Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар дамініканаў (Астроўна)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар дамініканаў
Былы касьцёл да апошняй перабудовы
Былы касьцёл да апошняй перабудовы
Краіна Беларусь
Вёска Астроўна
Каардынаты 55°07′50″ пн. ш. 29°51′51″ у. д. / 55.13056° пн. ш. 29.86417° у. д. / 55.13056; 29.86417Каардынаты: 55°07′50″ пн. ш. 29°51′51″ у. д. / 55.13056° пн. ш. 29.86417° у. д. / 55.13056; 29.86417
Канфэсія Беларускі экзахат
Эпархія Віцебская і Аршанская япархія[d] 
Статус Ахоўная зона
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар дамініканаў на мапе Беларусі
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар дамініканаў
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар дамініканаў
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар дамініканаў
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар дамініканаў на Вікісховішчы

Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар дамініканаў — помнік архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў у Астроўне. Знаходзіцца ў цэнтры гістарычнага мястэчка, на паўднёвым беразе возера Астроўны. Твор архітэктуры барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку маскоўскай перабудовы. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс Астровенскага дамініканскага кляштару складаўся з касьцёла і кляштарнага корпуса. У другой палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі зруйнавалі кляштар і гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Маскоўскага патрыярхату.

У будынку касьцёла дзейнічае царква Сьвятой Тройцы Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле некаторых зьвестак, першы касьцёл у Астроўне збудавалі ў 1564 годзе з фундацыі вялікага князя Жыгімонта Аўгуста. Ён жа ахвяраваў сюды цудоўны абраз Маці Божай, аздоблены багатым абкладам. Пазьней сродкі на аднаўленьне касьцёла ахвяраваў ваявода віцебскі Міхал Пацей[1].

1 ліпеня 1622 году староста аршанскі Аляксандар Дажбог Сапега заснаваў у Астроўне кляштар дамініканаў. У 1631 годзе гэты фундуш пацьвердзіў кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза. Неўзабаве ў мястэчку збудавалі драўляныя касьцёл і кляштар. У 1762 годзе замест драўлянага збудавалі мураваны кляштар[2].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Астроўна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. У 1828—1830 гадох вялося будаваньне мураванага касьцёла.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, а па 1863 годзе — зьнішчылі кляштарны корпус. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1866 годзе расейскія ўлады гвалтоўна адабралі касьцёл у каталікоў і перарабілі яго пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1930-я гады савецкія ўлады зачынілі царкву, будынак касьцёла прыйшоў у заняпад.

У 1990-я гады будынак касьцёла перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату. У 2013 годзе ў выніку рэканструкцыі зьнішчылі частку будынка — франтон і частку вежы. Над дахам надбудавалі два купалы з пазалочаным пакрыцьцем, якія не адпавядаюць гістарычнамі выгляду помніка.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік архітэктуры барока. Гэта манумэнтальная 3-нэфавая базыліка з званіцай. Асноўны нэф — прастакутны ў пляне аб’ём, завершаны 2-схільным дахам з тонкапрафіляваным карнізам. Архітэктура фасадаў ляканічная — магутныя сьцены (таўшчыня 1 м) праразаюцца высока ўзьнятымі аконнымі праёмамі і падзяляюцца ў прасьценках шырокімі лапаткамі. З заходняга боку да аб’ёма далучаецца нартэкс і 3-ярусная званіца (першы ярус мае акруглы абрыс, другі — цыліндар, трэці — васьмярык). Галоўны ўваход вылучаецца лучковым праёмам.

Унутраная прасторая падзяляецца чатырма магутнымі слупамі на тры нэфы, перакрытыя крыжовымі скляпеньнямі з распалубкамі і падпружнымі аркамі. Цэнтральны нэф пераходзіць у прастакутную апсыду з адкрытымі ў яе аркавымі праёмамі бакавых закрысьціяў. Пры ўваходзе разьмяшчаюцца хоры, на якія вядуць двое сходаў ў тоўшчы бакавых сьценаў[3].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Павлов М. Астровенский костел (Четыре загадки пяти столетий) // Секретные исследования. № 17, 2006.
  2. ^ Kałamajska-Saaed M. Rosyjskie plany klasztorów skasowanych w roku 1832. T. 2. — Warszawa, 2021. S. 724.
  3. ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Кулагін А. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2007.— 653 с.: іл. ISBN 978-985-11-0389-4.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  213Г000875