Менская праўда
Каардынаты: 53°55′28″ пн. ш. 27°35′46″ у. д. / 53.92444° пн. ш. 27.59611° у. д.
«Менская праўда» | |
Тып | газэта |
---|---|
Фармат | А3 (2023 год) |
Заснавальнік | Менскі абласны Савет дэпутатаў |
Уладальнік | Менскі абласны выканаўчы камітэт |
Выдавец | Інфармацыйнае агенцтва «Менская праўда» |
Краіна | Беларусь |
Рэгіён | Менская вобласьць |
Галоўны рэдактар | Ларыса Коршун |
Заснаваная | 1 лістапада 1950 (74 гады таму) |
Палітыка | дзяржаўная |
Мова | беларуская, расейская |
Штаб-кватэра | Менск, Савецкі раён, вул. Хмяльніцкага, д. 10а |
Аб’ём | 16 старонак (2023 год) |
Пэрыядычнасьць | па серадах і пятніцах (2023 год) |
Наклад | 15 тыс. (2017 г.) |
Афіцыйны сайт | mlyn.by |
«Менская праўда» (афіц. «Мінская праўда») — дзяржаўная газэта Беларусі, заснаваная ў лістападзе 1950 году Камуністычнай партыяй як орган Савету дэпутатаў працоўных Менскай вобласьці. З 1995 году выступае адным з рупараў прапаганды рэжыму Лукашэнкі. Сярод заснавальнікаў газэты — Менскі аблвыканкам.
На 2017 год выходзіла двойчы на тыдзень у сераду і суботу з тыднёвым накладам у 30 тыс. асобнікаў, які быў найбольшым сярод выданьняў Менскай вобласьці. Падпісны індэкс у аддзелах УП «Белпошта» 63923[1].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]1 лістапада 1950 году Бюро Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Беларусі зацьвердзіла Пастанову аб заснаваньні абласной газэты «Менская праўда» у якасьці органа Савета дэпутатаў працоўных Менскай вобласьці. Газэта ад пачатку выходзіла на беларускай мове. З 1965 году рэдакцыя стала рыхтаваць для чытачоў у Менску вечаровы выпуск газэты, на аснове якога ў 1967 годзе стварылі гарадзкую газэту «Вечаровы Менск» (рас. Вечерний Минск). У 1968—1972 гадах газэта выдавала адмысловы выпуск пра будаваньне Вялейска-Менскай воднай сыстэмы. У большасьці нумароў зьмяшчалі пастановы Выканаўчага камітэту Менскай вобласьці. Свае артыкулы ў газэце выдавалі дзяржаўныя дзеячы: старшыня Савету міністраў БССР Кірыла Мазураў (1953—1956), старшыні Менскага аблвыканкаму Зьміцер Цябут (1964—1975) і Мікалай Сухі (1975—1983), 1-ы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Пётар Машэраў (1965—1980), старшыня Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР Іван Палякоў (1977—1985), 1-ы сакратар Менскага аблкаму КПБ Уладзімер Мікуліч (1977—1985), старшыня Палаты прадстаўнікоў Беларусі Анатоль Малафееў (1996—2000) і сябра Савету Рэспублікі Нацсходу Беларусі Міхаіл Карчміт (1996—2004)[2].
З 1990 году газэта пачала выходзіць і па-расейску. З 2003 году газэту сталі выдаваць у каляровым выглядзе з адмысловым выпускам «Моладзь Меншчыны». На 2012 год газэта мела звыш 20 тэматычных дадаткаў. Выданьне асьвятляла пытаньні аховы здароўя, адукацыі, жыльлёвай гаспадаркі, заробкаў, пэнсіяў і стыпэндыяў, дзейнасьці дзяржаўных органаў і органаў мясцовага самакіраваньня, захаваньня помнікаў і народных звычаяў, сямейных каштоўнасьцяў і ўжытку беларускай мовы[3].
