Дабраўляны (Смаргонскі раён)
Дабраўляны | |
трансьліт. Dabraŭliany | |
Палац Гюнтэраў у Дабраўлянах | |
Былая назва: | Дуброва |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гарадзенская |
Раён: | Смаргонскі |
Сельсавет: | Жодзішкаўскі |
Насельніцтва: | 83 чал. (2009)[1] |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1592 |
Паштовы індэкс: | 231000 |
СААТА: | 4256817069 |
Нумарны знак: | 4 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°47′15″ пн. ш. 26°24′12″ у. д. / 54.7875° пн. ш. 26.40333° у. д.Каардынаты: 54°47′15″ пн. ш. 26°24′12″ у. д. / 54.7875° пн. ш. 26.40333° у. д. |
± Дабраўляны | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Дабраўля́ны[2] — вёска ў Смаргонскім раёне Гарадзенскай вобласьці. Уваходзіць у склад Жодзішкаўскага сельсавету. На поўначы вёскі цячэ рака Вяльля. На захад ад вёскі знаходзяцца тры возеры Буякі[3].
У другім разьдзеле краязнаўчай кнігі Чэслава Янкоўскага «Ашмянскі павет: матэрыялы па гісторыі зямлі і народа» (1897) ёсьць зьвесткі, што Дабраўляны (Дубровляны) першапачаткова называліся Дуброва[4].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя зьвесткі пра вёску адносяцца да XVI стагодзьдзя, калі ім валодалі ашмянскія абывацелі Зяновічы. Ад іх Дабраўляны перайшлі да Ашмянскага падкаморніка Адама Роскага. У 1526 годзе Дабраўляны згадваюцца як валоданьне Леона Роскага Барэйшы.[5]. Потым вёскай валодалі Сьвірскія (1529, 1534, 1545, 1554); пасьля ізноў Роскія (1567, 1573, 1584; 1590, 1595); Стаброўскія (1647); Войцех Жабінскі (1650); Падбіпяткі (1650).
У 1719 годзе маёнткам валодаў Якуб Дунін з Скрына (каля 1680—1730), гербу «Лебедзь», у якога былі дзеці Аляксей Дунін (пам. 1750) і Варвара Ўршуля з Дуніных княгіня Сангушка (1718—1791). У 1744 Якуб Дунін прадае маёнтак за чвэрць мільёну злотых свайму зяцю — князю Паўлу Каралю Сангушку (1685—1730), гербу «Літоўская Пагоня». З 1775 году маёнткам валодаў яго сын — князь Геранім Сангушка (1743—1812), апошні ваявода валынскі.
У 1785 годзе ён прадаў маёнтак Марыяне Абрамовіч і яе сынам — Андрэю і Яўхіму. У 1787 годзе маёнткам валодаў Яахім Абрамовіч. З 1811 году яго сын — Ігнат Абрамовіч. У 1818 годзе Ігнат Абрамовіч, які дасягнуў паўналецьця, прадаў у растэрміноўку маёнтак графу Адаму Гюнтэру фон Гэйльдэльшэйму, а сам зьехаў жыць у Парыж.
У 1824 г. граф Адам Гюнтэр і яго жонка Аляксандра Канстанцыя Гюнтэр з Тызэнгаўзаў (пам. у 1843) заклалі вуглавы камень пад новы палац у Дабраўлянах. Дзякуючы іх намаганьням, сядзіба Гюнтэраў ператварылася ў сапраўдны культурны цэнтар для мясцовага дваранства. Правінцыйная жыцьцё ў Дабраўлянах першай паловы ХІХ стагодзьдзя добра апісаны ў мэмуарах іх малодшай дачкі — Альбіны Габрыелы Пузыны з Гюнтэр (1815, Вільня — 16.08.1869, Гарадзілава). Падчас паўстаньня 1831 году граф Адам Гюнтэр увайшоў у склад паўстанцкага Часовага ўраду Сьвянцянскага павету, за што пазьней паўстаў перад судом[6].
У 1851 годзе Адам Гюнтэр падзяліў сваю маёмасьць паміж трыма дочкамі: Мацільдай Бучынскай, Ідай Мастоўскай і Габрыеляй Пузына. У грашовым эквіваленце на долю кожнай зь сясьцёр прыпадала па 116 992 рублі срэбрам і 33 1/3 капеек. Тады Мацільда ўзяла сабе Дабраўляны і фальварак Надбрэзьзе з даплатай сёстрам па 21 326 рублёў срэбрам. Іда Мастоўская ўзяла сабе Старыцу ў Ігуменскім павеце, якую бацька набыў у Стэфаніі Радзівіл. Габрыеле Пузына дасталіся маёнткі Забалаць і Нястанішкі ў Сьвянцянскім павеце, зь вёскамі і засьценкамі, а таксама Ігумен у Дзісенскім павеце. У Нястанішках, за чвэрць вёрсты ад парафіяльнага касьцёлу, Габрыеля пабудавала сабе сядзібу і назвала яе Патулін.
