Перайсьці да зьместу

Маладэчанская павятовая вучэльня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Маладэчанская павятовая дваранская вучэльня
Молодечненское уездное дворянское училище

Касьцёл, за якім знаходзіцца павятовая вучэльня ў былым кляштары трынітарыяў, выява сярэдзіны ХІХ ст.
Заснаваная 26 жніўня 1811
Тып вучэльня
Адрас Расейская імпэрыяМаладэчна, Менская губэрня
Геаграфічныя каардынаты 54°19′24.72″ пн. ш. 26°52′42.39″ у. д. / 54.3235333° пн. ш. 26.8784417° у. д. / 54.3235333; 26.8784417Каардынаты: 54°19′24.72″ пн. ш. 26°52′42.39″ у. д. / 54.3235333° пн. ш. 26.8784417° у. д. / 54.3235333; 26.8784417
Маладэчанская павятовая дваранская вучэльня на мапе Беларусі
Маладэчанская павятовая дваранская вучэльня
Маладэчанская павятовая дваранская вучэльня
Маладэчанская павятовая дваранская вучэльня

Маладэ́чанская павято́вая двара́нская вучэ́льня — навучальная ўстанова ў месьце Маладэчна Менскай губэрні Расейскай імпэрыі.

Напачатку XIX ст. расейскія ўлады распачалі ў Бабруйску, дзе знаходзілася павятовая дваранская вучэльня, будаўніцтва шматлікіх ваенных аб’ектаў, так быў пабудаваны шпіталь, харчовыя склады, пасьля чаго і крэпасьць. Ва ўмовах ваеннага будаўніцтва месца для вучэльні ў Бабруйску не знайшлося, таму Віленскі ўнівэрсытэт стаў шукаць памяшканьне для вучэльні, пры гэтым разглядаліся такія варыянты, як Паставы Віленскай губэрні, Глуск Менскай губэрні і Сьвіслач Гарадзенскай губэрні[1]. На дапамогу ўнівэрсытэту прыйшоў маладэчанскі граф Францішак Ксавэры Агінскі і прапанаваў зьмясьціць вучэльню пры Маладэчанскім кляштары трынітарыяў, пры гэтым паабяцаў адвесьці кватэры для настаўнікаў, забясьпечыць вучэльню кнігамі, прыборамі і г. д.

26 жніўня 1811 году маёмасьць Бабруйскай вучэльні была перавезена ў Маладэчна[2], пры гэтым пераехала і 26 вучняў[1]. Быў зроблены набор мясцовых вучняў і 15 верасьня прайшлі першыя заняткі[1]. Для дзьвюх клясаў вучэльні граф Агінскі даў памяшканьні ў кляштары[3], а для астатніх адвёў шэраг хатаў, якія былі раскіданы па ўсім мястэчку, але ў лютым 1812 году расейскі ўрад уладкаваў у кляштары паштовую станцыю буйнага памеру, падпарадкаваўшы яе наглядчыку вучэльні і ўсклаўшы на яго вытворчасьць усіх, тады нескладаных, паштовых апэрацыяў[1]. Пасьля вайны 1812 году палітыка расейскіх уладаў была скіравана на насаджэньне расейскай культуры праз вучэльню, так у вучэльні пачалі насаджацца расейскія кнігі, разьвешваліся партрэты цара[1].

З 1814 году кіраўніцтва вучэльні стала адкрываць парафіяльныя пачатковыя школы пад апякунствам вучэльні. Апякун павятовай вучэльні, ён жа павятовы правадыр дваранства, быў абавязаны назіраць за адкрыцьцём школ і ўтрыманьнем іх з прыбыткаў адукацыённых маёнткаў[1]. На працягу 10 гадоў былі адкрыты парафіяльныя школы ў Маладэчне, Краснасельлі, Дунілавічах, Мядзеле, Будславе, Задзеве, Крывічах, Хоўхлаве і Куранцы, на тэрыторыі Віленскай і Менскай губэрні[1]. Настаўнікамі прызначаліся выпускнікі Маладэчанскай дваранскай павятовай вучэльні[1]. Пасьля 1815 году ў кляштары знаходзілася таксама мастацкая сэмінарыя[2].

У 1825 годзе міністэрства народнай асьветы ў дваранскіх вучэльнях ўвяло новыя штаты для настаўнікаў расейскай мовы праваслаўнага веравызьньня, справаводзтва вучэльні было пераведзена на расейскую мову. Парафіяльныя школы, дзе сярод вучняў і настаўнікаў сталі пераважаць беларусы-ўніяты, сталі хутка зачыняцца[1]. Хутка высьвятлілася, што ў вучэльні моцныя антырасейскія настроі, якія падаграваліся незадаволенасьцю насельніцтвам усяго мястэчка расейскай уладай.

14 красавіка 1831 году паўстанцкі атрад Міхала Ходзькі, што ішоў з боку Вільні, вызваліў Маладэчна з-пад расейскай улады. Маладэчанцы, у тым ліку навучэнцы і настаўнікі вучэльні, падтрымалі паўстанцаў. Навучэнцамі былі арганізаваны паўстанцкія атрады пад кіраўніцтвам І. Гіцэвіча і А. Валадковіча. Навучэнцы, якія не маглі прыняць удзел у паўстаньні з-за ўзросту, вучыліся стральбе, а таксама дапамагалі мясцовым жыхарам забясьпечваць паўстанцаў харчамі і фуражом. Грашовую дапамогу паўстанцам аказваў плябан маладэчанскай вучэльні Дульскі, ён ахвяраваў паўстанцам 1413 рублёў[1]. Але ўжо 22 красавіка 1831 году расейскія карнікі занялі Маладэчна, пачалі дзейнічаць ваенна-палявыя суды над паўстанцамі. Маладэчанскую вучэльню зачынілі, настаўнікі вучэльні былі арыштаваны і адпраўлены ў менскую турму.

Пасьля шматлікіх рэпрэсіяў і канчатковага падаўленьня паўстаньня, вучэльня была адчынена нанова. Цяпер вучэбны працэс быў цалкам накіраваны на русіфікацыю. У 1843 годзе павятовай дваранскай вучэльні быў цалкам перададзены жылы корпус кляштара з 5 драўлянымі пабудовамі і 7 дзесяцінамі зямлі[2]. У 1860 годзе вучэльня была пераўтворана ў 5-клясную гімназію для дзяцей шляхты каталіцкага веравызнаньня[2].

Тамаш Зан, частка малюнку Р. Жукоўскага (1814—1886)

Зьвесткі пра вучобу паэта ў Маладэчанскай вучэльні захаваліся збольшага ў дакумэнтах сьледчай камісіі працэсу над філяматамі.

Напрыклад, абвінавачаньне ў «непажадным кірунку думак» абгрунтоўвалася тым, што Тамаш «яшчэ зь дзяцінства, з павятовай маладэчанскай школы зьневажаў урад і пісаў недобранадзейныя вершы, а таксама стварыў там нейкае таварыства»[4]. Пад згаданым таварыствам мелі на ўвазе вайсковую гульню, што вымагала хлапчукоў дзяліцца на дзьве «арміі»: расейскую — армію Марса, які ўвасабляў грубую сілу, і польскую — армію Апалёна, бога любові. На чале арміі Апалёна часта быў Тамаш Зан, які карыстаўся павагаю паплечнікаў за «менскую вучонасьць»[4]. Да справы таксама быў далучаны верш, напісаны Занам у 1815 годзе пад назваю «Марш для студэнтаў, апалёнавага войска», дзе быў прамы заклік да падрыхтоўкі вайны супраць «маскаля», і незакончаная камэдыя «Сталасьць у сяброўстве», што таксама накіроўвалася супраць царскага самадзяржаўя.

Саміх «маладэчанскіх» твораў Тамаша Зана не захавалася. Адзінае сьведчаньне пра іх — рапарт сэнатара Мікалая Навасільцава вялікаму князю Канстанціну ў траўні 1824 году, які потым апублікаваў Фёдар Вяржбоўскі ў брашуры «К истории тайных обществ и кружков среди литовско-польской молодёжи» (Варшава, 1898)[5].

Будынак вучэльні
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  612Г000294

Будынак вучэльні захаваўся і знаходзіцца ў Маладэчне па адрасе вул. Замкавая, 19. Цяпер гэта тэрыторыя Станкабудаўнічага заводу.

Будынак занесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь

  1. ^ а б в г д е ё ж з і Учительская семинария(недаступная спасылка)
  2. ^ а б в г Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 215.
  3. ^ Цвірка К. Дарогамі Тамаша Зана // Полымя. 1992. №6. С. 152—153.
  4. ^ а б Філаматы і філарэты / Укладаньне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і камэнтарыі К. Цвіркі,. — Мн.: 1998. — С. 197. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
  5. ^ Цвірка, К. Вечны выгнаньнік і пілігрым. Жыцьцё і творчасьць Тамаша Зана. — 1994. — № 2. — С. 17—24.