Завод дакладнай электрамэханікі
Каардынаты: 53°38′19″ пн. ш. 27°12′36″ у. д. / 53.63861° пн. ш. 27.21° у. д.
Тып | унітарнае прадпрыемства |
---|---|
Заснаваная | 27 траўня 2009 (15 гадоў таму) |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Менская вобласьць |
Адрас | Койданаўскі раён, в. Станькаў, Вайсковая вул., д. 24/1 |
Ключавыя фігуры | Андрэй Дуброўскі, Андрэй Абрамаў[1] |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | трэнажоры для вайсковай тэхнікі, рэактыўныя сыстэмы залпавага агню |
Паслугі | спадарожнікавая сувязь, рамонт ракетаў і снарадаў |
Матчына кампанія | Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Рэспублікі Беларусь |
«Заво́д дакла́днай электрамэха́нікі» («ЗДЭМ») — дзяржаўнае абароннае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў траўні 2009 году ў вёсцы Станькаў Койданаўскага раёну (Менская вобласьць).
Галаўная сядзіба месьціцца ў Савецкім раёне Менску па вул. Кульман, д. 2/1[2]. На 2019 год прадпрыемства: 1) вырабляла электронныя трэнажоры для бранятанкавай тэхнікі, перанасных зэнітна-ракетных комплексаў (ПЗРК), процітанкавых кіраваных ракетаў (ПТКР) і стралковай зброі; 2) распрацоўвала ўзбраеньні і боепрыпасы, у тым ліку рэактыўнах сыстэмаў залпавага агню (РСЗА) «Палянэз»; 3) утылізавала, мадэрнізавала і рамантавала ўзбраеньне і вайсковую тэхніку; 4) аказвала паслугі спадарожнікавай сувязі радыёстанцыям і тэлеканалам[3].
Вырабы і паслугі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2019 год УП «Завод дакладнай электрамэханікі» выпускаў:
- радыёкіраваныя мішэнныя ўстаноўкі, ракеты-мішэні на аснове зэнітных кіраваных ракетаў (ЗКР) 5В27 ЗРК С-125, 5Я23 (20ДСУ) ЗРК С-75, 3М8 ЗРК «Круг» і 9М33 ЗРК «Аса», паветраныя мішэні на аснове рэактыўных снарадаў 9М22У, 9М28 і 9М521МБ РСЗА «Град»;
- электронныя трэнажоры «Сокал М2П» для стралковай зброі і «Сокал-ПТКР» для пуску процітанкавых кіраваных ракетаў (ПТКР) 9М111, 9М113 і 9М115;
- трэнажоры для экіпажаў, кіроўцаў і наводчыкаў баявых машынаў дэсанту і пяхоты БМД-1, БМП-1 і БМП-2, самаходных артылерыйскіх установак САУ 2С1 (2С3, 2С5), а таксама танкаў Т-55, Т-62 і Т-72[4].
Таксама завод мадэрнізаваў і рамантаваў:
- аскепкава-фугасныя рэактыўныя снарады калібрам 122 мілімэтры для РСЗА «Град», «Сьмерч» і «Ураган»;
- кантрольна-выпрабавальныя рухомыя станцыі (КВРС) 5К21 і В2-75М;
- процітанкавыя кіраваныя ракеты (ПТКР);
- 6 відаў зэнітных кіраваных ракетаў (ЗКР) — 9М37 для зэнітнага ракетнага комплексу (ЗРК) «Страла-10», 3М8 для ЗРК «Круг», 9М29 і 9М39 (9М313, 9М32) для перанаснога ЗРК «Ігла» («Ігла-1», «Страла-2»), 5В27 для ЗРК С-125 і 5Я23 (20Д) для ЗРК С-75;
- 4 віды авіяцыйных кіраваных ракетаў — P23, P24, P60 і P73;
- 5 відаў авіяцыйных некіраваных ракетаў — С5, С8, С13, С24 і С25[4].
Паслугі спадарожнікавай сувязі аказваліся праз спадарожнік «Белінтэрсат-1»[5].
Абсталяваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2019 год УП «Завод дакладнай электрамэханікі» меў:
- 5-восевы станок для загатовак памерам да 80х55 см і вагой да 800 кг;
- вэтрыкальны мэталарэжучы станок для загатовак памерам да 120х60х50 см і вагой да тоны;
- такарна-фрэзэровачны станок для вырабаў дыямэтрам да 65 см і даўжынёй да 150 см;
- вібрацыйную выпрабавальную сыстэму «AIT» мадэлі ТV59349 LS-440 ад нямецкага ТАА «Тыра» (Шалькаў, зямля Турынгія), што мела дыямэтар стала 44 см;
- кліматычную камэру КТ-ЦХВ-750 памерам 50х60х250 см для гадзіннага выпрабаваньня тэмпэратурай ад –60°С да +60°С і вільготнасьцю ад 10% да 98%;
- фарбавальна-сушыльную камэру памерам 10х4х3,5 м;
- 3 іншыя станкі — вэтрыкальны кантрольна-фрэзэрны, унівэрсальны такарна-вінтарэзны і вэртыкальна-сьвідравальны[4].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]27 траўня 2009 году ў вёсцы Станькаў Койданаўскага раёну (Менская вобласьць) заснавалі УП «Завод дакладнай электрамэханікі» («ЗДЭМ»). 29 верасьня 2010 году А. Лукашэнка падпісаў указ № 503 «Аб узнагароджаньні дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь», паводле якога ўзнагародзіў мэдалём «За працоўныя заслугі» галоўнага інжынэра «ЗДЭМ» Андрэя Курылкіна[6]. Увосень 2012 году «Завод дакладнай электрамэханікі» заключыў кантракт на пастаўку ад Кітайскай прамысловай карпарацыі (КПК) «Вялікая сьцяна» (Пэкін) Нацыянальнай сыстэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчаньня Рэспублікі Беларусь[7]. Экпартна-імпартны банк Кітаю вылучыў пад кантракт пазыку. У ліпені 2013 году «ЗДЭМ» пачаў будаваць у Станькаве наземны комплекс кіраваньня (НКК) геастанцыянарным спадарожнікам[8]. За 2014 год УП «Завод дакладнай электрамэханікі» працягнула тэрмін службы 10 000 ракетаў[9].
