Усьпеньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Засьненьне Багародзіцы[1]
Хрысьціянская традыцыя
Значэньне успамін спачыну Дзевы Марыі
Дата 15 жніўня [ст. ст. 28 жніўня]

Усьпе́ньне Прасьвято́й Багаро́дзіцы (Прачы́стая, Засьне́ньне, Унебаўзяцьце Найсьвяцейшай Панны Марыі) — летняе сьвята памяці спачыну Дзевы Марыі 15 жніўня [ст. ст. 28 жніўня] 45 году ў веку 63-х гадоў.

Адзначаецца 15 жніўня па новым стылі ў Каталіцкім касьцёле і па старым стылі ў Праваслаўнай царкве, што па новым стылі прыпадае на 28 жніўня. На пахаваньне ў Ерусаліме сабраліся 12 апосталаў яе сына Ісуса Хрыста. Цела Багародзіцы аднесьлі ў пахавальную пячору з ужо супачылым мужам Ёсіфам Абручнікам і бацькамі Якімам і Ганнай. У той дзень першасьвятар Афонія стаў вызнаваць сяба хрысьціянінам[1].

Сьвята ўзнікла ў 5м ст у Палестыне. Нагодаю да гэтага паслужыла асьвячэньне збудаванай рымскай дамаю Ікэяй царквы ў гонар Багародзіцы, што знаходзілася па дарозе з Ерусаліму ў Бэтлеем. Пасьля сьвяткаваньне было перанесена ў Ерусалім у царкву каля Гетсыманіі, дзе паломнікам паказвалі дамавіну, ў якой была пахаваная Багародзіца. У 6м ст сьвята было ўжо вядомае ва ўсім хрысціянскім Ўсходзе. Папа Тодар І, які паходзіў з Ерусаліму, ўвёў гэтае сьвята ў Рыме, дзе яно атрымала назву "Унебаўзяцьця".[2]

Менск мае на сваім гэрбе выяву Унебаўзяцьця.[2]

Праваслаўная традыцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Усьпеньне, 1650 г. Маларыцкі майстар

Пасьля Ўзьнясеньня Ісуса Хрыста Божая Маці жыла яшчэ некалькі гадоў. Апостал Яан Багаслоў па запавеце Хрыста прыняў Яе да сябе ў дом і клапаціўся аб Ёй да Яе спачыну. Жывучы ў Ерусаліме, Маці Божая любіла наведваць тыя мясьціны, дзе бываў Збавіцель, і малілася там. Аднойчы, калі Яна малілася на Елеонскай гары, Ёй зьявіўся Арханёл Гаўрыіл зь весткаю, што праз тры дні Яе зямное жыцьцё скончыцца. Божая Маці пажадала разьвітацца з апосталамі, якія ў той час прапаведавалі аб Збавіцелю ў іншых краінах. І вось Гасподзь цудадзейным чынам сабраў усіх апосталаў да Яе, акрамя Фамы, перанёсшы іх Сваёю ўсемагутнай сілаю. У час сьмерці незвычайнае сьвятло азарыла пакой, дзе ляжала Божая Маці, Сам Гасподзь, акружаны анёламі, зьявіўся і прыняў Яе прачыстую душу. Пахаваньне Багародзіцы суправаджалася шматлікімі цудамі. Па асабліваму Божаму Провіду апостал Фама прыбыў у Ерусалім толькі праз тры дні пасьля пахаваньня. Ён быў вельмі засмучаны тым, што не разьвітаўся з Божай Маці. Апосталы, зьлітаваўшыся зь яго, вырашылі адхінуць камень ад магільнай пячоры, каб даць і яму магчымасьць разьвітацца зь целам Божае Маці. Аднак, адкрыўшы пячору, яны знайшлі там толькі адны пахавальныя пакрывалы. Зьдзіўленыя апосталы пачалі маліцца Богу, каб Ён адкрыў ім, што сталася зь целам Божае Маці. Увечары, пасьля трапэзы і малітваў, яны пачулі сьпеў анёлаў. Зірнуўшы ўгору, апосталы ўбачылі Божую Маці, акружаную анёламі, у зьзяньні нябеснае славы. Яна сказала апосталам: «Радуйцеся! Я з вамі ўсе дні і заўжды буду вашай малітоўніцай перад Богам». Узрадаваныя апосталы ўсклікнулі: «Прасьвятая Багародзіца, дапамагай нам!» Так Гасподзь наш Ісус Хрыстос уславіў Сваю Прасьвятую Маці.

Ніжэй пададзеныя сьвяточныя сьпевы ў рэдакцыі Біблейскае Камісіі БПЦ.

Трапар сьвята Ўсьпеньня Прасьвятой Багародзіцы, глас 1[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нараджаючы, дзявоцтва захава́ла Ты
і па ўсьпеньні сьвету не пакінула Ты, Багародзіца.
Перайшла да жыцьця, бо Ты — Маці Жыцьця,
і малітвамі Тваімі збаўляеш ад сьмерці душы наша.

