Перайсьці да зьместу

Кірыён II

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кірыён II
груз. კირიონ II
1917 г.
72-і каталікос-патрыярх Грузіі(en)
1 кастрычніка 1917 — 27 чэрвеня 1918
Абраньневерасень 1917
Інтранізацыя1 кастрычніка 1917
ЦаркваГрузінская апостальская аўтакефальная праваслаўная царква
НаступнікЛеанід(ka)

Полацкі япіскап
студзень 1915 — 1 жніўня 1917
Абраньнестудзень 1915
Інтранізацыястудзень 1915
ЦаркваРасейская праваслаўная царква
АбшчынаПолацкая япархія
ПапярэднікІнакенці
НаступнікІнакенці
Выраканьне1 жніўня 1917

Сухумскі япіскап(ka)
3 лютага 1906 — 25 студзеня 1907
ЦаркваРПЦ
АбшчынаСухумская япархія
ПапярэднікСерафім(pl)
НаступнікДзімітры(ru)

Арлоўскі япіскап(ru)
23 красавіка 1904 — 3 лютага 1906
ЦаркваРПЦ
АбшчынаАрлоўская япархія
ПапярэднікІрыней(uk)
НаступнікСерафім

АдукацыяКіеўская духоўная акадэмія(uk) (1880)
ПрафэсіяВыкладнік
Дзейнасьцьсьвятар, гісторык
Сапраўднае імяГеоргі Геранімавіч Садзаглішвілі
Нарадзіўся10 лістапада 1855
вёска Нікозі(ka), Гарыйскі павет(ka), Тыфліская губэрня(ka), Каўкаскі край(ru), Расейская імпэрыя
Памёр27 чэрвеня 1918 (62 гады)
сяло Марткопі(ka), край Квэма Картлі, Грузінская Дэмакратычная Рэспубліка
ПахаваныСабор Усьпеньня Дзевы Сіёна (Тбілісі)(ka)
БацькаГеранім Садзаглішвілі
Жонкаадна († 1896)
Дзецінекалькі († 1896)
Прыняцьце сьвятога санупатрыярх
Прыцяцьце манаства2 лістапада 1896
Япіскапская хіратонія23 жніўня 1898
Кананізаваны17 кастрычніка 2002
Дзень памяці27 чэрвеня
Грузінская апостальская аўтакефальная праваслаўная царква
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Кірыён II (1855; в. Нікозі, цяпер Гарыйскі муніцыпалітэт, Шыда Картлі, Грузія — 1918; с. Марткопі, цяпер Гардабанскі муніцыпалітэт, край Квэма Картлі, Грузія) — першы каталікос-патрыярх Грузіі (кастрычнік 1917 — чэрвень 1918) пасьля аднаўленьня аўтакефаліі Грузінскай праваслаўнай царквы 25 сакавіка [ст. ст. 12 сакавіка] 1917 году. Перад тым быў полацкім япіскапам (студзень 1915 — жнівень 1917) у Беларусі. У кастрычніку 2002 г. Сынод Грузінскай праваслаўнай царквы кананізаваў яго ў ліку сьвятых[1].

Нарадзіўся ў сям’і хрысьціянскага сьвятара. У 1862 годзе, у 7 гадоў, паступіў у духоўную вучэльню(ka) ў Горы. У 1876 годзе скончыў Тыфліскую духоўную сэмінарыю(ka). У чэрвені 1880 году атрымаў ступеню кандыдата багаслоўя ў Кіеўскую духоўную акадэмію (Паўднёва-Заходні край, Расейская імпэрыя; цяпер Украіна). 1 жніўня 1880 году заняў пасаду памочніка інспэктара Адэскай духоўнай сэмінарыі(uk) (Хэрсонская губэрня; цяпер Украіна). У 1883 годзе перавёўся ў Тэлаві (Тыфліская губ.; цяпер край Кахэці, Грузія) памочнікам наглядніка мясцовай духоўнай вучэльні. Затым быў памочнікам наглядніка Гарыйскай духоўнай вучэльні. У наступным працаваў выкладнікам духоўнай вучэльні ў Кутаісі (Каўкаскі край; цяпер край Імэрэці, Грузія) і епархіяльнай жаночай вучэльні ў Тыфлісе. Выкладаў геаграфію, гісторыю, ангельскую і расейскую мовы. Адначасна пад псэўданімамі Іверыелі і Ніказелі выдаў на грузінскай і расейскай мовах дасьледаваньні гісторыі хрысьціянства ў Грузіі на падставе сабраных сярэдневечных рукапісаў. Таксама зьбіраў старажытныя грузінскія манэты, запісваў фальклёр і выступаў мэцэнатам адораных навучэнцаў.

