Перайсьці да зьместу

Лятучы лісток

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Лятучыя лісткі»)

Ляту́чы лісто́к — эўрапейскае непэрыядычнае друкаванае выданьне 15—18 стагодзьдзяў з навінамі ў выглядзе асобнага аркуша або невялікай брашуры.

Быў галоўным сродкам распаўсюду ваенных і дзяржаўных навінаў да зьяўленьня ў 17 стагодзьдзі пэрыёдыкі. Большасьць была прынагоднай і прысьвячалася аднаму прадмету. Зьявіліся 1470 годзе ў Балёньні (цяпер Італія). Найбольшымі асяродкамі іх выданьня былі Вэнэцыя, Нюрнбэрг і Аўгсбург. Выдаваліся на нямецкай, лацінскай, чэскай, італьянскай, ангельскай і нідэрляндзкай мовах. Сярод іх былі цалкам вершаваныя[1].

У Рэчы Паспалітай выдалі каля 1300 лятучых лісткоў, зь якіх 645 захавалася. Спачатку называліся «Навіны», «Апісаньні», «Рэляцыі», «Дыярыюшы», «Лісты» і «Копіі». Зь 17 стагодзьдзя — «Авізы» і «Паведамленьні». Наклад дасягаў некалькіх сотняў асобнікаў. Прадаваліся ў кнігарнях, на кірмашах, царкоўных сьвятах і соймах, а таксама вандроўнымі гандлярамі. Асьвятлялі падзеі ў Вялікім Княстве Літоўскім ад Аршанскай бітвы 1514 году. На загад вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІ Старога ў краінах Заходняй Эўропы выдалі лісткі пра бітву, зь якіх захавалася 4. Гэтыя выданьні далі пачатак прэсе ў Рэчы Паспалітай. У лістках «Бітва караля Польшчы з маскавітамі», выдадзеных у Нюрнбэргу і Ляйпцыгу, зьмясьцілі сцэны бітвы. Ёст Людвік Дэцый выдаў па-нямецку ў Кракаве лісток, у якім апісаў бітву на Альшаніцы 1527 году, дзе войска ВКЛ на чале з Канстанцінам Астроскім перамагло крымскіх татараў. Некалькі лісткоў прысьвячалася Інфлянцкай вайне 1558—1582 гадоў, у тым ліку захопу замкаў маскоўскім войскам цара Івана Жахлівага. Вядома 10 лісткоў пра захоп Полацка ў 1563 годзе на нямецкай, лацінскай, чэскай і францускай мовах. «Праўдзівыя і жахлівыя зьвесткі пра лютага ворага маскавіта», выдадзеныя ў Аўгсбургу, зьмясьцілі выяву прыступу Полацка. У Аўгсбургу і Нюрнбэргу тройчы выдалі ў нямецкім перакладзе лісткі з пасланьнем Мікалая Радзівіла Рудога да Мікалая Радзівіла Чорнага пра бітву на Уле 1654 году. У 2 іншых нямецкіх лістках зьмясьцілі паведамленьні пра бітвы на падставе ліста Радзівіла Рудога[1].

У Чэхіі і Нямеччыне шматкроць перавыдавалі лісткі з рэляцыямі вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя пра вызваленьне Полацка ў 1579 годзе і ўзяцьце Вялікіх Лукаў у 1580 годзе. Некаторыя лісткі надрукавалі ў перасоўнай друкарні ў абозе войска вялікага князя літоўскага. Выдадзенае ў Нюрнбэргу «Праўдзівае і пэўнае паведамленьне пра тое, якім чынам яго міласьць кароль польскі зноў аблажыў і заняў горад і замак Полацак у Літве» было вершаваным і зьмяшчала выяву-плян аблогі. Некалькі лісткоў прысьвяцілі войнам Рэчы Паспалітай са Швэцыяй 1600—1629 гадоў і з Масковіяй 1609—1618 гадоў (Дзьмітрыяда), 1632—1634 гадоў (Смаленская) і 1654—1667 гадоў (Крывавы патоп), у тым ліку «Навіны зь Інфлянтаў пра шчасьлівае паражэньне, якое пацярпеў Карл, князь Судэрманскі ад пана Яна Караля Хадкевіча» (пра Кірхгольмскую бітву 1606 году), «Пакуты жаўнераў абодвух народаў у сталіцы маскоўскай» (пра капітуляцыю войска Рэчы Паспалітай у Крамлі ў 1612 годзе), «Выправа цара маскоўскага са сталіцы на вайну супраць Літвы і палякаў» (пра пачатак Крывавага патопу), «Перамога над Масквой ад палякаў і Літвы, у 1660 годзе атрыманая» (пра Палонкаўскую бітву). Некалькі лісткоў прысьвяцілі перамозе над асманамі ў Венскай бітве 1683 году і Вялікай Паўночнай вайне 1700—1721 гадоў. Асьвятляліся зьмяненьні і шлюбы вялікіх князёў, пасольствы, пажары ў гарадах і мор. Аўгсбурскі лісток распавядаў пра голад у Вялікім Княстве Літоўскім 1571 году. Часам паведамлялася пра вымерлых у Заходняй Эўропе зуброў і туроў, якія вадзіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім. Выданьне лятучых лісткоў пашырала веды пра Вялікае Княства Літоўскае ў Заходняй Эўропе і ўмацоўвала яго міжнароднае становішча праз прапаганду[1].

  1. ^ а б в Лятучыя лісткі // Вялікае Княства Літоўскае: энцыкляпэдыя / гал.рэд. Генадзь Пашкоў, маст. Зьміцер Герасімовіч. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2005. — Т. 3: Дадатак А — Я. — С. 322324. — 690 с. — ISBN 978-985-11-0487-7