Кандак сьвята Ўсьпеньня Прасьвятой Багародзіцы, глас 2[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У малітвах нястомную Багародзіцу
і ў хадайніцтвах нязьменную надзею,
гроб і сьмерць не ўтрымалі,
бо як Маці Жыцьця,
да жыцьця перасяліў Яе
Той, што ва ўлоньне пасяліўся заўждыдзявочае.

Задастойнік сьвята Ўсьпеньня Прасьвятой Багародзіцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ангелы, Усьпеньне Прачыстай убачыўшы, дзівілся: як Дзева ўзыходзіць ад зямлі на неба. Пераможаны прыроды законы ў Табе, Дзева чыстая: у нараджэньні захоўваецца дзявоцтва і са сьмерцю злучаецца жыцьцьё. Пасьля нараджэньня Дзева і пасьля сьмерці жывая; спасаеш заўсёды, Багародзіца, насьледзьдзе Тваё.

У аснову богаслужэбных тэкстаў сьвята лягла раньняя царкоўная традыцыя, якая знайшла сваё адлюстраваньне ў 4м ст у апокрыфным творы "Перастаўленьне Марыі".[2]

Каталіцкая традыцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьвята адзначаецца 15 жніўня. Мае ранг абавязковай урачыстасьці. У гэты дзень успамінаецца ўзяцьце Панны Марыі ў рай з душой і целам, згодна з дагаматам аб Унебаўзяцьці Марыі. Падмацаваньне гэтых паракананьняў абапіраецца на тэкстах Бібліі. Кніга Быцьця: «І варожасьць пакладу паміж табою і паміж Жанчынаю, і паміж патомствам тваім і патомствам яе; яно раструшчыць тваю галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту» (Быц 3, 15), што азначае абвяшчэньне барацьбы Хрыста і Яго Маці з шатанам, завяршэньнем якой будзе перамога над сьмерцю: «Калі ж тленьне гэтае апранецца ў нятленнасьць і сьмяротнае гэта апранецца ў несьмяротнасьць, тады збудзецца слова напісанае» (1 Кар 15, 54) [1]. У каталіцкай іканаграфіі выдзяляецца тып багародзічных ікон Асунта [2], які прадстаўляе Багародзіцу, якая ўзносіцца на нябёсы. Пры гэтым звычайна яна выяўляецца як тая, якая стаіць на хмары ў атачэньні анёлаў. Такім самым чынам Багародзіца адлюстравана на гербе Менску.

Ніжэй прыведзены малітвы, якія ўжываюцца падчас Імшы ў гэты дзень у лацінскім абрадзе. У бізантыйскім абрадзе тэксты супадаюць з ужываным Беларускім Экзархатам РПЦ з папраўкай на пераклад.

Калекта ўрачыстасьці Ўнебаўзяцьця Панны Марыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Усемагутны вечны Божа, Ты глянуў на пакору Тваёй слугі Панны Марыі і ўзвысіў Яе да годнасьці Маці Твайго спрадвечнага Сына, а ў гэты дзень укаранаваў Яе найвышэйшай славай, празь Яе заступніцтва прымі і нас у Нябеснае Валадарства, бы ты адкупіў нас празь сьмерць і зьмёртвыхпаўстаньне Твайго Сына.

Малітва над дарамі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Міласэрны Божа, прымі ахвяру прымірэньня і хвалы, якую мы Табе складаем ва ўрачыстасьць Унебаўзяцьця Панны Марыі, няхай гэтая ахвяра ачысьціць нашыя сэрцы і пераменіць усё нашае жыцьцё, каб мы нястомна складалі Табе падзяку.

Народная традыцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьвята называюць таксама Ўспле́ньне, Спажа́, Зе́льная. Назва Ўспленьне і Спажа ў народзе тлумачыліся тым, што ў садах сьпелі плады, а на палетках — збажына. У гэты дзень у царкве асьвячалі зерне, зеляніну. Асьвечанае жыта перамешвалі з насеньнем, каб на наступны год прычакаць добрага ўраджаю. У фальклёры беларусаў Прачыстая згадваецца ў сувязі з падвядзеньнем вынікаў працы селяніна: «Прачыста снапкі падае», «Сьвята Прачыста — у полі ўрачыста», «Спажа — хлеба дзяжа». Сеялі азімыя, пра што прыгадвала прыказка «Усьпеньне — ці гатова насеньне?» Прачыстую звычайна называлі першай або вялікай у адрозьненьне ад Багача — (меншай) другой Прачыстай, прымеркаванай да Раства Багародзіцы, якое адзначаецца 21 жніўня — па старым стылі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Алесь Сьпіцын. Засьненьне / Ігар Галакаў // Міхайлаўскі лісток. — Менск: Сьвята-Міхайлаўскі прыход, жнівень 2019. — С. 1—3.
  2. ^ а б в а. Аляксандар Надсан "Выбраныя Сьвяточныя Службы. Перамяненьне Госпада, Бога і Збаўцы Нашага Ісуса Хрыста. Усьпеньне Найсьіяцейшае Багародзіцы" Выдавецтва "Божым Шляхам" 1996, ст. 26