2 лістапада 1896 году, пасьля сьмерці жонкі і дзяцей, прыняў манаскі пострыг(en) ад грузінскага экзарха Ўладзімера(ru) (1892—1898), узяўшы імя Кірыён. 6 лістапада атрымаў рукапакладаньне ў ераманахі і сан ігумена манастыра Ўсьпеньня Багародзіцы ў Кватахеві(ka) (Гарыйскі павет, Тыфліская губ.; цяпер Каспскі муніцыпалітэт(ka), край Шыда Картлі, Грузія). З 31 сьнежня 1896 году — дабрачынец манастыроў Грузінскай япархіі Грузінскага экзархату(ka) РПЦ. Адначасна ў якасьці кіраўніка Таварыства аднаўленьня праваслаўнага хрысьціянства на Каўказе заснаваў 19 прыхадзкіх школаў.

10 траўня 1898 году атрымаў сан архімандрыта. 23 жніўня ў тыфліскім саборы Ўсьпеньня Дзевы Сіёна атрымаў хіратонію ў алавердзкага япіскапа(ka) і вікарыя Грузінскай япархіі ад грузінскага экзарха Флавіяна(ru) (1898—1901), гурыйска-мінгрэльскага япіскапа Аляксандра(ru), імэрэцінскага япіскапа Вісарыёна(ru) і гарыйскага япіскапа Леаніда. 12 жніўня 1900 году заняў пасаду гарыйскага япіскапа і вікарыя Грузінскай япархіі, на якой выступіў за аднаўленьне аўтакефаліі Грузінскай праваслаўнай царквы. У выніку 10 сакавіка 1902 году атрымаў прызначэньне ў Камянец-Падольскі (Падольская губэрня, Паўднёва-Заходні край; цяпер Хмяльніцкая вобласьць, Украіна) балцкім япіскапам і вікарыем Падольскай япархіі(ru). 3 траўня 1903 году стаў наваміргарадзкім япіскапам і вікарыем Хэрсонскай япархіі(uk). З 23 красавіка 1904 году — арлоўскі япіскап(ru) (Арлоўская губэрня; цяпер Арлоўская вобласьць, Расея). 3 лютага 1906 году на ўласнае жаданьне перавёўся сухумскім япіскапам (Кутаіская губэрня; цяпер Аўтаномная Рэспубліка Абхазія, Грузія)[1].

25 студзеня 1907 году атрымаў прызначэньне ковенскім япіскапам і вікарыем Літоўскай япархіі(ru) (Вільня, Паўночна-Заходні край; цяпер Летува). 25 лютага 1908 году яго пазбавілі сана япіскапа і затым выслалі ў манастыр(uk) Перамяненьня Гасподняга ў Куражы(uk) (Харкаўская губэрня; цяпер Харкаўская вобласьць, Украіна). Затым перавялі ў Санаксарскі манастыр(ru) Раства Багародзіцы (Цемнікаў, Тамбоўская губэрня; цяпер Рэспубліка Мардовія, Расея)[1].

10 студзеня 1915 году атрымаў аднаўленьне ў сане і прызначэньне полацкім япіскапам (Віцебская губэрня; Віцебская вобласьць, Беларусь). 1 жніўня 1917 году на ўласнае прашэньне пакінуў пасаду япіскапа і зьехаў у Грузію, дзе 25 сакавіка [ст. ст. 12 сакавіка] 1917 году на Мцхецкім Саборы (Тыфліская губ.; цяпер край Мцхета-Мтыянэці, Грузія) абвясьцілі аднаўленьне аўтакефаліі Грузінскай праваслаўнай царквы. У верасьні на Грузінскім царкоўным Саборы ў Тыфлісе яго абралі каталікосам-патрыярхам Грузіі. 1 кастрычніка 1917 году ў саборы 12 Апосталаў (Мцхета) яго інтранізавалі каталікосам-патрыярхам[1]. Зранку 27 чэрвеня 1918 году яго знайшлі забітым ў манастыры(ka) Боскасьці ў Марткопі (край Квэма Картлі, Грузінская Дэмакратычная Рэспубліка; цяпер Грузія).

  1. ^ а б в г Максім Гацак. Япіскап Полацкі, Патрыярх Грузінскі // Крыніца.info, 20 студзеня 2016 г. Праверана 29 студзеня 2016 г.