15 студзеня 2016 году з кітайскага касмадрома Січан (правінцыя Сычуань) у арбітальную пазыцыю 51,5° усходняй даўгаты запусьцілі спадарожнік «Белінтэрсат-1», які забясьпечыў пакрыцьцё Ўсходняга паўшар’я Зямлі[8]. У 2016 годзе «Завод дакладнай электрамэханікі» паставіў ва Ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь першыя комплексы рэактыўнай сыстэмы залпавага агню (РСЗА) «Палянэз» з далёкасьцю стральбы да 200 кілямэтраў, якія заступілі на баявое дзяжурства ў жніўні 2016 году[10]. 3 жніўня 2016 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастанову № 610 «Аб узнагароджанні Ганаровай граматай...» 2 супрацоўнікаў заводу — вядучага інжынэра Ігара Данцова і намесьніка галоўнага канструктара Юрыя Чорнага — за значны ўклад у стварэньне і пасьпяховае выпрабаваньне айчыннага ракетнага комплексу «Палянэз»[11].
8 красавіка 2019 году кіраўнікі «ЗДЭМ» і расейскага УП «Касьмічная сувязь» (Масква) Анатоль Ваньковіч і Юры Прохараў падпісалі Пагадненьне аб супрацы, што прадугледжвала перавод загрузкі зь «Белінтэрсату-1» па заканчэньні тэрміну службы ў 2031 годзе на сумесны спадарожнік «Экспрэс-АМУ6» у арбітальнай пазыцыі 53° усходняй даўгаты, які бакі дамовіліся стварыць[12].
У лістападзе 2022 году завод трапіў пад санкцыі Канады, у лютым 2024 году — пад санкцыі Вялікабрытаніі[13].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Пра нас // УП «Завод дакладнай электрамэханікі», 2019 г. Праверана 8 ліпеня 2019 г.
- ^ Кантакты // УП «Завод дакладнай электрамэханікі», 2019 г. Праверана 8 ліпеня 2019 г.
- ^ РВУП «Завод дакладнай электрамэханікі» // Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Рэспублікі Беларусь, 2019 г. Праверана 8 ліпеня 2019 г.
- ^ а б в Магчымасьці прадпрыемства // УП «Завод дакладнай электрамэханікі», 2019 г. Праверана 8 ліпеня 2019 г.
- ^ Парамэтры якасьці // Праект «Белінтэрсат», 2019 г. Праверана 9 ліпеня 2019 г.
- ^ Дзяржаўнымі ўзнагародамі Беларусі адзначаныя 42 работнікі розных сфэраў дзейнасьці // Газэта «Зьвязда», 2 кастрычніка 2010 г. Праверана 9 ліпеня 2019 г.
- ^ Лукашэнка: Галоўнае для мяне — бясьпека грамадзян і абараназдольнасьць краіны // БелаПАН, 12 красавіка 2016 г. Праверана 9 ліпеня 2019 г.
- ^ а б Гісторыя праекта // Праект «Белінтэрсат», 2019 г. Праверана 9 ліпеня 2019 г.
- ^ Лукашэнка: Беларусь у ваеннай сфэры будзе і ў далейшым прытрымлівацца толькі абарончай стратэгіі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 3 лістапада 2015 г. Праверана 9 ліпеня 2019 г.
- ^ Чвэрць стагодзьдзя – на варце міру і незалежнасьці // Першы Нацыянальны канал Беларускага радыё, 20 сакавіка 2017 г. Праверана 9 ліпеня 2019 г.
- ^ Андрэй Кабякоў. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 3 жніўня 2016 г. № 610 «Аб узнагароджаньні Ганаровай граматай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь» // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 6 жніўня 2016 г. Праверана 9 ліпеня 2019 г.
- ^ ФДУП «Касьмічная сувязь» (Расея) і РВУП «Завод дакладнай электрамэханікі» (Беларусь) падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве ў галіне спадарожнікавай сувязі // Праект «Белінтэрсат», 8 красавіка 2019 г. Праверана 9 ліпеня 2019 г.
- ^ Республіканське виробниче унітарне підприємство "Завод точної електромеханіки"
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Звароты грамадзянаў // УП «Завод дакладнай электрамэханікі», 2019 г. Праверана 8 ліпеня 2019 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |