Марфа Рабкова
Марфа Рабкова | |
Імя пры нараджэньні | Марыя Аляксандраўна Рабкова |
---|---|
Дата нараджэньня | 6 студзеня 1995[1] (29 гадоў) |
Занятак | праваабаронка, палітычны вязень |
Месца працы | |
Псэўданім | Марфа Рабкова |
Узнагароды | Прэмія «Чалавек чалавеку»(en) (2020) |
Марфа Рабкова (сапр. Марыя Аляксандраўна Рабкова; нар. 6 студзеня 1995) — беларуская праваабаронца, палітычная вязень рэжыму Лукашэнкі.
Палітычны перасьлед
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Каардынатарка валянтэрскае службы «Вясна» была затрыманая разам з мужам Вадзімам Жаромскім вечарам 17 верасьня 2020 году й дастаўленая ў ГУБАЗіК. У яе кватэры быў праведзены ператрус, вынятая тэхніка, асабістыя грошы й рэчы. Пазьней Жаромскага адпусьцілі. Марфе Рабковай паведамілі, што яна затрыманая ў межах крымінальнае справы ваводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці). Па гэтым артыкуле ёй і было прад’яўлена абвінавачваньне. 19 верасьня яе перавялі з ІЧУ ў СІЗА-1 у Менску. 23 лістапада 2020 году шэфства над палітычнаю зьняволенаю ўзяла Агнешка Бругер, дэпутатка Бундэстагу[2][3].
11 лютага 2021 году Рабковай прад’явілі новыя абвінавачваньні паводле ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнае варажнечы да ўлады групаю нявысьветленых асобаў) і ч. 2 арт. 285 КК (удзел у злачыннай арганізацыі), паводле якіх ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. У падтрымку Рабковай і з патрабаваньнем яе неадкладнага вызваленьня выказаліся міжнародныя праваабарончыя арганізацыі: Міжнародная амністыя, Front Line Defenders(de), Абсэрваторыя па абароне праваабаронцаў (партнэрства Сусьветнае арганізацыі супраць катаваньняў(de) й Міжнароднае фэдэрацыі за правы чалавека(bg))[4]. Разам з арыштаванымі калегамі па «Вясьне» Леанідам Судаленкам, Тацьцянаю Ласіцаю, Андрэем Чапюком вясною 2021 году атрымала прэмію «Чалавек чалавеку»(en), узнагароду ў галіне правоў чалавека, за 2020 год[5][6]. Да жніўня 2021 году Рабкова двойчы траціла прытомнасьць у СІЗА[7]. Час утрыманьня пад вартаю яе быў працягнуты да 17 верасьня 2021 году[7].
6 верасьня 2022 году судзьдзя Менскага гарадзкога суду Сяргей Хрыпач вырак Марфу Рабкову да 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму на запыт пракурора Рамана Бізюка. Разам зь ёй паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі выраклі яшчэ 9 чалавек, у тым ліку сябраў «Рэвалюцыйнага дзеяньня». Сярод іншага, сьледзтва цьвердзіла, нібыта Рабкова і 31-гадовы сябра «Рэвалюцыйнага дзеяньня» Аляксандар Францкевіч (нар. 9 траўня 1990, Наваполацак) зладзілі ў сакавіку 2017 году падпал падатковай інспэкцыі Гомельскага раёну з выкарыстаньнем «кактэйляў Молатава»[8]. У выніку Аляксандра Францкевіча выраклі да 17 гадоў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму, Акіхіру Гаеўскага-Ханаду — да 16 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Аляксея Галаўко — да 12 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама да 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму выраклі 4-х абвінавачаных — Мікіту Дранца і Аляксандра Казьлянку, Андрэя Чапюка і Паўла Шпетнага. Урэшце, да 5 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму выраклі Андрэя Марача і Данілу Чулю. Пры гэтым, паводле Крымінальнага кодэксу Рабкову разам зь іншымі абвінавацілі ў:
- ладжаньні масавых беспарадкаў (частка 1 артыкула 293 КК Беларусі);
- падрыхтоўцы да ўдзелу ў беспарадках (ч. 1 арт 13, ч. 2 арт. 293);
- навучаньні да ўдзелу ў беспарадках (ч. 3 арт. 293);
- стварэньні і кіраваньні злачыннай арганізацыяй (ч. 1 арт 285);
- стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня (ч. 1 арт 361-1);
- распальваньні грамадзкай варожасьці групай асобаў (ч. 3 арт. 130);
- злосным хуліганстве (ч. 2 арт. 339) пры кіданьні ў 2016 годзе лямпачак з фарбай у рэклямныя шчыты Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі МУС Беларусі і ў будынак Белтэлерадыёкампаніі;
- злосным хуліганстве (ч. 2 арт. 339) пры кіданьні дымавой шашкі ў будынак Галоўнай управы па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС у Берасьці ў 2016 годзе;
- апаганьваньні збудаваньня (арт. 341) праз першамайскае графіці ў Берасьці ў 2020 годзе;
- апаганьваньні збудаваньня праз графіці супраць Эўрапейскіх гульняў у 2019 годзе;
- групавым незаконным выкарыстаньні гаручых рэчываў (ч. 3 арт. 218, ч. 3 арт. 339, ч. 2. арт. 295-3) пры падпале гомельскай падатковай інспэкцыі і рэклямага шчыта Ўправы прымусовага выкананьня пакараньняў у Івацэвічах (Берасьцейская вобласьць)[9].
У апошнім слове на судзе Рабкова адмовіла сваю віну і назвала абвінавачаньні сфабрыкаванымі, як і іншыя абвінавачаныя: «Вы навешваеце на мяне бірку экстрэміста, сьцьвярджаеце, што я ёсьць "дэструктыўным элемэнтам", "азлобленай", што я "згубіла свае карані". ... Я не прызнаю віну ні па адным прад'яўленым абвінавачваньні. Лічу іх цалкам сфабрыкаванымі, абсурднымі, выдуманымі супрацоўнікамі ГУБАЗіК»[10].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://prisoners.spring96.org/be/person/marfa-rabkova
- ^ Bundestagsabgeordnete übernehmen Patenschaften für Marfa Rabkova, Raman Bahnavets und Stanislau Mikhailau (ням.). Libereco – Partnership for Human Rights (2020-11-23). Праверана 2021-07-27 г. Архіўная копія ад 2021-07-27 г.
- ^ У Марфы Рабковай і яшчэ васьмі палітвязняў з’явіліся еўрапейскія «хросныя». Новы час (2020-11-24). Праверана 2021-07-27 г. Архіўная копія ад 2021-07-27 г.
- ^ prisoners.spring96.org
- ^ THE HOMO HOMINI AWARD FOR 2020 WILL BE PRESENTED TO MARFA RABKOVA, ANDREI CHAPIUK, LEANID SUDALENKA AND TATSIANA LASITSA (анг.). Чалавек у нядолі(en) (2021-04-27). Праверана 2021-07-28 г. Архіўная копія ад 2021-07-28 г.
- ^ Belarusian Human Rights Defenders Awarded With Homo Homini Prize (анг.) naviny.by. Хартыя’97 (2021-05-11). Праверана 2021-07-28 г. Архіўная копія ад 2021-05-14 г.
- ^ а б Марфа Рабкова (бел.) // Новы час. — 2021. — № 29 (737). — С. 3.
- ^ 94 гады на ўсіх — вынесены дзікі прысуд па справе «Рэвалюцыйнага дзеяньня» // Партал «Наша ніва», 6 верасьня 2022 г. Праверана 7 верасьня 2022 г.
- ^ Вясноўцам Марфе — 15 гадоў калёніі, Андрэю — 6: агучаны прысуды адразу дзесяці палітзьняволеным // Праваабарончы цэнтар «Вясна», 6 верасьня 2022 г. Праверана 7 верасьня 2022 г.
- ^ Марфа ў апошнім слове: «Калі мы дапамагаем адно аднаму, выказваем салідарнасьць — мы набліжаем надыход нашай Беларусі» // Праваабарончы цэнтар «Вясна», 8 верасьня 2022 г. Праверана 9 верасьня 2022 г.