З сакавіка 1862 і да 22 лютага 1864 году ў Дабраўлянах хаваўся ад перасьледу царскай адміністрацыі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. У сакавіку 1862 году часовы ваенны губэрнатар Менскай губэрні генэрал-маёр Кушаль разаслаў цыркуляр, у якім было напісана: «Па атрыманых мною праўдзівых зьвестках высьвятляецца, што памешчыкам Марцінкевічам напісаны на народнай беларускай мове абуральны верш пад назвай „Гутарка старога дзеда“, што мае на мэце ўзбудзіць сялянаў заходніх губэрняў супраць урада, … і што г. Марцінкевіч стараецца распаўсюджваць свой твор… сярод простага народу». Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч знайшоў прытулак у Дабраўлянах у Мацільды Бучынскай. Пасьля таго як маёнтак Дабраўляны быў сэквэстраваны, з 22 лютага 1864 году вымушаны быў пераехаць у найбліжэйшае мястэчка Сьвір, дзе пражываў паўгоду да самага свайго арышту[7].
У 1881 годзе Дабраўляны належалі генэрал-лейтэнанту сьвіты Яго Імпэратарскай Вялікасьці Станіславу Хамінскаму (1804—1886)[8], гербу «Ліс», уладальніку маёнтку ў Альшэва (цяпер вёска ў Мядзельскім раёне). У 1886 годзе Дабраўляны дасталіся яго сыну Зыгмунту Хамінскаму на Бакштах (1860—1888), які гэты маёнтак разам зь іншымі ў Сьвіры і Сідорышках прайграў у карты[9]. Першая жонка Зыгмунта памерла 9 лютага 1888 году ў Дабраўлянах. Францішцы Хамінскай (у дзявоцтве Горват) было 24 гады і яе пахавалі ў Канстанцінава каля Сьвіру. Ад гэтага шлюбу ў яго быў сын Станіслаў Караль Юзэф Хамінскі (нар. у 1886 г.). Другой жонкай была Юзэфа Скірмунт (1863—1899), зь якой абвянчаўся 6 жніўня 1889 гаду ў Вільні. Ад гэтага шлюбу нарадзіўся сын Жыгімонт. Каля 1910 гады ён ажаніўся ў трэці раз на Канстанцыі Фокс-Патоцкай (1890—1982).
Да 2016 году ўваходзіла ў склад Лылойцінскага сельсавету[10].
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 2009 год — 83 чалавекі[1]
- 1999 год — 136 чалавек
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Колькасьць насельніцтва Беларусі на кастрычнік 2009 году
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf) С. 352
- ^ Буяки озера (3 озера б.н. — хут. Буяки Сморгонский р-н Гродненская обл.)
- ^ Jankowski Czesław. Powiat oszmiański: materjały do dziejów ziemi i ludzi.-Cz.II.- 1887.-s.31.
- ^ Памяць: Гісторыка-дакумэнтальная хроніка Мядзельскага раёну. — Мінск, «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, 1998.- С.79.- ISBN 985-11-0107-9
- ^ Драўніцкі Я. Антыцарскае паўстанне 1831 года на Віленшчыне// Нашы карані.Ілюстраваны часопіс краязнаўцаў Паазер’я. Паставы: Сумежжа. — №5, студзень-сакавік 2003 г. — С.14.
- ^ Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мядзельскага раёна. — Мн., 1998. — С.110. - ISBN 985-11-0107-9
- ^ Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — T.IV. Województwo wileńskie. Dobrowlany. — Warszawa-Kraków, 1993. — S.75-79.
- ^ Гіль М., Драўніцкі Я. Былыя сядзібы і паркі Паазер’я. Мядзельшчына. — Паставы: Сумежжа, 2008. - С.7.
- ^ РЕШЕНИЕ ГРОДНЕНСКОГО ОБЛАСТНОГО СОВЕТА ДЕПУТАТОВ 31 мая 2016 г. № 143 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Сморгонского района Гродненской области
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Дулеба Г. І. З гісторыі населеных пунктаў // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Смаргонскага раёна : Рэд. кал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 2004.