігіі Беларусі ды інш.

Пры Нацыянальным цэнтры з 1991 року дзейнічала Міжнародная асацыяцыя беларусістаў[3].

З 1993 року ў Цэнтры зьбіралася інфармацыйная база зьвестак у дзесяці галінах:

  • адукацыя;
  • гісторыя;
  • дыяспара;
  • краязнаўства;
  • культура;
  • навука;
  • нацыянальныя супольнасьці;
  • пэрсаналіі;
  • рэстытуцыя;
  • сувязі паміж культурамі Беларусі і замежных краінаў[4].

У 1993 року ў Цэнтры была створаная бібліятэка з калекцыяй выданьняў беларускай дыяспары, фонды якой папаўняліся за кошт падарункаў, па кнігаабмене, з дапамогай сувязяў Цэнтру з аб’яднаньнямі беларусаў замежжа[3]. Самыя раньнія беларускамоўныя выданьні ў калекцыі — кнігі ваеннага і паваеннага часоў (1940-я рокі), надрукаваныя ў лягерох для перамешчаных асобаў[5]. Найбольшую частку складалі беларускія выданьні ў ЗША.

На аснове сабранай базы Скарынаўскі цэнтар выдаў шасьцітомны энцыкляпэдычны даведнік „Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах“ (2000), сем зборнікаў „Вяртаньне“, 29 зборнікаў „Беларусіка-Albaruthenica“, каля сотні нумароў інфармацыйна-аналітычнага бюлетэню „Кантакты і дыялёгі“, зборнікі, прысьвечаныя культурнаму ўзаемадзеяньню краінаў і народаў[6].

З сабраных з дапамогай беларусаў з усяго сьвету карцін, скульптураў, тканін, дакумэнтаў, кніг ды іншых прадметаў у 1993 року быў створаны музэй „Беларусь ў сьвеце“[7]. Пры перадачы збораў музэю пэдагагічнаму ўнівэрсытэту частка экспанатаў зьнікла[8].

Сумесныя дасьледаваньні з Скарынаўскім цэнтрам ладзілі звыш 200 беларусазнаўцаў з 23 краінаў Азіі, Паўночнай Амэрыкі і Эўропы. Супрацоўнічалі з навуковымі ўстановамі Ізраілю і ЗША (Беларускі інстытут навукі і мастацтва), а таксама такіх краінаў Эўропы, як Латвія, Летува, Польшча (Варшаўскі ўнівэрсытэт і Інстытут Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў Любліне), Расея (Інстытут славяназнаўства і балканістыкі РАН) і Ўкраіна, Ангельшчына (Беларуская бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны), Баўгарыя, Італія, Нямеччына і Францыя. Да 2002 году зладзілі 45 міжнародных навуковых канфэрэнцыяў і выдалі 40 кніг. Сумесна зь «Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў» зладзілі 3 міжнародныя кангрэсы беларусістаў[9].

На 2004 год Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны (ННАЦ) налічваў 6 аддзелаў:

  1. гісторыі і тэорыі беларускай культуры;
  2. праблемаў хрысьціянства і нацыянальнага разьвіцьця;
  3. культурных узаемасувязяў і беларускай дыяспары;
  4. сацыяльна-палітычнай культуры і грамадзкай думкі Беларусі;
  5. беларускай навуковай тэрміналёгіі;
  6. інфармацыйна-асьветніцкі.

Сярод загаднікаў аддзелаў былі кандыдат гістарычных навук Сяргей Віцязь, доктар філязофскіх навук Уладзімер Конан, доктар фізыка-матэматычных навук Генадзь Пятроўскі і прафэсар Генадзь Цыхун. Таксама навуковымі супрацоўнікамі былі дактары навук Анатоль Грыцкевіч, Мікалай Крукоўскі і Леанід Лыч. У Скарынаўскім цэнтры працавала бібліятэка, якая ўлучала: рукапісны фонд, 2) збор выданьняў беларускай дыяспары; 3) фонд фота- і фонадакумэнтаў; 4) дасье выразак з пэрыёдыкі; 5) картатэку постацяў, паселішчаў, краінаў, дыяспары і рэстытуцыі; 6) кампутарную базу зьвестак; 7) пастаянную выставу «Беларусы ў сьвеце» з больш як 2000 экспанатаў. На захоўваньні знаходзіліся мастацкія творы Валерыя Дзевіскібы, Яна Кузьміцкага, Пятра Мірановіча, Галіны Русак, Тамары Стагановіч і Вячкі Целеша. Пры ННАЦ дзейнічалі: грамадзкае аб’яднаньне «Міжнародная асацыяцыя беларусістаў» («МАБ»), Тэрміналягічная камісія Міністэрства адукацыі Беларусі і Скарынаўскае брацтва[10].

