Куцеінскі Богаяўленскі манастыр
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Манастыр Божага Яўленьня
| |
Куцеінскі Богаяўленскі манастыр
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Ворша |
Каардынаты | 54°29′30″ пн. ш. 30°24′48″ у. д. / 54.49167° пн. ш. 30.41333° у. д.Каардынаты: 54°29′30″ пн. ш. 30°24′48″ у. д. / 54.49167° пн. ш. 30.41333° у. д. |
Канфэсія | праваслаўе |
Эпархія | Віцебская і Аршанская япархія[d] |
Архітэктурны стыль | магілёўскае барока |
Дата заснаваньня | 1620 |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Стан | Ахоўная зона |
Манастыр Божага Яўленьня | |
Манастыр Божага Яўленьня на Вікісховішчы |
Манастыр Божага Яўленьня — помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя ў Воршы. Знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне места, у прадмесьці Куцейне. Пры пабудове быў у юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры магілёўскага барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Куцеінскі Богаяўленскі манастыр — адзін з найбольшых культурна-асьветніцкіх цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага, цэнтар кірылічнага кнігадрукаваньня XVII ст. Комплекс складаўся з саборнай царквы Божага Яўленьня (1635), Духаўскай царквы (з 1762 году — Траецкай), званіцы, жылых і гаспадарчых пабудоваў ува ўсходняй частцы. Комплекс атачала агароджа-аркатура з бутавага каменю і цэглы вышынёй да 2,5 м. Да нашага часу захаваліся Траецкая царква, манастырскі будынак, частка сьцяны.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1620 годзе патрыярх ерусалімскі Феафан II выдаў грамату на будаваньне Богаяўленскага мужчынскага манастыра ў Воршы. Гэтаму паспрыяў аўтарытэт Багдана Статкевіча. Манастыр разьмясьціўся непадалёк ад вёскі Сьвісьцёлкаў (з гэтай прычыны ў некаторых гістарычных дакумэнтах ён часам упамінаецца як Сьвісьцёльскі[1]), у сутоках Дняпра і Куцеінкі. Афіцыйны дазвол на будаваньне выдалі ў 1623 годзе ў Варшаве.
Будаваньне манастыра пачалося ў 1623 годзе з фундацыі амсьціслаўскага падкаморага Б. Статкевіча і ягонай жонкі А. Саламярэцкай паводле хадайніцтва магілёўскага праваслаўнага брацтва. У 1626 годзе манастыр асьвяціў кіеўскі мітрапаліт Пётар Магіла. Заснаваньне манастыра адмоўна сустрэў кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза.
Манастыр падпарадкоўваўся мітрапаліту кіеўскаму і патрыярху канстантынопальскаму і меў уладаньні ў Магілёве. Яму ў сваю чаргу падпараковаўліся прыпісныя Лукомскі, Мёрскі і іншыя мужчынскія і жаночыя манастыры. Пры манастыры існавалі шпіталь, брацкая школа і друкарня, заснаваная ў 1630 годзе асьветнікам Сьпірыдонам Собалем, аптэка, з 1874 году — царкоўна-манастырская аднаклясная вучэльня.
У пачатку свайго існаваньня манастыр называўся ляўрай і, паводле патрыярха маскоўскага Нікана, быў «галавой» праваслаўнага жыцьця на Беларусі: «Слышав Святейший Патриарх, яко близ славнаго града Орши, еже бысть, глава и начало общему житию, во всей Белой России и Литве созданная обитель, или рощи Лавра великая Святы Богоявления Господня, завомо Кутейно…».
У 1695 годзе езуіты адабралі ў архімандрыі Мёрскі мужчынскі манастыр, а ў 1715 годзе князь Лукомскі адабраў і Лукомскі мужчынскі манастыр.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па першым падзеле Рэчы Паспалітай, калі Ворша апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, манастыр працягваў дзеяць. У 1774 годзе яго перавялі ў трэцюю клясу.
Манастыр значна пацярпеў у вайну 1812 году. У 1842 годзе яго пакінулі за штатам і прыпісалі да Пакроўскага манастыра ў Воршы. У гэты час манастыр набыў назву Замескага. У пачатку XX ст. з прыездам з Кіева новага ігумена Валянціна манастыр стаў «общежительным, с уставом Киевского Свято-Троицкого (Ионина) монастыря». У гэты час манастырскае брацтва налічвала 60 чалавек.
У 1889—1890 гадох над паўночнай брамай агароджы замест драўлянай вежы-званіцы збудавалі мураваную. У 1888 годзе згарэла драўляная саборная царква Божага Яўленьня, збудаваная ў 1623—1635 гадох[2].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па 1917 годзе савецкія ўлады ліквідавалі манастыр, будынкі выкарыстоўваліся пад жыльлё і ў гаспадарчых мэтах.
