Перайсьці да зьместу

Тыбэцкая мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тыбэцкая мова
(стандартная тыбэцкая)
ལྷ་སའི་སྐད་
Ужываецца ў Кітаі (Тыбэт), Індыі, Нэпале
Рэгіён Тыбэт
Колькасьць карыстальнікаў
Клясыфікацыя Сына-тыбэцкія мовы
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Тыбэцкім АР, КНР
Рэгулюецца Камітэтам па стандартызацыі тыбэцкае мовы
Статус: 2 Правінцыйны[d][2]
Пісьмо тыбэцкае пісьмо[d] і Tibetan Braille[d]
Коды мовы
ISO 639-1 bo
ISO 639-2(Б) tib
ISO 639-2(Т) bod
ISO 639-3 bod
SIL
Гэты артыкул зьмяшчае тэкст з выкарыстаньнем тыбэцкае пісьмовасьці.
Без падтрымкі дадзенага віду пісьмовасьці замест ейных знакаў на Вашай прыладзе адлюстроўвацьмуцца пытальнікі, квадраты або іншыя сымбалі.

Тыбэ́цкая мова, станда́ртная тыбэ́цкая (саманазва: བོད་སྐད།, Ўайлі: Bod skad, IPA: [pʰø̀k˭ɛʔ]) — найбольш распаўсюджаная размоўная форма тыбэцкіх моваў, заснаваная на лхаскай гаворцы цэнтральнатыбэцкага дыялекту, з прычыны чаго мова таксама вядомая як лхаска-тыбэцкая. Зьяўляецца адной з афіцыйных моваў Тыбэцкага аўтаномнага раёну КНР.

Літаратурная мова заснаваная на клясычнай тыбэцкай норме, зьяўляючыся праз гэта даволі кансэрватыўнай.

Як і іншыя шматлікія мовы сьвету, тыбэцкая мова выразна падзяляецца на стылі маўленьня. Гэтыя стылі ў тыбэцкай мове адрозьніваюцца наступным чынам (назвы прыведзеныя паводле трансьлітарацыі тыбэцкае мовы ў сыстэме ўайлі):

  1. Phal-skad — паўсядзённае народнае маўленьне;
  2. Zhe-sa — ветлівае, паважлівае маўленьне. Вельмі часта выкарыстоўваецца ў гутарцы жыхароў Лхасы, адміністрацыйнага цэнтру Тыбэцкага аўтаномнага раёну;
  3. Chos-skad — стыль маўленьня, ужываны пры напісаньні літургічных і клясычных твораў.

Асноўная характарыстыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. Сынтаксіс, парадак словаў:

Тыбэцкая мова клясыфікуецца як эргатыўная мова — пры будаваньні сказу ў ёй адбываецца супрацьпастаўленьне агенса (стваральніка дзеяньня) і пацыенса (носьбіта дзеяньня). Парадак словаў падпарадкоўваецца наступным правілам:

  • Прыметнікі ў сказе маюць пазыцыю пасьля назоўнікаў (за выняткам выпадкаў, калі прыметнік ды назоўнік не зьвязаныя між сабою паказчыкамі роднага склону).
  • Дапаўненьне і прыслоўе маюць пазыцыю, папярэднюю дзеяслову.
  • Назоўнік у родным склоне мае папярэднюю пазыцыю перад назоўнікам, які ўзгадняецца з назоўнікам у родным склоне.
  • Займеньнікі й лічэбнікі ў сказе месьцяцца пасьля назоўніка, які ўзгадняецца з гэтымі часьцінамі мовы.
  1. Лічэбнікі:

У адрозьненьне ад шматлікіх іншых моваў Усходняй Азіі, у тыбэцкай мове адсутнічаюць лічэбнікі або лічэбныя словы, між тым, аднак, пасьля колькасьці ў дзесяць штук (часам і менш) выкарыстоўваюцца асаблівыя словы для пазначэньня зборнага або цэлага характару апісванага прадмэта.

Пісьмовасьць тыбэцкае мовы грунтуецца на індыйскай аснове. Артаграфічная сыстэма мовы зьяўляецца кансэрватыўнай і адлюстроўвае фанэтыку старатыбэцкай мовы, аднак гэтая акалічнасьць спрыяе ўніфікацыі дыялектаў тыбэцкамоўных тэрыторыяў.

Ніжэй прыведзены гукавы лад лхаскага дыялекту тыбэцкае мовы як найбольш уплывовага дыялекту ў вусным тыбэцкім маўленьні.

  1. Галосныя:

Некаторымі дасьледчыкамі апісваецца 8 галосных гукаў у тыбэцкай мове.

Пярэдняга
шэрагу
Задняга
шэрагу
неагубленыя агубленыя агубленыя
Верхняга
ўздыму
[i] [y] [u]
Сярэдне-верхняга
ўздыму
[e] [ø] [o]
Сярэдне-ніжняга
ўздыму
[ɛ]
Ніжняга
ўздыму
[a]

Тры галосныя гукі часам апісваюцца як асобныя, а менавіта: [ʌ] (або [ə]), які звычайна лічыцца аляфонам гуку [a]; [ɔ], які звычайна лічыцца аляфонам [o], і [ɛ̈], які звычайна лічыцца аляфонам гуку [e], гэтыя гукі звычайна зьяўляюцца толькі ў закрытых складах. З прычыны адсутнасьці ў тыбэцкай гемінацыі (падваеньня) зычных, у мове магчымае вымаўленьне галоснага як адкрытага гуку, але з захаваньнем тыповага закрытага складу, у выпадку, калі адзін склад скончваецца на гук, які месьціцца пасьля яго.

Розныя дасьледаваньні падаюць розную характарыстыку гукаў [ɛ̈] (утвараецца ад [e] у закрытых складах) і [ɛ] (утвараецца ад [a] праз вынікі г.зв. мутацыі „i”), якія могуць разглядацца як розныя або ідэнтычныя гукі ў залежнасьці ад дасьледаваньня.

У тыбэцкай мове могуць існаваць насавыя галосныя: гукі [i], [y], [e], [ø], [ɛ] маюць свае назалізаваныя адпаведнікі [ĩ], [ỹ], [ẽ], [ø̃], [ɛ̃], якія гістарычна ўтварыліся ад спалучэньняў звычайных галосных з гукам /n/. У выключных выпадках зазнаваць назалізацыю могуць таксама гукі [a], [u], [o].

  1. Склад:

Як і ў кітайскай мове, тыбэцкі склад характарызуецца наяўнасьцю ініцыяляў, мэдыяляў ды фіналяў.

Ініцыялі маюць блізу 36 фанэтычных варыянтаў і больш за 200 графічных. Мэдыялі (галосныя) — сем галосных гукаў, перадаваных з дапамогаю чатырох агаласовак (янг). Фіналі (джэджуг, янгджуг) — 9 фанэтычных варыянтаў, 16 графічных.

Структурна ў слове вылучаюць карэнную літару (мінгжы), вакол якой у парадку гадзіннае стрэлкі могуць дадавацца «суфіксы» (джэджуг і янгджуг), падпісная літара (таг), «прыстаўка» (нгёнджуг) і «надстаўка» (го). З улікам усіх заканамернасьцяў спалучальнасьці тыбэцкіх літараў мажлівае стварэньне 15 тысячаў камбінацыяў. Парадак ускладненьня тыбэцкага складу палягае ў аснове разьмешчаньня словаў у слоўніках.

  1. Тоны:

Дыялект Лхасы звычайна апісваецца як ідыём, у якім існуе два тоны — высокі ды нізкі. У шматскладовых словах тон адзначаецца толькі ў першых складах. У аднаскладовых словах кожны тон можа падзяляцца на два віды: высокі тон можа рэалізоўвацца з роўнай або зьніжальнай інтанацыяй, тады як нізкі можа вымаўляцца з роўнай або падвышальна-зьніжанай інтанацыяй (апошняя інтанацыя заключаецца ва ўздыме да сярэдняй, а потым у зьніжэньні). Праз акалічнасьць таго, што ў мове існуе вельмі мала мінімальных параў, якія адрозьніваюцца толькі паводле віду інтанацыі, выразныя фанэтычныя адрозьненьні могуць паўставаць толькі між двума тонамі. Такая розьніца ўзьнікае звычайна толькі ў нешматлікіх словах: напрыклад, слова [kʰám] (па-беларуску: «кавалак») вымаўляецца з падвышанай роўнай інтанацыяй, у той час як [kʰâm] (па-беларуску: «Кам») мае высокі зьніжаны тон.