Ідэя стварэньня Інстытуту Беларусі зьявілася ў прафэсара Адама Мальдзіса, пабачыўшы дзейнасьць Славацкай маціцы[11]. Навукова-асьветны цэнтар (ННАЦ) быў створаны ў 1991 року па рашэньні ЦК КПБ у рамках мерапрыемстваў, прысьвечаных 500-годзьдзю беларускага першадрукара Францішка Скарыны[12]; Адам Мальдзіс стаў ягоным першым дырэктарам. Сьпярша ННАЦ дзейнічаў пры Інстытуце літаратуры Акадэміі навук. Разьмяшчаўся ў Менску па адрасе вул. Рэвалюцыйная, 15[13] — у тым самым будынку, дзе за савецкім часам дзейнічаў Інбелкульт.

З 1993 року Цэнтар быў перададзены з Акадэміі навук у падпарадкаваньне Міністэрства адукацыі[14]. Гэта абмежавала магчымасьці ягонай дзейнасьці, у якую ўваходзіла далёка не адукацыя[12][15]. У 2002 року празь недахоп фінансаваньня Цэнтар быў вымушаны скараціць штат супрацоўнікаў да 20 чалавек (на 40%)[16].

У 2004 року Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар стаў структурным падразьдзяленьнем пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка, пазбавіўшыся рэгістрацыі як юрыдычная асоба[14].

Пасьля канчатковай ліквідацыі зборы Цэнтру былі схаваныя, картатэкі і друкаваныя выданьні перададзеныя на захаваньне ў Нацыянальную бібліятэку[17] і Музэй літаратуры і мастацтва[18][19], экспанаты музэю „Беларусы ў сьвеце“ — у Нацыянальны гістарычны музэй[6]. Пазьней частка сабраных збораў, датычная беларускай дыяспары, перададзеная ў Інстытут культуры Беларусі(d)[20].

  1. ^ Каардынаты // Скарынаўскі Цэнтар, 2004 г. Архіўная копія ад 25 ліпеня 2008 г. Праверана 29 ліпеня 2021 г.
  2. ^ Навуковыя супрацоўнікі // Скарынаўскі Цэнтар, 2004 г. Архіўная копія ад 25 ліпеня 2008 г. Праверана 29 ліпеня 2021 г.
  3. ^ а б Крывашэй 2019. С. 302.
  4. ^ А. Мальдзіс 2012. С. 61.
  5. ^ Дзенісенка 2020. С. 256.
  6. ^ а б А. Мальдзіс 2012. С. 62.
  7. ^ Серадзюк, Дзіяна (19 ліпеня 2013) „Мы павінны думаць аб узеамаразуменьні“ Культура, Ідэі і людзі. „Звязда“. Праверана 28 ліпеня 2021 г.
  8. ^ Серадзюк, Дзіяна (30 ліпеня 2013) Другое жыцьцё „Беларусаў у сьвеце“ Грамадзтва. „Звязда“. Праверана 28 ліпеня 2021 г.
  9. ^ Супраца // Скарынаўскі Цэнтар, 2004 г. Архіўная копія ад 25 ліпеня 2008 г. Праверана 29 ліпеня 2021 г.
  10. ^ Структура // Скарынаўскі Цэнтар, 2004 г. Архіўная копія ад 25 ліпеня 2008 г. Праверана 29 ліпеня 2021 г.
  11. ^ Генадзь Цыхун: „Вайтовіч падтрымлівае такую ідэю“ Архіў. Наша Ніва (24 кастрычніка 2002). Праверана 28 ліпеня 2021 г. Архіўная копія ад 25 красавіка 2020 г.
  12. ^ а б Прыгодзіч, Зіновій (27 жніўня 2015) Адам Мальдзіс: „Беларуская цывілізацыя мае даўнія традыцыі“ Культура, Літаратура. „Звязда“. Праверана 28 ліпеня 2021 г.
  13. ^ Гістарычная забудова XIX стагодзьдзя. Будынак №15 (Інбелкульт) Гістарычныя замалёўкі. Мінская спадчына. Праверана 28 ліпеня 2021 г.
  14. ^ а б Сьмялоўская, Ялянта (7 красавіка 2004) Ліквідацыя Цэнтра імя Ф. Скарыны ў Менску. Польскае радыёПраверана 28 ліпеня 2021 г.
  15. ^ Аксак, Валянціна (25 студзеня 2001) Націск на Скарынаўскі цэнтар Сёньня на Свабодзе. [[Свабода (радыё)|]]. Праверана 28 ліпеня 2021 г.
  16. ^ Абакунчык, Галіна (30 красавіка 2002) Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны скарачае амаль палову супрацоўнікаў Сёньня на Свабодзе. Радыё „Свабода“Праверана 28 ліпеня 2021 г.
  17. ^ Дзенісенка 2020. С. 254—255.
  18. ^ Крывашэй 2019. С. 303.
  19. ^ Сьпіс фондаў Фонды. Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва. Праверана 28 ліпеня 2021 г.
  20. ^ А. Мальдзіс 2012. С. 63.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]