У 1990 годзе манастырскі комплекс перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату, у 1992 годзе манастыр аднавіў сваю дзейнасьць.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Богаяўленская царква
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Саборная царква Божага Яўленьня — 4-зрубны крыжова-купальны храм, накрыты гонтай, з 1880 году — бляхай. Тры зрубы былі 5-граннымі, заходні прастакутны ў пляне, накрытыя шматсхільнымі дахамі з купаламі-банямі ў месцы схілаў. Над сяродкрыжжам узвышаўся сьветлавы васьмярык з гранёным купалам. Пры ўваходзе ў была адкрытая галерэя.
У інтэр'еры ў 1639 годзе зрабілі 38 насьценных размалёвак. У 1778 годзе падрыхтавалі і зацьвердзілі ў кансысторыі праект рэканструкцыі царквы.
Траецкая царква
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Царва Сьвятой Тройцы (Сьвятога Духа) — прастакутны ў пляне аб’ём, да якога восьсю ўсход — захад прылягаюць 5-гранная апсыда і квадратная ў пляне 2-ярусная вежа-званіца, з паўднёвага боку — невялікая рызьніца. Сьцены падзяляюцца пілястрамі, ляпнымі абрамленьнямі аконных праёмаў, роўнымі аркавымі нішамі і завяршаюцца разьвітым прафіляваным карнізам.
У канцы XVIII ст. зьявілася драўлянае перакрыцьце, якое падзяліла царкву на два ярусы: унізе быў прастол у імя Раства Багародзіцы, наверсе — сьвятога Апостала Андрэя Першазванага. У другой палове XIX ст. перакрыцьце дэмантавалі ў выніку рэканструкцыі, у 1870 годзе сьпічасты дах замянілі на вальмавы (крыты бляхай) з купалам на барабане, у 1885 годзе царкву ўпрыгожылі перадалтарным плафонам і новым іканастасам. 6-ярусны разны іканастас і фрэскі работы майстра Рыгора не захаваліся.
Манастырскі корпус
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Манастырскі корпус — 2-павярховы будынак, які складаецца з былой духоўнай вучэльні зь вялікай трапезнай і ўсходняга крыла галерэйнага тыпу з жылымі памяшканьнямі (кельлі).
У аўтэнтычным выглядзе захаваліся толькі мураваная тарцовая сьцяна з плоскімі паўцыркульнымі нішамі). Першапачатковы дэкор XVII ст. (рэшткі фігурных паліхромных франтонаў) захаваўся на абодвух тарцах корпуса.
Іншыя пабудовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Званіца-брама, паводле апісаньня 1812 году была драўляная з падвойнымі варотамі. На званіцы было чатыры званы. Непадалёк ад мураванай царквы стаяў драўляны флігель, у якім разьмяшчаліся чатыры кельлі, сені і камора. Да драўлянага флігеля далучащся мураваны будынак, падзелены дваімі сенямі на тры часткі. У першай частцы знаходзіліся тры кельлі, у другой — памяшканьні ігумена (чатыры пакоі і прадпакой), сьвіран, каморы, пякарня, за другімі сенямі знаходзіліся трапезная і кухня. Побач з агароджай стаялі два мураваныя сьвірны, некалькі драўляных і мураваная вазоўня.
У мураванай агароджы існавалі дзьве брамы. Пры браме з боку Дняпра былі мураваная кузьня і лазьня. Пазьней, у канцы XIX ст., зьявіліся брамы ў заходняй і ўсходняй манастырскіх мурах. Брама з усходняга боку вяла на гаспадарчы двор манастыра, які знаходзіўся асобна.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычныя здымкі і графіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Д. Струкаў, 1864—1867 гг.
-
Д. Струкаў, 1864—1867 гг.
-
1883 г.
-
Росьпісы, 1883 г.
-
1890 г.
-
М. Астанковіч, 1905 г.
-
М. Астанковіч, 1909 г.
-
да 1918
Сучасныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Агульны выгляд манастыра
-
Галоўны фасад царквы
-
Бакавы фасад
-
З боку асыды
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кутеинская лавра. газ. «Телеком-экспресс» (2009-05-12). Праверана 2012-06-12 г. Архіўная копія ад 2012-06-28 г.
- ^ Габрусь Т. Аршанскі Богаяўленскі манастыр // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 173
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Гісторыя беларускага мастацтва: у 6 т. Т. 2:Другая палова XVI- XVIII ст. / Рэдкал.: С. В.Марцэляў (гал. рэд.) і інш. Рэд. тома Сахута Я. М.. — Мінск: Навука і тэхніка, 1988. — Т. 2. — С. 6, 37, 38, 60, 63, 65-67, 69, 76, 166, 167, 178, 287, 291, 372. — 384 с. — 2740 ас. — ISBN 5-343-00342-7.
- Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2001. — 328 с.: іл. ISBN 985-11-0190-7.
- Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: БелЭн, 2001. — 386 с.: іл. ISBN 985-11-0220-2.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 212Г000121 |