Перайсьці да зьместу

Дэвонскі пэрыяд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Дэвон (дэвонскі пэрыяд, дэвонская сыстэма) — геалягічны пэрыяд у палеазоі. Пачаўся каля 416 млн, скончыўся 360 млн гадоў таму. Працягласьць дэвону — 56 млн гадоў. Гэты пэрыяд багаты на біятычныя падзеі. Жыцьцё вірліва разьвівалася і засвойвала новыя экалягічныя нішы.

Дэваншыр, або Дэван — графства ў паўднёва-заходняй Ангельшчыны, на тэрыторыі якога распаўсюджаны геалягічныя пароды гэтага пэрыяду. Хоць скальныя асновы, якія вызначаюць пачатак дэвонскага пэрыяду, даволі выразныя, дакладная іх датыроўка неадназначная. Паводле Міжнароднай камісіі па стратыграфіі (па-ангельску: International Commission on Stratigraphy, Ogg, 2004) дэвон доўжыўся з канца сылюру (416,0 ± 2,8 млн гадоў таму) да пачатку карбону (359,2 ± 2,5 млн гадоў таму).

У паўднёвым паўшар’і Зямлі адзіным кантынэнтам зьяўлялася Гандвана. Эўропа і Паўночная Амэрыка ўтваралі адзіны кантынэнт Эўрамэрыка, або кантынэнт чырвонага пясчаніку. Пасярэдзіне яго падзялялі Скандынаўскія горы й Апалачы. На поўначы ад Эўрамэрыкі месьцілася Ангарыда, на ўсход – блёкі Цэнтральнае Азіі й Кітаю. Невялікія кантынэнты роўнікавага пасу сутыкаліся, утвараючы горныя сыстэмы. Узровень акіяну паніжаўся, утвараліся вялізныя азёрна-балотныя плошчы.

Росквіту ў дэване дасягнулі рыбы й рыбападобныя, а таксама астракоды, плечаногія, каралы, канадонты, вапняковыя водарасьці. Распачалося масавае расьсяленьне расьліннасьці на сушы, першымі ў гэтай справе былі псыляфіты, якія зьніклі пад канец пэрыяду. У позьнім дэване ад саркаптэрыгіяў узьнікаюць земнаводныя, якія робяцца першымі хрыбетнымі, здольнымі нейкі час знаходзіцца на сушы.

Стратыграфічны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэвонскі пэрыяд падзяляецца на тры эпохі й сем вякоў:

Распаўсюджаньне на тэрыторыі Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэвонскія адклады распаўсюджаныя на большай частцы тэрыторыі Беларусі, галоўным чынам на поўначы й усходзе. У Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцях амаль адсутнічаюць. Падчас досьледаў дэвонскае іхтыяфаўны Беларусі выяўлена 19 комплексаў і тры падкомплексы хрыбетных, а таксама 23 іхтыязоны, якія збольшага суадносяцца з гарызонтамі або іх часткамі. Выяўлена 115 гатункаў хрыбетных, якія належаць да 90 радоў[1].

Фізычна-геаграфічныя ўмовы дэвону на Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На пачатку пэрыяду большая частка сучаснае Беларусі знаходзілася на сушы. Толькі на скрайнім паўднёвым захадзе (Берасьцейская ўпадзіна, Лукаўска-Ратнаўскі горст) ад часоў сылюру застаўся невялікі марскі басэйн, у якім цягам жэдынскага веку назапашваліся глініста-карбанатныя адклады з рэшткамі фаўны плечаногіх, імшанак, астракодаў, марскіх лілеяў, трылябітаў, грапталітаў і рыбападобных. Магутнасьць ніжнедэванскіх адкладаў складае ад 39 да 75 мэтраў. Пад канец жэдынскага веку мора адышло на паўднёвы захад. Да пачатку эйфэлю тэрыторыя Беларусі ўяўляла сабой пераважна дэнудаваную раўніну.