У 2014 годзе цана месячнай падпіскі на газэту складала 30 000 рублёў ($2,92). Наклад газэты «Менская праўда» складаў 22 тыс. асобнікаў. Выходзілі тэматычныя выпускі: «Абсяг» пра ахову прыроды, «Працоўны саюз» і «Міліцэйскі патруль». Тыднёвы наклад складаў 45 тыс. асобнікаў пры выхадзе нумароў тройчы на тыдзень у аўторак, чацьвер і суботу[4]. У 2017 годзе да «Менскай праўды» далучылі койданаўскую газэту «Ўзвышша». У далейшым стварылі інфармацыйнае агенцтва «Менская праўда», у склад якога ўвайшлі менская раённая газэта «Прысталічча», вузьдзенская газэта «Чырвоная зорка» і абласное радыё «Менская хваля»[5].
Галоўныя рэдактары
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мікалай Літвінаў (2010—2014)
- Максім Кароткін (на 2017 год)
- Ларыса Коршун (прынамсі зь 2020 году)[5]
Зьнявага хрысьціянаў, беларусаў і прапаганда нацызму
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У нумары 68 ад 7 верасьня 2021 году на першай старонцы газэты надрукавалі карыкатуру на каталіцкіх сьвятароў і беларускую нацыянальную сымболіку, якой праілюстравалі анонс артыкула прапагандыста Льва Крыштаповіча «Што хвалюе ў Беларусі каталіцкіх дзеячаў і іх польскіх куратараў?» (рас. «Что волнует в Беларуси католических деятелей и их польских кураторов?»). На малюнку выяўляюцца каталіцкія сьвятары у характэрным адзеньні, свастыка, бел-чырвона-белы сьцяг і словы беларускага хрысьціянскага гімну «Магутны Божа» на фоне перакручанай рэплікі абраза Росіцкіх пакутнікаў — сьвятароў, якія ў час Другой сусьветнай вайны разам з сваімі вернікамі мужна прынялі сьмерць ад рук нацысцкіх карнікаў. Малюнак мае подпіс на расейскай мове: «Мутация веры. Кресты бывают разные...». Пры гэтым іншы матэрыял на тытульнай старонцы мае назву, якая адсылае ў часы Нацысцкай Нямеччыны: «У чым меў рацыю Гёбэльс?» (рас. «В чем был прав Геббельс?»). Беларускі каталіцкі касьцёл даў афіцыйны адказ на гэтую публікацыю[6]:
Рымска-Каталіцкі Касьцёл у Беларусі адназначна асуджае згаданую публікацыю і расцэньвае яе як распальваньне варожасьці ў беларускім грамадзтве да Рымска-Каталіцкага Касьцёла ў Беларусі, асабліва да яго герархаў і прэзьбітэраў. Гэтая публікацыя наносіць вялікую абразу рэлігійным пачуцьцям вернікаў Каталіцкага Касьцёлу. Публікацыя нясе маральную шкоду ўсім хрысьціянам розных канфэсіяў, таксама ўскосна абвінавачвае ўсё каталіцкае духавенства ў меркаванай прыхільнасьці да фашызму і нацызму, што ёсьць сьвядомым і зламысным перакручваньнем праўды, паклёпам і абразай». | ||
Раней прэсавы сакратар Беларускага каталіцкага касьцёла айцец Юры Санько адзначыў, што памянёная карыкатура зьневажае хрысьціянскі крыж, што абражае ўсіх хрысьціянаў прапагандай нацысцкай сымболікі[7].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Падпіска (рас.) // Газэта «Менская праўда», 22 верасьня 2014 г. Праверана 13 лістапада 2017 г.
- ^ Пра газэту (рас.) // Газэта «Менская праўда», 2015 г. Праверана 13 лістапада 2017 г.
- ^ Іван Стужка. Калі «МП» у вашым доме — усё пра Меншчыну вядома // Зьвязда : газэта. — 12 чэрвеня 2012. — № 110 (27225). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ Рэкляма (рас.) // Газэта «Менская праўда», 22 верасьня 2014 г. Праверана 13 лістапада 2017 г.
- ^ а б Алена Драпко. «Хочацца, каб газэта была элітарным прадуктам» // Зьвязда. — 6 лістапада 2020. — № 217 (29331). — С. 6.
- ^ Беларускі Касьцёл: «Публікацыя ў „Мінскай праўдзе“ нясе маральную шкоду хрысьціянам розных канфэсій», Радыё Свабода, 7 верасьня 2021 г.
- ^ Прадстаўнік Беларускага касьцёла пра публікацыю ў дзяржаўнай газэце: «Плюнулі ў твар мільёнам католікаў», Радыё Свабода, 7 верасьня 2021 г.