  1. Зычныя:

Тыбэцкая фанэтыка ўключае ў свой склад наступныя зычныя гукі.

Губныя Зубныя Альвэалярныя Альвэа-палятальныя Рэтрафлексныя Палятальныя Вэлярныя Глётальныя
Насавыя m ɲ ŋ
Выбухныя і Афрыкаты асьпіраваныя t̪ʰ tsʰ tɕʰ ʈʰ ~ ʈʂʰ
неасьпіраваныя p ts ʈ ~ ʈʂ c k ʔ
Фрыкатыўныя s ɕ ʂ h
Апраксыманты ɹ j w
Бакавыя глухія
звонкія l

Глухія неасьпіраваныя гукі /p/, /t̪/, /c/, /k/ звычайна набываюць звонкі характар у складах зь нізкім тонам, ператвараючыся адпаведна ў [b], [d̪], [ɟ], [ɡ], пры гэтым азвончаныя аналягі разглядаюцца ў якасьці аляфонаў. Разам з гэтым, у складзе зь нізкім тонам асьпіраваныя зычныя (то бок, зычныя, якія маюць прыдыханьне) [pʰ], [t̪ʰ], [cʰ], [kʰ] набываюць толькі лёгкае прыдыханьне. Варта адзначыць, што ў маўленьні верхніх сацыяльных слаёў Лхасы неасьпіраваныя гукі ў складзе зь нізкім тонам не становяцца звонкімі.

Альвэалярны дрыжачы гук [r] у маўленьні зьяўляецца вельмі блізкім да альвэалярнага апраксыманту [ɹ], з гэтае нагоды яны лічацца адзіным гукам.

Глухі альвэалярны бакавы апраксымант [l̥] часам можа транскрыбавацца як ⟨ɬ⟩.

Зычныя /m/, /ŋ/, /p/, /r/, /l/, /k/ могуць зьяўляцца ў каны складоў. У клясычнай тыбэцкай таксама можа сустракацца гук /n̪/, але ў сучаснай мове ён зьліваецца з папярэднім яму галосным у насавы галосны (гл. вышэй). Гук /k/ у канцы слова можа зьяўляцца толькі ў фармальным, нарматыўным маўленьні. У канцы складоў даволі невыразна вымаўляюцца гукі /r/ ды /l/, замест гэтага падаўжаецца папярэдні перад імі галосны гук. Гукі /s/, /t̪/, /k/ у канцы словаў, у адрозьненьне ад клясычнай тыбэцкай, апускаюцца і замяняюцца на гартанную змычку — /ʔ/ (напрыклад, клясычнатыбэцкае Bod («Тыбэт»), якое ў лхаскім дыялекце вымаўляецца як [pʰø̀ʔ]).

Узьнікненьне літаратурнай тыбэцкай мовы зьвязваецца са зьяўленьнем пісьмовасьці (найстаражытнейшы помнік — надпіс у манастыры Сам'е, датаваны VII ст.) і пранікненьнем у Тыбэт будызму. Літаратурная мова фармавалася пры перакладах кананічнае літаратуры з санскрыту (пераклад Трыпітакі, VIII ст.) і ў далейшым атрымаў разьвіцьцё празь літаратуру: гістарычную (сачыненьні Бутана, XIV ст.), рэлігійную (Цанкапа, XIV-XV стст.), мастацкую (вершы Міларэпы, XI-XII стст., Далай-ламы VI, XVII ст.).

Сучасная літаратурная тыбэцкая захавала старажытную традыцыйную артаграфію, мала зьмянілася граматыка, інавацыі збольшага закранаюць лексыку.

Дасьледаваньне мовы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пэрыяд XVIII-ХІХ стст. Тыбэт некалькі разоў наведвалі заходнія дасьледчыкі.

Першы слоўнік тыбэцкае мовы з ужываньнем адной з моваў Эўропы (у дадзеным выпадку — клясычнатыбэцка-ангельскі) апублікаваў вугорска-румынскі філёляг Шандар Кёрэшы Чома, ім жа была выдадзеная праца па граматыцы мовы (Essay Towards a Dictionary, Tibetan and English).

Г. Ешке, прадстаўнік місіі Мараўскае царквы, якая знаходзілася ў Ладакху з 1857 году, былі ў наступным апублікаваныя дасьледаваньне тыбэцкае граматыкі і тыбэцка-ангельскі слоўнік (Tibetan Grammar, A Tibetan–English Dictionary).

У 1839 року ў Санкт-Пецярбургу расейска-нямецкім усходазнаўцам Якавам Шмітам была апублікаваная нямецкамоўная Граматыка тыбэцкай мовы (Grammatik der tibetischen Sprache), праз два гады быў выдадзены тыбэцка-нямецкі слоўнік (Tibetisch-deutsches Wörterbuch). Якаў Шміт меў доступ да мангольскіх крыніцаў, праз гэта ён узбагаціў свае зьвесткі інфармацыяй, невядомай дагэтуль папярэднікам. Вялікай зьмястоўнасьцю вылучаецца ягоная праца Тыбэцкія дасьледаваньні (Tibetische Studien), складзеная ў 1851-1868 гг. Там жа, у 1849 годзе А. Шыфнэрам была выдадзеная сэрыя працаў па перакладзе, а таксама шэраг дасьледаваньняў.

У 1847 годзе францускім дасьледчыкам П. Фуко у сваёй працы Тыбэцкая граматыка (Grammaire thibitaine) быў апублікаваны пераклад тэксту Rgya tcher rol-pa, тыбэцкага варыянту Лаліты Вістары.

Тэасам Казімірам Бэрнардам, доктарам рэлігіязнаўства Калумбійскага ўнівэрсытэту, а таксама дасьледчыкам і практыкам ёгі й тыбэцкага будызму, па ягонай вандроўцы ў Індыю і Тыбэт у 1936-1937 гадох, была выдадзеная праца Спрошчаная граматыка літаратурнае тыбэцкае мовы (A Simplified Grammar of the Literary Tibetan Language).

Індускім індыёлягам і лінгвістам Рагулам Санкрыт'яянам было выдадзенае апісаньне тыбэцкае граматыкі на мове гіндзі.

Сучаснае выкарыстаньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У большай частцы Тыбэцкага аўтаномнага раёну ў працэсе атрыманьня пачатковай адукацыі збольшага або поўнасьцю ўжываецца тыбэцкая мова, зрэдку дзьвюхмоўная адукацыя ўводзіцца па дасягненьні вучнямі сярэдняй школы. Тым ня менш, кітайская мова мае перавагу ў навучальным працэсе большасьці тыбэцкіх сярэдніх школаў. Студэнты, якія абіраюць гуманітарны напрамак, маюць мажлівасьць атрыманьня вышэйшай адукацыі ў шэрагу г.зв. «каледжаў меншасьцяў» у Кітаі[3]. Гэтая сытуацыя адрозьніваецца ад тыбэцкіх школаў у горадзе Дгарамсала штату Гімачал-Прадэш, дзе адпаведнае міністэрства патрабуе навучаньня ў сярэдняй школе на ангельскай мове[4]. Разьвіцьцё пісьменнасьці абвяшчаюцца ўрадам КНР адной з галоўных мэтаў, аднак большая частка дарослага насельніцтва ў Тыбэце застаецца непісьменнай і, нягледзячы на палітыку абавязковага атрыманьня адукацыі, большая частка сельскага насельніцтва ня можа адпраўляць сваіх дзяцей у школу.

У лютым 2008 году дэпутатам брытанскага парлямэнту Норманам Бэйкерам была выпушчаная заява з нагоды міжнароднага дню роднае мовы, у якой казалася, што «кітайскі ўрад прытрымліваецца мэтанакіраванае палітыкі здушэньня ўсяго тыбэцкага, у тым ліку іх уласнае мовы ва ўласным краі» і сьцьвярджалася пра права тыбэтцаў на самавыяўленьне «на сваёй роднай мове»[5]. Аднак тыбэтоляг Эліят Спэрлінг адзначыў, што «КНР у пэўных межах прыкладае намаганьні па спрыяньні тыбэцкаму культурнаму самавыяўленьні» і што «культурную дзейнасьць, якая ладзіцца на ўсім Тыбэцкім плято, нельга ігнараваць»[6].

З прычыны таго, што большасьць тыбэтцаў працягвае жыць у сельскай мясцовасьці, у якой, у адрозьненьне ад местаў Тыбэцкага аўтаномнага раёну, даволі рэдка можна пачуць кітайскую мову, некаторыя навукоўцы таксама выказваюць падобныя прэтэнзіі. У тэхаскім «Часопісе міжнароднага права» (Texas Journal of International Law) была апублікаваная думка Бары Сотмана, згодна зь якой «ніводнае апошняе дасьледаваньне па загрожаных мовах не аднесла тыбэцкую да гэтай катэгорыі... Сьцьвярджэньні, што моваю навучаньня ў пачатковых школах Тыбэту зьяўляецца путунхуа [літаратурны стандарт кітайскае мовы], ёсьць памылковымі. Тыбэцкая зьяўлялася асноўнай мовай выкладаньня ў 98% пачатковых школаў Тыбэцкага аўтаномнага раёну на 1996 г., цяпер путунхуа ўводзіцца ў пачатковых школах толькі ў гарадзкіх школах... Праз тое, што менш за чатыры зь дзесяці тыбэтцаў дасягаюць сярэдняе школы, пачатковая школа мае найбольшае значэньне для іх культурнай адукацыі»[7].

Пад пагрозай тэарэтычна могуць знаходзіцца й іншыя мовы ў складзе тыбэцкае галіны, прыкладам, ладаская мова ў рэгіёне Ладакх, Індыя. У месьце Лег (захад Ладакху) адбываецца павольны, але пасьлядоўны працэс выцісканьня тыбэцкай мовы ангельскай і гіндзі, адзначаюцца прыкметы паступовай страты тыбэцкай культурнай ідэнтычнасьці ў гэтым рэгіёне. У небясьпецы таксама знаходзіцца балцкі дыялект (Балтыстан, гл. Гілгіт-Балтыстан, Пакістан), які выціскаецца мовай урду, у прыватнасьці, праз павелічэньне колькасьці урдумоўных перасяленцаў зь іншых рэгіёнаў краіны.

  1. ^ Ethnologue (анг.): Languages of the World / M. P. Lewis, G. F. Simons, C. D. Fennig — 18 — SIL International, 2015.
  2. ^ Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
  3. ^ Postiglione, Jiao and Gyatso. „Education in Rural Tibet: Development, Problems and Adaptations”. China: An International Journal. Частка 3, № 1, сакавік 2005, ст. 1-23.
  4. ^ Maslak, Mary Ann. „School as a site of Tibetan ethnic identity construction in India”. China: An International Journal. Частка 60, № 1, люты 2008, ст. 85-106.
  5. ^ Report reveals determined Chinese assault on Tibetan language. Press Release - 21st February 2008 (анг.) Free Tibet Праверана 30 кастрычніка 2013 г.
  6. ^ Elliot Sperling, „Exile and Dissent: The Historical and Cultural Context”, TIBET SINCE 1950: SILENCE, PRISON, OR EXILE 31-36 (Melissa Harris & Sydney Jones eds., 2000).
  7. ^ Sautman, B. 2003. “Cultural Genocide and Tibet,” Texas Journal of International Law 38:2:173-246
  • H. A. Jäschke (1881). Tibetan-English Dictionary (reprint ed.). LONDON: Taylor and Francis. p. 671.
  • H. A. Jäschke. «Tibetan grammar», London, 1883.
  • Sándor Kőrösi Csoma. Essay towards a dictionary, Tibetan and English, Calcutta, 1834; Budapest, 1984.
  • Sándor Kőrösi Csoma. Grammar of the Tibetan language, Calcutta, 1834; Budapest, 1984.
  • Sándor Kőrösi Csoma. Sanskrit-Tibetan-English vocabulary: being an edition and translation of the Mahāvyutpatti, Calcutta, 1910, 1916, 1944; Budapest, 1984.
  • Горячев А. В., Тарасов И. Ю. Русско-тибетский словарь. — М.: Намчак, 2000.
  • Ходж Стефен. Введение в классический тибетский язык/ Пер. с англ. — СПб., 1997. (Другое издание: М., 2008.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]