Сярэдняму дэвону ўласьцівая тэктанічныя актывізацыя старажытных плятформаў, якая абумовіла марскую трансгрэсію, у выніку якой значная частка краіны апынулася пад вадой. Падчас пярнуска-нараўскага часу мора займала ўвесь усход рэспублікі. Басэйн зь цягам часу рабіўся ці то салёным і непрыдатным да жыцьця, і тады ў ім назапашваліся сульфатныя й далямітавыя адклады, часам каменная соль, ці то прэсным, што спрыяла ўтварэньню глінаў і карбанатаў, у якіх захаваліся рэшткі плечаногіх, астракодаў, канадонтаў ды рыбаў. У жывэцкі век плошча марскога басэйну значна скарацілася, глыбіні паменшыліся, і дзе-нідзе ўтварыліся азёры з рачнымі сыстэмамі. У іх адкладаліся пясчаныя й алеўрытава-гліністыя ападкі з рэшткамі лінгулаў, рыбаў і расьліннасьці. Агульная магутнасьць сярэднедэвонскіх адкладаў складае ад 70 да 300 мэтраў.

Цягам верхняга (позьняга) дэвону на Беларусі, асабліва ў паўднёва-усходняй частцы, адбываецца далейшае ўзмацненьне тэктанічных рухаў, распачынаецца ўтварэньне Прыпяцкага рыфтавага грабэну. На пачатку франу неглыбокі марскі басэйн заставаўся падзеленым на дзьве часткі, што часам ядналіся міжсобку – Прыпяцкага прагіну й Аршанскае ўпадзіны. Ад саргаеўскага часу дзякуючы чарговае трансгрэсіі тут усталяваўся рэжым стабільнага марскога басэйну з багатай фаўнай плечаногіх, астракодаў, караляў ды канадонтаў, дзе адкладаліся пераважна карбанатныя й глініста-карбанатныя выкапні. Пад канец франу мора адышло з паўднёвага ўсходу рэспублікі, а на тэрыторыі Прыпяцкага прагіну ўтварыўся ізаляваны вельмі салёны басэйн, які зь цягам часу пакінуў ад сябе магутную (да 1 км.) саляную тоўшчу. Тым часам ва ўсходняй частцы Прыпяцкага прагіну актыўна дзейнічалі вульканы, у выніку чаго ўтварылася значная тоўшча вульканагенных выкапняў. У фамэне мора па-ранейшаму існавала толькі ў Прыпяцкім прагіне. Пачатак фамэну быў адзначаны новай трансгрэсіяй, у выніку чаго ўтварыўся новы басэйн з рознымі ўмовамі назапашваньня ападкаў. У раньнефамэнскіх адкладах звычайна трапляюцца шматлікія плечаногія, астракоды, пэлецыподы, канадонты, ганіятыты, водарасьці. Рэгрэсія мора, што распачалася ў позьнім фамэне, давяла да пераўтварэньня Прыпяцкага мора на вялікую саляродную лягуну з радовішчамі галягенавых пародаў. Пад канец веку лягуна зрабілася прэснай і зноўку сталася марскім басэйнам, у якім адклалася магутная тоўшча тэрыгенава-карбанатных, карбанатна-гліністых ды туфагенна-ападкавых пародаў. Агульная магутнасьць адкладаў позьняга дэвану складае 60-186 мэтраў у Аршанскай упадзіне і ад 500 м. да 3 км. у Прыпяцкім прагіне.

З дэвонскімі адкладамі ў Беларусі павязаныя радовішчы нафты й газу (Рэчыца, Асташкавічы, Давыдаўка, Віша), калійных ды каменных соляў (Старобін, Петрыкаў, Мазыр), гаручых сланцаў (Тураў, Любань), далямітаў (Віцебскі раён), тэрмальных і мінэральных водаў.

Белорусская ССР: Краткая энциклопедия в 5 т. / Ред. колл.: П. У. Бровка и др. — Мн.: Гл. ред. Белорус. Сов. Энциклопедии, 1979. — Т. 2. Природа. Экономика. Народное благосостояние. — 768 с. — 50 000 экз

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэвонскі пэрыядсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

  1. ^ Д.В.Плакс О девонской ихтиофауне Беларуси(недаступная спасылка)